Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Мастак А.Рэшэтнікоў наведаў Ільянскую школу

Аляксандр Іванавіч Рэшэтнікаў у гасцях клуба “Цікавыя сустрэчы” Ільянскай сярэдняй школы імя А.А. Грымаця

Аляксандр Іванавіч хацеў быць спеваком, музыкам, мастаком, гоншчыкам… А закончыў Беларускі палітэхнічны інстытут і з дыпломам інжынера-механіка накіраваўся на Крайнюю Поўнач будаваць дарогі і дамы. Доўгі час працаваў на поўначы. На яго шляху сустрэлася шмат цікавых людзей, гады прыбаўлялі сяброў, але родная зямля мроілася ў думках, нібы клікала да сябе.

Вярнуўшыся на радзіму, паспяхова працаваў у прамысловасці, кіраваў турыстычнай кампаніяй. Пасля выхаду на пенсію захапіла будаўніцтва аграсядзібы, у якую ўкладаў шмат часу і сілы. Усё часцей сталі наведваць музы мастацтва і паэзіі. Шмат вершаў прысвечана жанчыне, яе прыгажосці, абаяльнасці, чысціні, цнатлівасці. Вось і на карціне, якую падарыў спадар Рашэтнікаў нашай школе, юная купальшчыца.

Дзве другія карціны: “Лес ля Хатыні” і “ Нацюрморт “ яшчэ раз падкрэслілі сяброўства аўтара з прыродай, тонкае адчуванне яе стану і настрою.

Аляксандр Іванавіч з запалам распавядаў пра сваю грамадскую дзейнасць, краязнаўчыя пошукі. Члены клуба “Цікавыя сустрэчы” атрымалі поўнае ўяўленне пра падрыхтоўку да юбілея Міхала Клеафаса Агінскага, якую актыўна разгарнуў фонд “Спадчына М.К.Агінскага” (або “Новыя Агінты”. У дадзеным праекце актыўна ўдзельнічае і наша ўстанова).

Нашаму госцю вельмі спадабаліся юныя экскурсаводы з 5 “Б” класа: Рудніцкая Ганна, Савіна Дар’я, Паўловіч Надзя, якія паказалі сувязь М.К.Агінскага з Вілейшчынай.

Мы шчыра радаваліся знаёмству з цудоўным чалавекам, падарункам і надзеяй на далейшае супрацоўніцтва. Гурток “Умелыя рукі” пад кіраўніцтвам Ж.Л.Кавалёвай падрыхтаваў для госця бацік “Кветкі”, які ўручыла сама кіраўніца, а члены гуртка “Вілейшчына літаратурная” падарылі букет пад незвычайнай назвай “Кветкі для здароўя”.

Кіраўнік музея “Вілейшчына літаратурная” Ільянскай сярэдняй школы імя А.А. Грымаця Роза Канстанцінаўна ШЭРАЯ.

Фота Васіля Шэрага.


Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries