Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Маляр з душою мастака

Праз невялічкую рачулку, парослую хмызняком і асакою, перакінуты драўляны масток. Ён, самаробны, парэпаўся ўжо ад старасці, але яшчэ трывае, па-ранейшаму служыць людзям. І мае да болю знаёмы выгляд. Быццам некалі, яшчэ ў дзяцінстве, дрыготкімі нагамі прыходзілася ступаць на яго, каб перайсці на другі бок… Сюжэт немудрагелісты, колеравая гама някідкая, але ўсё такое роднае і блізкае. Думаю, у многіх віляйчан якія маюць дома карціны з пейзажам накшталт гэтага, жыццё нейкім чынам звязана з рамонтным заводам, а іх шляхі перакрэсліваліся са шляхамі Эдуарда Тумаша. На жаль, у гэтым годзе скончыўся адлік яго крокаў па зямлі. Засталася толькі памяць – і карціны. А яшчэ – светлыя ўспаміны родных, калег, суседзяў.

Сёння хапае тэлесюжэтаў і жыццёвых гісторый пра разнастайныя «суседскія войны», ад якіх становіцца страшна. Значна менш выпадкаў станоўчых, калі людзі, якія жывуць па той бок плоту, становяцца нібыта членамі сям’і. Але менавіта добрасуседскія адносіны, успамінае Людміла Валынец, былі паміж імі і суседзямі Тумашамі. Сказаць «суседзямі» – значыць, не сказаць нічога, – за дваццаць пяць год, што жылі побач, яны сталі амаль сваякамі. Аб’ядноўвала і месца працы – рамонтны завод. Службе на заводзе сама Людміла Іосіфаўна аддала амаль трыццаць год – была кастэлянкай у інтэрнаце, а зараз наводзіць парадак у службовых памяшканнях адміністрацыйнага корпуса.
Атрымаўшы прафесію маляра, на рамонтны завод Эдуард Тумаш прыйшоў у студзені 1979 года. У штат яго залічылі маляром-афарміцелем, а з 1987 года перавялі на пасаду мастака-афарміцеля. На першым плане былі, канечне ж, рабочыя абавязкі, а заняткам для душы стала стварэнне карцін. Дзе чэрпаў натхненне мастак-аматар? Заўзяты рыбак і грыбнік, ён трапным вокам заўважаў хараство вакол сябе. Мог прынесці з лесу або з рыбалкі адметную галінку ці дзіўную расліну – і адлюстраваць яе потым на нейкай з карцін. Або, сочачы за паплаўком, мог да драбніц запомніць патаемную рыбную мясціну, каб потым перанесці яе на палатно. «Па просьбе працоўных», як часам кажуць, Эдуард Тумаш мог намаляваць і нацюрморт. А на ім – галінка бэзу, ружы, півоні, ліліі… Для выхаду на прыроду яму нават выдзяляўся адзін дзень у тыдзень. Бываючы ў розных куточках Вілейскага краю, так ён знаходзіў сюжэты для новых работ. І стала добрай традыцыяй кожнаму работніку завода, які адзначаў юбілейную дату або выходзіў на заслужаны адпачынак, дарыць карціну, напісаную Пятровічам – «уласным» мастаком рамзавода.
Дома ў Эдуарда Тумаша была невялічкая майстэрня, дзе, напэўна, ён і напісаў аднойчы абраз з выявамі Маці Божай, Святога Іосіфа і Ісуса. Замест шпалер у хаце Тумашаў, успамінае Людміла Валынец, былі карціны, а пярэдні пакой Пятровіч аформіў як бярозавы гай. У якім нават электрычная разетка была замаскіраваная пад сучок на дрэве. Неяк намаляваў Пятровіч на сцяне сваёй веранды пейзаж – не забыўся і пра суседзяў. З паездкі ў Польшчу, расказала Людміла Іосіфаўна, дачка прывезла фотаздымак – выявы камяністай мясціны з вадаспадам і зараз упрыгожваюць іх веранду. Трывалыя падбіраў мастак фарбы – згодна тэхналогіі. Многія звярталіся да Пятровіча, каб нешта намаляваў для іх, цягнуліся ў двор да Тумашаў і дзеці. Ніна Мікалаеўна, жонка, суседскіх дзяўчынак называла «прынцэскамі», а хлопчыкаў – піражкамі: «Глядзі, – звярталася да мужа, – што за піражок да нас прыйшоў!». А сама вафляў напячэ – і частуе дзетак. Тыя ад пачастунку бабы Ніны – так яе ўсе звалі – не адмаўляліся, а яшчэ былі не супраць паслухаць, як грае на гармоніку дзед Эдзік. Тумашы выгадавалі траіх сыноў, ва ўсіх – свае дзеткі. У іх двары пад вінаградам збіраліся суседзі, вялі размовы, пад гукі гармоніка адзначалі хрысціны, праводзілі ў армію, гулялі вяселлі… Захапленнем гаспадыні заўсёды былі кветкі – яны, самыя разнастайныя, буялі перад хатай, прыцягваючы позірк хараством. Кветнік яе быў першым на вуліцы, першы агурок, першы памідор з’яўляліся на яе дагледжаным агародзе… Калі гаспадыні не стала, Пятровіч сам кожны год высаджваў кветкі, падтрымліваючы звыклыя парадак і лад. «Такі сусед, – расказала Людміла Валынец, – што за дваццаць пяць год і пасварыцца не было за што, каб і хацеў. Характар меў такі. Здаралася, прыйдзе сусед з рыбалкі, пачысціць рыбку – і адправіцца ў магазін за алеем, каб яе пасмажыць. А наш кот улезе праз фортку – і сцягне рыбу… Сусед дзівіўся, але сварыцца не ішоў. Кот жа заставаўся найлепшым сябрам – Пятровіч яшчэ і падкормліваў яго».
На семдзесят другім годзе не стала і гаспадара. Засталася памяць пра чалавека – і карціны. А напрыканцы сакавіка на рамонтным заводзе адбыўся сход акцыянераў. Мерапрыемства праходзіла ў адноўленай актавай зале і адпавядала свайму статусу. Адметным жа было тое, што да сходу была прымеркавана выстава карцін Эдуарда Тумаша. Да іх падыходзілі работнікі завода, ветэраны, маладыя практыканты. Жыццё працягваецца, толькі непарушнай застаецца вечная катэгорыя – памяць.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота прадстаўлена  Аксанай ПАЎЛОВІЧ
і Людмілай ВАЛЫНЕЦ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries