У складзе вілейскай дэлегацыі на святкаванні 85-годдзя Міншчыны ў Маладзечне быў і Віктар Кажура, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Вілейскай гімназіі №2, настаўнік-метадыст, магістр адукацыі, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі. Віктар Віктаравіч узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Заслужана. Пра гэта раскавазе ён сам:
– Мінулы год аказаўся даволі плённым як у прафесійнай, так і ў літаратурнай дзейнасці.
Мае вучні станавіліся пераможцамі і прызёрамі раённых, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў (дыплом І і два дыпломы ІІІ ступені Міжнароднага конкурсу навукова-даследніцкіх і творчых работ Расійскай акадэміі прыродазнаўства, дыплом ІІ ступені Рэспубліканскага конкурсу творчых работ, прысвечанага Году гістарычнай памяці (НАН РБ), дыплом пераможцы раённага конкурсу работ даследніцкага характару), прымалі актыўны ўдзел у навукова-практычнай канферэнцыі з міжнародным удзелам «Актуальныя праблемы філалагічнай адукацыі ў ХХІ стагоддзі» (у рамках міжнароднага форума «Студэнцкая навука – інавацыйны патэнцыял будучыні» (БДПУ імя М. Танка).
І сам стараюся актыўна ўдзельнічаць у адукацыйным працэсе: дыдактычныя матэрыялы, падрыхтаваныя мною, уключаны ў спіс твораў для пазакласнага чытання ў 4 класе, змешчаны ў падручніках «Беларуская мова. 2 клас», «Спадарожнік Буквара», выкарыстоўваюцца ў пазакласнай дзейнасці, а МАІРА неаднойчы запрашаў для правядзення лекцый і семінарскіх заняткаў.
Мінулы год адзначаны і літаратурнымі дасягненнямі. Прыклад гэтаму – мае выданні. Пераможцам і арганізатарам гульні-конкурсу па беларускай мове і літаратуры «Буслік» я падрыхтаваў кнігу «Скажы так, каб я цябе зразумеў». Для дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту выдавецтвам «Народная асвета» выпушчана кніга «З легендаў і казак», якая атрымала Спецыяльны дыплом Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» ў намінацыі «Разам з кнігай мы расцем» на XXIX Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. А «Этнаграфія юнага натураліста» ўключана ў спіс «Найбольш яркія і значныя кнігі для дзяцей, выдадзеныя пісьменнікамі Беларусі ў 2022 годзе».
Далучаю да літаратурнай дзейнасці і сваю ўнучку, Ангеліну Прохараву, у суаўтарстве з якой друкуемся на старонках перыядычных выданняў, выступалі на літаратурных святах і сустрэчах (Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, Дзень беларускага пісьменства, фестываль кнігі «Міхасёвы прыгоды»).
Акрамя гэтага, і разам з унучкай, і асобна выступаў на радыё і тэлебачанні: на канале АНТ (праграма «Наше утро»), двойчы – на канале БТ 3 (праграма «Суразмоўцы»), на СТБ (праграма «Міншчына»), двойчы – на Беларускім радыё (праграма «Настрой»).
Літаратурная дзейнасць Віктара Віктаравіча адзначана Падзякай выдавецтва «Адукацыя і выхаванне», граматамі Саюза пісьменнікаў Беларусі і Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Падрыхтавала Ірына БУДЗЬКО