Звацца грамадзянінам сваёй краіны і быць ім – не зусім адназначныя паняцці. Самім фактам свайго нараджэння чалавек яшчэ не заяўляе пра сябе як асобу. Пройдзе нямала часу: ад маленства да даросласці, пакуль мы ўсвядомім, нарэшце, чым абавязаны гэтаму свету – бацькам, школе, зямлі – увогуле, усяму грамадству, якое стварае для нас камфорт светаадчування, ахоўвае сваімі законамі ад знешніх праяў і ўплываў, што могуць быць шкодныя для душ нашых і сэрцаў. І галоўны з гэтых Законаў, на якім грунтуюцца ўсе астатнія, – Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Дзень, якім датуецца яе прыняцце, – своеасаблівае свята. Так успрымаюць яго сапраўдныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, вітаючы незалежнасць краіны, яе права на самавызначэнне, правы і свабоды кожнага з нас. Тая ўзроставая мяжа, якую дасягае чалавек, што атрымоўвае пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, ужо можа сведчыць аб яго фарміраванні як асобы, не толькі фізічным, але і духоўным сталенні. Адпаведныя ў чалавека павінны быць і адносіны да свайго першага галоўнага дакумента з выяваю сімвалаў нашай дзяржаўнасці. У такім рэчышчы ішла размова на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным уручэнню пашпартаў маладым грамадзянам Вілейшчыны. Праходзіла яно ў выставачнай зале краязнаўчага музея. І сабрала не толькі віноўнікаў урачыстасці, але і гасцей, сярод якіх – прадстаўнікі мясцовай улады, што прыйшлі раздзяліць з юнымі грамадзянамі іх уражанні ад неардынарнай, хвалюючай і, безумоўна, радаснай падзеі.
У прывітаннях, што прагучалі ў гэтым зале, былі шчырыя пажаданні. Іх заўсёды адрасуюць маладым, калі тыя перажываюць свой лёсавызначальны час.
Яўген Сініла, старшыня раённага выканаўчага камітэта:
– Я так разумею, што на сённяшняй урачыстасці прысутнічае не проста моладзь. Сюды запрошаны тыя, хто ўжо чагосьці дасягнуў у жыцці – выдатнікі вучобы, удзельнікі і пераможцы алімпіяд. Такім чынам, сцвярджаючы сябе, вы здзейснілі ўчынкі, якія робяць вам гонар. Хачу, каб кожны з вас выбраў сабе прафесію па душы. І няхай гэты выбар зробіць ваша жыццё шчаслівым, вартым звання грамадзяніна незалежнай Беларусі.
Ігар Спільнічэнка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, нагадаў, што, ведаючы свае правы, якія вынікаюць з Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, варта не забываць і аб абавязках. Наша краіна, зазначыў дэпутат, сёння гучыць, займае дастойнае месца ў геапалітычнай прасторы. І менавіта таму, што вядзе незалежную, міратворную палітыку, мае адчувальныя поспехі ў эканамічнай дзейнасці. Беларускія трактары, аўтамабілі карыстаюцца попытам на сусветным рынку.
Свае пажаданні адрасавала юным і старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч, нагадаўшы, што важнейшае права грамадзяніна, згодна Асноўнага Закона краіны, – выбіраць і быць выбраным. І для прысутных літаральна праз пару год наступіць момант, калі яны ўпершыню змогуць прагаласаваць, зрабіць свой выбар, згодна голасу ўласнага сумлення і грамадзянскай пазіцыі.
Што ўяўляюць сабой Дзяржаўны сцяг Беларусі, яе герб? Які сэнс укладваецца ў слова «гімн»? Экспрэс-апытанне настройвае маладых на тую дзею, дзеля якой і праводзіцца ўрачыстае мерапрыемства. Пашпарты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь уручае начальнік аддзялення па грамадзянству і міграцыі раённага аддзела ўнутраных спраў Марына Смаленская. Разам з ім хлопцы і дзяўчаты атрымоўваюць па-мастацку аформленае выданне – кнігу «Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь». Прадстаўнікі мясцовай улады віншуюць віноўнікаў урачыстасці, кожнаму з якіх вядучая дае кароткія, але вычарпальныя характарыстыкі. Яны сапраўды сведчаць за тое, што сённяшнія імяніннікі дарослае жыццё ў статусе грамадзян пачнуць зусім не з чыстага ліста. Аляксандр Занкевіч, вучань гімназіі № 1 «Логас», – пераможца рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы. Іван Адамовіч з гімназіі № 2 – таксама ўдзельнік алімпіяднага руху, нядаўна заняў другое месца на раённым конкурсе «Пісьмо абаронцу Айчыны». Паліна Казлова, якая прадстаўляе сярэднюю школу № 1 – удзельніца тэатральнай студыі «Вілейскія забаўлянкі». Наталля Каркоцкая, вучаніца трэцяй гарадской школы, – пераможца другога этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па беларускай мове, а Кацярына Лабэцкая лічыцца адной з лепшых спартсменак СШ №5…
Віншуе юных жыхароў Вілейкі, якія ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі пашпарты ў знамянальную для краіны дату – Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Любоў Міхайлава. Мерапрыемства, арганізаванае аддзеламі па справах моладзі, ідэалагічнай работы, адукацыі райвыканкама, райаддзелам унутраных спраў, раённым камітэтам грамадскага аб’яднання БРСМ, пры падтрымцы краязнаўчага музея, стала сапраўдным святам для маладых. Яркі, адметны фон урачыстасці надалі песні, якія прагучалі ў выкананні артыстаў эстраднай студыі Палаца культуры пад кіраўніцтвам Леаніда Гайчука.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара














