Любоў да зямлі, дзе яго карані, жыве, відаць, у генах чалавека. У гэтым перадавая аператар машыннага даення МТФ «Камена» ААТ «Сцешыцы» Надзея Вяль пераканалася на сабе.
Яна нарадзілася і закончыла дзевяцігодку ў Казахстане, куды яе бацька, хлопец з вілейскай Сасноўшчыны, у маладосці паехаў на заробкі. Там знайшоў працу, сустрэў сваё каханне, стварыў сям’ю. У ёй і нарадзілася дачка Надзея, якая, прыязджаючы ў дзяцінстве на малую бацькаву радзіму, адчувала, як кліча яе да сябе вілейская зямля.

– Закончыўшы дзевяць класаў, я цвёрда вырашыла ехаць да цёткі ў Сасноўшчыну, – прыгадала гады свайго юнацтва Надзея Барысаўна. – Прыехала – і засталася. Усё мне тут спадабалася, і людзі тут адметныя – шчырыя, чулыя, гатовыя падтрымаць і дапамагчы. На ферме працую з 1999 года.
На Вілейшчыне Надзея не толькі знайшла працу, але і сустрэла сваё каханне – Уладзіміра з Пагоста. Маладыя стварылі сям’ю, сталі жыць у бацькоўскім доме мужа. Тут нарадзіліся, выраслі і выйшлі ў людзі іх дзеці – дачка і сын, тут Надзея Барысаўна і Уладзімір Уладзіміравіч жывуць і цяпер. А разам з імі – мужава маці Браніслава Іванаўна. У мінулым даярка, яна ў свой час стала для нявесткі не толькі другой маці, але і настаўніцай у прафесіі. Яе мудрыя парады ды дапамогу Надзея цэніць. Вось і цяпер, калі сын з нявесткай шчыруюць на ферме (Уладзімір Уладзіміравіч таксама жывёлавод), Браніслава Іванаўна дапамагае ўпраўляцца па сваёй гаспадарцы. А на падворку сям’і Вяль вунь колькі жыўнасці – карова, свінні, куры. Усё як у дбайных сельскіх гаспадароў.
– Раніцой на працу выязджаем у пяць з «хвосцікам» – аўтобус нас адвозіць на ферму і прывозіць дамоў, – расказала пра свае вытворчыя клопаты Надзея Барысаўна. – Пяцьдзясят пяць каровак у маёй групе, ля іх і завіхаюся. Затым у палове дванаццатай гадзіны едзем дамоў, а ўвечары – зноў ферма. Так праходзіць кожны працоўны дзень.
Клопатаў у аператара машыннага даення хапае, але жанчына не наракае на цяжкасці. Ферма і кароўкі – гэта справа яе жыцця. Невядома, як яно склалася б там, у Казахстане, а тут, на бацькоўскай зямлі, яна свая і сумленна робіць справу, што стала галоўнай у жыцці.
Ірына БУДЗЬКО








