Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Жыве ў Ерхах знакаміты аграном

Трыццаць сем гадоў адпрацавала галоўным па палях Караліна Альфонсаўна Вайцяшонак, якая, па сведчаннях калег, была аграномам ад Бога.

Караліну Альфонсаўну Вайцяшонак з юбілеем павіншавалі мясцовыя культработнікі. Фота Марыны ЮРКЕВІЧ

Быць добрым аграномам – значыць, працаваць ад цямна да цямна, быць прафесіяналам і, канешне ж, усёй душой любіць сваю работу. Так лічыць сама Караліна Альфонсаўна і з такім перакананнем ішла і ідзе па жыцці. У верасні мінулага года жанчыне споўнілася дзевяноста гадоў, але і ў сваім паважаным узросце яна не сядзіць без справы, тупае па гаспадарцы: шчыруе ў агародзе і кветніку, трымае на падворку птушку.

Трыццаць сем гадоў працы аграномам, а затым, ужо на заслужаным адпачынку, дзесяць гадоў свінаркай – такі стаж у сельскай гаспадарцы Караліны Альфонсаўны. Не палохала і не палохае яе ніякая праца.

– Ну, а як жа іначай, мы, вяскоўцы, працавалі з самага дзяцінства, – зазначае жанчына. – Я родам з вёсачкі Баравікі, што на Мядзельшчыне. Тата вельмі хацеў, каб я вучылася, таму і стараўся зрабіць усё для гэтага. Я спачатку тэхнікум закончыла, затым – інстытут. А на Вілейшчыне пачынала працаваць у тагачасным калгасе імя Леніна. Пазней райкам партыі накіраваў сюды, у Ерхі, гаспадарка тады «Зарой» называлася. Пачынала я тут намеснікам старшыні калгаса, была і сакратаром партыйнай пярвічкі. А ўжо пазней стала галоўным аграномам. Так да пенсіі і адпрацавала. Затым, ужо на заслужаным адпачынку, яшчэ дзесяць гадоў была свінаркай.

Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР, ордэн «Знак пашаны», званне «Заслужны работнік сельскай гаспадаркі», шматлікія граматы і дыпломы розных узроўняў – усё гэта адзнакі сумленнай працы Караліны Альфонсаўны Вайцяшонак. Пра тое, як працавала і адносілася да справы, што была ёй даверана, яна нярэдка дзеліцца з маладымі.

– Запрашала загадчыца нашага клуба Марына Юркевіч на сустрэчу з вучнямі, расказала ім пра мінулае, – прыгадала Караліна Альфонсаўна. – А летась яны, нашы культработнікі, прыйшлі павіншаваць мяне з 90-годдзем. Так хораша спявалі, цёпла віншавалі. Прыемная такая ўвага. Якое б свята ні было – работнікаў сельскай гаспадаркі, пажылых людзей, Каляды, Новы год ці якое іншае – заўсёды прыходзяць, віншуюць, усяго добрага жадаюць. Вось і напярэдадні Каляд не абышлося без віншавання. Пажылым людзям гэта вельмі патрэбна.

Жыве ў Ерхах звычайная пенсіянерка. Ды гэта толькі на першы погляд. На самой жа справе Караліна Альфонсаўна чалавек адметны – паважаны і заслужаны. І за яе плячыма – багатае на важныя падзеі жыццё прафесіянала-агранома.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 143 queries