Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Вайна апаліла іх сэрцы…

Не ведаю, ці ёсць больш несумяшчальныя паняцці, чым гэтыя – вайна і дзеці. Небяспеку, голад, холад, страх, страту блізкіх – гэта ўсё асацыіруец­ца з вайной – няпроста перажываць і дарослым. А як жа было тым, чые жыцці толькі пачаліся!

На днях давялося ў чарговы раз удзельнічаць у важнай акцыі – уручэнні юбілейных медалёў «80 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» жыхарам нашага раё­на. Пабывалі ў Асіпавіцкім сельскім Савеце, дзе медалі ўручылі траім непаўнагадовым вязням канцлагераў: Ірыне Піліпаўне Чарнецкай і Ніне Мікалаеўне Мамай з вёскі Капішча, а таксама Сямёну Аляксандравічу Чарнецкаму з Асіпавічаў. Важную місію выконваў прадстаўнік райваенкамата Аляксандр Кур’яновіч. Падарункі і найлепшыя пажаданні былым вязням адрасавалі старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Вольга Дзяруга, дырэктар Вілейскага ТЦСАН Паліна Ганчар і першы сакратар райкама БРСМ Дзіяна Рагозіна.


– Ніколі не забуду тое, што мы перажылі, – па­дзялілася Ірына Піліпаўна.  – Вось тут, у нашай вёсцы, нас ледзь не спалілі – ужо гналі ўсёй вёскай да будыніны. Плакалі дзеці, галасілі жанчыны, прадчуваючы непапраўнае… А потым немцы нешта гаварылі паміж сабой, абмяркоўвалі. Відаць, прыйшоў ім нейкі загад. Пасля пагналі ўсіх нас пешшу ў Вілейку, па дарозе двух чалавек расстралялі. У Вілейцы пагрузілі нас у вагоны, што вазілі скаціну, і павезлі…
Так пачаўся шлях у нямеччыну, дзе людзей чакалі непасільная праца, голад, холад, здзекі.
І цяпер, праз столькі дзясяцігоддзяў, жанчына прыгадвае перажытае са слязьмі на вачах і не перастае паўтараць: «Каб такое болей ніколі не паўтарылася…».

Дзеля гэтага не шкадавалі сваіх жыццяў нашы дзяды і бацькі, якія змагаліся на франтах, у партызанскіх атрадах, у тыле ворага. Дзеля светлай будучыні сваіх нашчадкаў пераадолелі ўсе цяжкасці, выжылі і яны, дзяўчынкі і хлопчыкі ваеннай пары, дзяцінства якіх накрыла сваім чорным крылом вайна. Мы памятаем гэта і ўдзячны вам, людзі, што перажылі тое страшнае ліхалецце.

Ірына БУДЗЬКО/фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 144 queries