Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

90 год ветэрану Вялікай Айчыннай вайны

Напісаць пра аднаго яе земляка, чалавека заслужанага, з багатай біяграфіяй, старшыня Рабунскага сельсавета Ірына Супрановіч прапаноўвала яшчэ раней. Пазнаёміцца з ім, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Дзмітрыем Васільевічам Салаўёвым, выпала зусім нядаўна. Год назад ветэран пахаваў сваю жонку, Еўдакію Ягораўну, і застаўся адзін, таму на гэту зіму бацьку забраў да сябе сын Аляксандр, які жыве з сям’ёй у Макаўі. Дзмітрый Васільевіч разумее, што яму, без малога дзевяностагадоваму чалавеку, цяжка аднаму, а тут, пры родных людзях – у даглядзе, чысціні і цеплыні. Усё гэта так, а вось пра родную Рабунь думаецца пастаянна: як там суседзі, што ў іх новага?

На парозе кватэры нас сустрэў сам Дзмітрый Васільевіч. Калі шчыра, дык я спачатку нават разгубілася: няўжо гэтаму маладжаваму на выгляд чалавеку ў лютым спаўняецца дзевяноста? Аказваецца, так, а што добра выглядае, дык здаровы лад жыцця сказваецца: Дзмітрый Васільевіч не захапляецца спіртным, даўно кінуў курыць, ніколі не цураўся працы.
– Якія навіны ў вёсцы? Як бацька? – нібы роднага чалавека,сустрэў ён старшыню сельсавета Ірыну Супрановіч. Было бачна, што Дзмітрый Васільевіч вельмі рады гэтай сустрэчы. І першыя словы – пра родную Рабунь…
Маленькая радзіма ветэрана на Магілёўшчыне. Адтуль ён, зусім малады хлопец, паехаў на працу аж на карэла-фінскім заводзе, дзе і даведаўся пра пачатак вайны. Першай думкай была адна: хутчэй дамоў! Паспрабаваў дабірацца праз Маскву – няма праезду. На Ленінград – тое самае. Вырашыў ехаць праз Украіну. Разам з такім жа маладзенькім хлопцам-беларусам Салаўёў дабраўся да Харкава, непадалёк ад якога трапіў пад бамбёжку. Ужо тут смерць была зусім побач…
– Дабраліся ж да першага ваенкамата і пачалі прасіцца на фронт, – прыгадвае Дзмітрый Васільевіч. – Памятаю, ваенком тады па-бацькоўску астудзіў наш пыл: «Дзеці вы мае, куды вам ваяваць? Адпраўлю вас у саўгас, дзе патрэбна ваша дапамога». Так трапілі ў саўгасную брыгаду. Пазней гаспадарка была эвакуіравана ў Сталінградскую вобласць. Вось цяпер збылася мая мара – забралі ў армію. Холадна было, зіма. Праводзілі мяне чужыя людзі. Адна немаладая жанчына дала ў дарогу іконку святога Антонія, якую я пранёс праз усю вайну, і пісьмо ад куль і снарадаў. Цяпер вось думаю, што, магчыма, гэта і выратавала мяне…
Перадавая, школа малодшых камандзіраў, фронт, кантузія, адступленне, лагер, вагон з пленнымі і ўцёкі – усё гэта перажыў Дзмітрый Васільевіч. А пасля была ўжо родная зямля, партызанскі атрад. Адсюль адважны хлопец з сябрамі хадзіў на заданні (падрывалі варожыя цягнікі, абстрэльвалі паліцаяў). Акрамя баявых дзеянняў, партызаны праводзілі вялікую работу сярод насельніцтва – друкавалі і распаўсюджвалі лістоўкі з праўдай пра падзеі на фронце і пра сапраўдныя мэты «вызваліцеляў». А затым з новым папаўненнем Салаўёў зноў трапіў на фронт, дайшоў да Кенігсберга, дзе і сустрэў перамогу. Думаў, усё, цяпер – дадому, пачнецца мірнае жыццё. Не атрымалася. Давялося Салаўёву несці службу яшчэ і ў Манголіі, Кітаі. Служыў у штабе тапаграфічнага ўзвода.
– А смерць і сапраўды не раз хадзіла побач, – дзеліцца ветэран. – Было, што міна ўпала перада мной і… не ўзарвалася. А неяк выратавала сапёрная лапата – адбіла асколак, які трапіў бы ў мяне. Можа, шчаслівы я чалавек, а можа, ратавалі мяне іконка ды пісьмо-замова ад куль і снарадаў. Хто ведае…
Ордэны Айчыннай вайны I і II ступеняў, ордэн Чырвонай Зоркі, шматлікія медалі – вось сведчанне таго, як ваяваў Салаўёў.
Так атрымалася, што большую частку свайго жыцця Дзмітрый Васільевіч пражыў у Рабуні. Тут працавала настаўніцай яго жонка, Еўдакія Ягораўна, тут выраслі і выйшлі ў людзі трое іх дзяцей – дзве дачкі і сын.
– Больш за шэсць дзясяткаў гадоў пражылі мы з жонкай, – гаворыць Дзмітрый Васільевіч, і вочы яго становяцца вільготнымі. – Добра жылі, у згодзе. Не было ў нашай хаце ні лаянак, ні мацюкоў. Бывала, стане яна калі што на мяне гаварыць, а я ў адказ толькі маўчу і ўсміхаюся. Паглядзіць яна, махне рукой і пайшла па сваіх справах.
Калі не стала жонкі, прыйшло адчуванне, што згубіў ён часцінку сябе. Забіраючы бацьку з вёскі ў горад, сын узяў і партрэт маці. Для Дзмітрыя Васільевіча і радасць гэта – бачыць штодня фота дарагога чалавека, і боль ад таго, што Ягораўны ўжо няма побач.
Цёпла, з любоўю гаворыць ветэран пра дзяцей. Вось і ў гарадской кватэры яму вельмі добра – чысціня, цеплыня, парадак, цёпла адносяцца да яго сын, нявестка, унук. А вось жа ўсё роўна думаецца пра родную Рабунь, вяскоўцаў, свой дом, дзе ўсё зроблена сваімі рукамі і нагадвае пра іх з Еўдакіяй Ягораўнай жыццё.
– Дачакаецеся цяпла і, напэўна ж, паедзеце дадому, на прыроду, – Ірына Супрановіч кажа гэта і як старшыня сельсавета, і як зямлячка ветэрана.
– Буду старацца, – адказвае Дзмітрый Васільевіч.
Праводзіць нас ён выйшаў на лесвічную пляцоўку. Апрануты ў пінжак з ветэранскімі нашыўкамі, ён стаяў і глядзеў нам услед. Цікавы чалавек, добры сусед, любячы муж і бацька – салдат той вялікай вайны…
Ірына БУДЗЬКО.
На здымку: Дзмітрый Васільевіч Салаўёў са старшынёй Рабунскага сельсавета Ірынай Супрановіч
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries