Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Якім быў 2011 год для вілейскіх выратавальнікаў?

Значная частка Вілейскага раёна водная прастора. Гэта разнастайныя рэчкі, азёры і самы вялікі аб’ект такога кшталту – вадасховішча. Людзей яны прывабліваюць у любую пару года: у летнюю спякоту – прахалодай, у траскучы мароз – верагодным рыбацкім шчасцем. І нават вада, якая зараз, напрыканцы сакавіка, ужо прачнулася, не ў стане разагнаць заўзятых рыбакоў, постаці якіх ўпарта цямнеюць на набраклым вільгаццю лёдзе…
Гэта праблема была адной з шэрагу тых, што назваў на выніковай нарадзе начальнік выратавальнай станцыі раённага аб’яднання выратавання на вадзе Аляксандр Роўда. З увагай слухалі яго выступленне тыя, каго непасрэдна датычыць пытанне засцярогі ад небяспечных выпадкаў – прадстаўнікі адпаведных структур і ўстаноў. Якім быў 2011 год для вілейскіх выратавальнікаў? Пра гэта быў даклад Аляксандра Фадзеевіча.

На працягу гэтага часу зроблена было шмат: расчышчаны месцы для купання, адкрыты гарадскі пляж, прыведзены ў парадак вадаёмы пры школьных лагерах, а ў месцах масавага адпачынку размешчаны стэнды з нагляднай агітацыяй. Таксама вілейскія вадалазы абследавалі два месцы для купання ў Валожынскім раёне і пяць – у Маладзечанскім. Праведзены і шэраг мерапрыемстваў па забеспячэнні бяспекі падчас правядзення масавых гулянняў (Купалле, Віллянін дзень, турзлёт). Былі падрыхтаваны 33 дружыннікі-выратавальнікі. Аляксандр Роўда адзначыў цеснае ўзаемадзеянне з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях і аддзелам унутраных спраў. Супрацоўнікі міліцыі ў любы дзень і любое надвор’е патрулявалі разам з імі на катэры раён дзейнасці выратавальнай станцыі. І гэта – вялікая справа, калі ўлічваць, што нецвярозых патэнцыяльных тапельцаў форма ўсё ж вяртае да розуму.
За 2011 год выратавальнікамі было папярэджана 168 чалавек, выратавана – 139. І ўсё ж без ахвяр не абышлося – у мінулым годзе ўтапілася 9 чалавек. Суцяшае, адзначыў начальнік выратавальнай станцыі, што непаўнагадовых сярод іх няма, і гэта тэндэнцыя захоўваецца на працягу апошніх шасці год. Што прымушае дарослых людзей лезці ў ваду? Часцей за ўсё, на жаль, нецвярозы стан.
– Не ўсюды грамадзяне разумеюць і чуюць нас, нашы парады і папярэджанні, – рэзюмаваў Аляксандр Роўда і сумна пажартаваў: – Пратрымацца б нам да 1 красавіка, калі ў сілу ўступіць афіцыйная забарона выходзіць на лёд.
І пажадаў усім прыемнага, а галоўнае – бяспечнага, адпачынку ў любую пару года.
– У справе выхавання дзяцей дробязей не бывае, – лічыць галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Станіслаў Затрымайлаў, які расказаў пра дзейнасць пярвічных арганізацый аб’яднання выратавання на вадзе, што дзейнічаюць у 15 установах адукацыі і налічваюць больш за 250 членаў – дарослых і дзяцей старшакласнікаў. Некалькі тыдняў, заўважыў Станіслаў Аляксандравіч, засталося да той гарачай пары, калі трэба будзе рыхтавацца да аздараўленчага адпачынку дзяцей. У полі зроку ў гэтай справе, найперш, вадаёмы, куды дзетвара будзе імкнуцца за прахалодай у спякоту. Агляд месцаў для купання спецыялістамі – адна з задач паспяховага адпачынку, якую педагогі рашаюць сумесна са спецыялістамі станцыі. Акрамя таго, ва ўсіх установах адукацыі аформлены куткі бяспекі. На выратавальнай станцыі школьнікаў заўсёды сустракаюць гасцінна: супрацоўнікі расказваюць пра спецыфіку сваіх абавязкаў, паказваюць вадалазную амуніцыю, праводзяць інструктаж. І нават могуць прапанаваць прагулку на катэры і пачастунак – юшку. Таму і звяртаюцца нярэдка да Станіслава Затрымайлава школьнікі з пытаннем: «Калі мы зноў пойдзем на «выратавалку»? А там, дадаў Аляксандр Роўда, чакаюць не толькі школьнікаў – усіх жадаючых, у тым ліку і бацькоў з дзецьмі.
Алег Гаўрышчук, начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, расказаў пра тую работу і мерапрыемствы ў рамках яе, што пра-водзяцца сумесна са службай выратавання на вадзе. Гэта, найперш, аздараўленчая кампанія – у актыве аддзела спорту дзве спартыўныя школы і цэнтр фізкультурна-аздараўленчай работы «Сатурн». Толькі ў аддзяленні плавання займаецца больш за сто навучэнцаў, і за той невялікі час, што існуе гарадскі басейн, ёсць ужо дастойныя вынікі ўдзелу ў раённых і абласных спаборніцтвах, заўважыў Алег Георгіевіч.
– А гэта значыць, мы не стаім на месцы, рухаемся наперад, – дадаў ён.
Магчымасць асвойваць плаванне ў басейне – добрае выйсце для таго, каб і моладзь, і сталыя людзі больш падрыхтавана падыходзілі да летняй кампаніі. І першых, і другіх берагі вадасховішча прывабліваюць у спякоту нібы магнітам. Ды і наглядная агітацыя раённай арганізацыі аб’яднання выратавання на вадзе, размешчаная ў басейне, нагадвае жыхарам горада пра тое, што вада жартаў не прымае. Арганізацыя і ўтрыманне месцаў масавага адпачынку ў адпаведным стане – таксама адна з сумесных задач аддзела спорту і выратавальнікаў. І спецыялісты сваю справу ведаюць.
Слова ўзяў вадалазны спецыяліст Мінскага абласнога савета аб’яднання выратавання на вадзе Міхаіл Храпавіцкі:
– У 2011 годзе ў Мінскай вобласці прасочваецца зніжэнне гібелі на вадзе – прыкладна ў два разы людзей у нас загінула менш. Але ў той жа час гэта не гаворыць пра тое, што мы павінны расслабіцца і менш працаваць. У тым, што загінула мала людзей, ёсць і вялікая заслуга вашай раённай арганізацыі. За мінулы год у Мінскай вобласці на вадзе загінуў 121 чалавек, з іх – 8 – дзеці. Гэта, канечне, лічба вялікая, гэта нашы людзі, нашы суайчыннікі. Што мы можам у гэтым плане зрабіць? Гэта, канечне, прафілактыка, – пастаянныя размовы ў калектывах, школах. Кропля, як вядома, і камень точыць…
Міхаіл Фёдаравіч пажадаў творчых поспехаў нашай раённай арганізацыі. А яшчэ ён павіншаваў выратавальнікаў з надыходзячым святам – 25 красавіка споўніцца роўна 140 год, як утворана служба выратавання на вадзе. Цяжка назваць колькасць выратаваных за гэты час жыццяў, колькасць прынятых мер засцярогі ад небяспечных выпадкаў. Але нязменным застаецца галоўнае: бяспека кожнага толькі ў яго руках. Як чалавек сябе паводзіць – так і ставіцца да свайго жыцця, так шануе яго і спакой сваіх блізкіх.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота аўтара


Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 189 queries