Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Праздники прошли – не нужна и их героиня…

Яшчэ да ўчарашняга вячэрнія суседскія вокны ззялі навагоднімі агеньчыкамі – ніяк не хацелася, мусіць, людзям развітвацца з прыгожымі зімовымі святамі. Сёння агеньчыкі ўжо не гараць, схаваны да наступнага снежня. Што ж, кожнае свята некалі заканчваецца. Але не назаўсёды, а каб прыйсці да нас праз год зноў і падарыць добры настрой.


І яшчэ адна прыкмета адышоўшых навагодніх дзянькоў, на якую звярнуў увагу наш нераўнадушны чытач, што даслаў у рэдакцыю гэты фотаздымак, – выкінутыя да смеццевых кантэйнераў елкі, якія толькі некалькі дзён назад радавалі гаспадароў сваім святочным убраннем. Вунь нават нітачкі дожджыку нагадваюць пра гэта… Было свята, якое без прыгажуні-елкі не ўяўляецца, і тады яна была галоўнай гераіняй у кожным доме. Свята прайшло – не патрэбна і гераіня…

Усё некалі заканчваецца. Як і само чалавечае жыццё. Ды ўсё ж заканчваецца па-рознаму. Пра гэта думаецца, калі глядзіш на выкінутыя ля сметнікаў елкі, якія ганяе вецер-свавольнік. Ганяе, зусім не шкадуючы, яму няма ніякай справы да таго, што зусім нядаўна былі гэтыя елачкі каралевамі…

Прадбачу, што хтосьці, прачытаўшы гэтыя радкі, незадаволена хмыкне, маўляў, дык што ты прапаноўваеш? Так было і так заўсёды будзе – тое, што не патрэбна, выкідваецца. Яно-то так. Толькі і своечасова прыбіраецца. Дарэчы, не заўсёды і выкідваецца…
У інтэрнэце можна знайсці нямала парад, дзе можна выкарыстаць навагоднюю елку пасля святаў. Творчыя людзі могуць рабіць з хвоі натуральнае мыла, выкарыстоўваць яе, прымаючы ванну. Аматары лазні ведаюць, як зрабіць з хвоі эфектыўны масажор, а майстрыхі могуць напоўніць мяшочкі іголкамі хвоі і зрабіць сашэ – у памяшканні будзе прыемны хвойны арамат.

Ну, а для самых прагматычных таксама ёсць карысная парада – можна скарыстацца хвояй для мульчыравання глебы, каб абараніць культуры ад розных паразітаў і пустазелля. Асабліва падыдуць яловыя іголкі для клубніц, ягады якіх не будуць ляжаць проста на зямлі і застануцца чыстымі.

Варыянтаў, як бачыце, нямала. Магчыма, і вы, паважаныя чытачы, знойдзеце прымальны для вас і ўжо наступнай зімой скарыстаецеся ім. І меней стане ля сметнікаў непатрэбных елачак…

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 147 queries