Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Адбылося адкрыццё праекта «АRT Vileyka»

Праект пад гэтай назвай анансіраваўся на старонках нашага выдання. Напомню, доўжыцца ён будзе з лістапада па май і прысвячаецца сучаснаму мастацтву. І зараз, калі адбылося ўжо адкрыццё праекта, можна падводзіць пэўныя вынікі. У тым, што ён увогуле змог ажыццявіцца, безумоўная заслуга супрацоўнікаў музея і тых, хто неабыякава ставіцца да мінулага Вілейшчыны, у якім бяруць пачатак дзень сённяшні і будучы, у не апошнюю чаргу – і сучаснае мастацтва.

Знаёмства віляйчан з ім пачалося ў мінулую суботу ў зале выстаў імя Н. Сілівановіча, а адкрывала мерапрыемства малодшы навуковы супрацоўнік Кацярына Сушко. Усяго толькі са жніўня працуе ў музеі гэтая ўсмешлівая і непасрэдная дзяўчына, а ёй ужо даручылі такую адказную місію. Вывучэнне ва ўніверсітэце прадмета «Маркетынг і мэнэджмент культурных праектаў» для яе дарэмна не прайшло – і ўсё атрымалася.

Першую лекцыю ў рамках праекта – пра мастацтва рэалізму – прачытаў вілейскі мастак Эдуард Мацюшонак, які сам у гэтым накірунку працуе даўно. Таму яго работы і сталі ілюстрацыямі таго, што такое рэалізм. «Вяртанне» – так называлася лекцыя, і сабрала, трэба сказаць, немалую аўдыторыю – уважлівых  і засяроджаных слухачоў. Як сам мастак звязвае паняцце «рэалізм» з лекцыяй «Вяртанне»? Лічыцца, што мастак і мастацтва ніякім чынам не звязаны з рэальнасцю. Але, адлюстроўваючы свет такім, які ён ёсць сёння, Эдуард Уладзіміравіч захоўвае яго ў памяці, у тым ліку, не толькі сваёй, але і нашай. Прычым, працуючы над карцінай, адлюстроўваючы, напрыклад, храм, спачатку падрабязна вывучае яго – з пазіцыі гісторыка, археолага, даследчыка. Таму яго рэалізм мае, можна сказаць, гістарычную «падложку». На вялікі жаль, сёння сувязь паміж пакаленнямі губляецца. І пакуль дзяды-прадзеды могуць нешта расказаць, не ўсе іх слухаюць. І тэмы здаюцца нецікавымі, і аповед – доўгім. А калі сталее розум, і хочацца вярнуцца да каранёў, расказваць няма каму… Гэта –тое неаспрэчнае, што таксама легла ў падмурак лекцыі. Дзесьці дзве з паловай гадзіны доўжылася яна, але ніхто са слухачоў не  выглядаў стомленым. Нездарма кажуць, што свет мастацтва ўзвышае душу, і, дакранаючыся да прыгожага, яна адпачывае.

Я сустрэлася з Кацярынай Сушко пасля, каб задаць ёй некалькі пытанняў.

– Кацярына, чыя ідэя легла ў аснову рэалізацыі праекту такога маштабу?

– Святланы Геранімаўны Чабатар. Яна, можна сказаць, у апошні час стала для нас проста лакаматывам. Пачалося ўсё з правядзення раённага дзіцячага пленэра. Пасля гэтага ў яе нарадзілася такая ідэя. Некаторы час Святлана Геранімаўна актыўна шукала ў розных крыніцах інфармацыю пра сучаснае мастацтва і прыйшла да нас, маючы на руках гатовы праект. Да гэтага мерапрыемствы такога ўзроўню праводзіліся, як я ведаю, у галерэі «Ў», што ў Мінску, Палацы мастацтваў і Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Для звычайных краязнаўчых музеяў гэта, можна сказаць, навінка. І важна, што наш дырэктар, Сяргей Ганчар да новых праектаў уважліва адносіцца.

– Людзі прывыклі да канонаў ва ўсім, у тым ліку і ў мастацтве. У аснове праекта » АRT Vileyka» – сучаснае мастацтва. Ці знойдзе яно сабе прыхільнікаў?

– Мастацтва расчаравалася ў візуальнасці. Хопіць проста адлюстроўваць прыроду, рэчы… Такая сёння склалася сітуацыя. Мастацтва можа праяўляцца па-рознаму. Сучаснае мастацтва можа (і павінна) успрымацца. Да разумення яго можна знайсці ключ. А што датычыць нашага музея як пляцоўкі для правядзення такога мерапрыемства, то кожны музей павінен выхоўваць свайго гледача. У гэтым яго сацыяльная функцыя. Каб адпавядаць ролі «храма муз», як называлі яго грэкі.

– Рэалізм. Чаму менавіта ён абраны тэмай для першай лекцыі?

– Першая лекцыя – найбольш даступная прыступка да ўспрыняцця сучаснага мастацтва, – кажа Кацярына Сушко. – Свайго гледача мы паступова знаёмім з ім. Бо чалавеку непадрыхтаванаму мастацтва ў сучасных праявах можа падацца дзіўнаватым. Перфоманс, інсталяцыя, мастацкая акцыя і шмат чаго іншага…

– Пра што будзе наступная лекцыя і калі яна адбудзецца?

– Яна будзе прысвечана перфомансу. І нам прыемна, што такія людзі, як Наталля Шаранговіч, мастацтвазнаўца і куратар Беларускага павільёна на Біеннале, Міхаіл Гулін, бацька беларускага перфоманса, зацікаўленыя ў тым, каб выступіць у нас, дайсці да гледача, данесці сваё светаўспрыманне.

– Кацярына, калі адбудзецца наступная лекцыя?

– У снежні, але дакладную дату пакуль не назаву.

– Будзем чакаць працягу праекту, а тым, хто ўдзельнічае ў яго здзяйсненні – далейшага поспеху.

Таццяна ШАРШНЁВА.

Фота

Фото

Фото
Фото

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries