Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Стыхія выпрабоўвае, а праца ідзе

Штукарствы “Ігара” (так называўся цыклон, што накрыў нядаўна і Вілейшчыну) не засталіся незаўважанымі – збожжавыя на многіх палетках палеглі, што стварае пры ўборцы дадатковыя складанасці. Ды нічога не зробіш, з нябеснай канцылярыяй не дамовішся і тым больш не паспрачаешся – трэба ўмець працаваць у любых умовах. Пытанне забеспячэння харчовай бяспекі сёння на асаблівым кантролі, і гэта ведае кожны з хлебаробаў. Вось і шчыруюць-стараюцца яны, нашы кармільцы, выкарыстоўваючы кожную пагодлівую хвілінку.

На палетку яравога трыцікале адкрытага акцыянернага таварыства “Нарачанскія зоры”, куды мы на днях наведаліся з прыемнай місіяй – павіншаваць людзей з працоўнымі перамогамі, кіпела праца.

– На гэтым участку ужо збажына абсохла, можна працаваць камбайнам, таму тут у першую чаргу і ўбіраем, – расказаў галоўны аграном гаспадаркі Віктар Драчылоўскі. – А на полі насупраць яшчэ вільготна, за гэты час, пакуль мы тут управімся, якраз і падсохне. Тады скіруемся і туды.

На дзень нашай сустрэчы ў гаспадарцы былі ўбраны 52 працэнты плошчаў, занятых збожжавымі. Канешне ж, было б намнога болей, каб не вымушаны перапынак з-за дажджу і ўрагану. Ды тут не разважаюць пра тое, што было б, а працуюць у рэальных умовах, радуючыся кожнаму сонечнаму дню. І вынікі гэтай працы, нягледзячы ні на што, дастойныя: знакаміты сямейны экіпаж камбайнераў Аляксандра і Мікалая Гарэлікаў ужо мае на сваім рахунку намнога болей за тысячу тон збожжа, пераступіў тысячны рубеж і экіпаж у складзе камбайнера Віталя Буцько і яго памочніка Васіля Казінца. Ім уручыў падзячныя лісты першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Зубель, а падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу – яго старшыня Таццяна Лук’янава. У “Нарачанскіх зорах” павіншавалі і механізатара Ігара Карыцьку – за высокія дасягненні ў нарыхтоўцы кармоў.

Невялічкае лірычнае адступленне. За ўсёй дзеяй з цікавасцю і нават веданнем справы назіраў унук галоўнага агранома Мікіта. Трэба было бачыць, як гарэлі вачаняткі хлапчука, калі ён глядзеў на камбайны, што працавалі на полі! Міжволі падумалася, што працавітаму дзядулю падрастае дастойная змена. У гэта вельмі верыцца.

А наш шлях далей ляжаў у адкрытае акцыянернае таварыства “Новая Любанія”, дзе падзячны ліст і падарунак прымаў вадзіцель Мікалай Літвіновіч. На яго рахунку ўжо таксама тысяча тон перавезенай збажыны. Пакуль што першая. Але ніяк не апошняя – гэта бачна па настроі працаўніка. І няхай усё збудзецца!

Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 64 queries