Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Боль і ўдзячнасць пажылой жанчыны…

Гэты ліст чытаць раўнадушна проста немагчыма. У ім – роспач і боль пажылой жанчыны, мнагадзетнай мамы…

У свой час яны з мужам нарадзілі і выгадавалі сямёра дзетак. У гэтай працавітай сям’і яны раслі клапатлівымі, не чураліся ніякай работы. Толькі добраму і светламу вучылі іх бацькі, памяркоўныя і добразычлівыя людзі, а вось жа жыццёвыя шляхі дзяцей сталі рознымі, часам не такімі, як жадалася маці і бацьку. Ужо даўно няма на гэтым свеце гаспадара, чалавека спакойнага, ураўнаважанага, цвярозага. У вёсцы жыве маці, якой без малога ўжо восемдзесят. У сваім паважаным узросце не чураецца яна працы, яшчэ трымае немалую гаспадарку, памагае гадаваць унукаў. Хоць перажыла за жыццё столькі, што цяжка ўявіць, не губляе аптымізму, веры ў людзей і надзеі на лепшае. Пенсіянерцы выпала вынесці і яшчэ адзін удар лёсу – перажыць горыч развітання з унукамі, якіх адабралі з сям’і бацькоў-п’яніц. Гэта непраходзячы боль пажылой жанчыны. Чаму так здарылася? Як прымусіць дачку і яе мужа адумацца? Ці возьмуцца яны за розум? Гэтыя пытанні не даюць спакою пенсіянерцы. А яшчэ ў сэрцы жыве вялікая ўдзячнасць добрым людзям, якія замянілі яе ўнукам бацькоў. Марыну і Генадзя бабуля ўзгадвае толькі цёплымі словамі і просіць у Бога ім здароўя і дабрабыту.
Наўмысна не называю імя і прозвішча пажылой жанчыны, хоць яна ліст у рэдакцыю падпісала. Думаю, што праблема, якую падняла пенсіянерка, – не толькі яе. Не сакрэт, што вельмі многа ў нас тых, хто пакутуе ад п’янства блізкіх людзей. Хачу толькі прывесці вершаваныя радкі бабулі, якія, верыць яна, магчыма, некага прымусяць задумацца, спыняць перад безданню п’янства.
Верш у пенсіянеркі склаўся ад імя яе ўнукаў, якім выпала вельмі многа перажыць, перш чым яны трапілі ў добрую сям’ю. Вось яны, радкі-боль, радкі-крык, радкі-плач даведзеных да адчаю:
Каб гэта гарэлка правалілася –
Я ж бы ў сваёй мамкі весялілася,
Каб гэта гарэлка ракой працякла –
Я ж бы ў сваёй мамачкі дома была.
Як мне гэтыя прытулкі надаелі,
Бацькі нашы ад гарэлкі падурнелі…
Дзякуй Богу, што мы не прапалі,
А ў добрую сям’ю папалі.
Мама Марына нас даглядае,
У садок і ў школу нас выпраўляе,
Тата Гена нас са школы сустракае,
Пра ўрокі і адзнакі ўсё распытае.
Дай Бог ім здароўя да веку,
Каб не ведалі ні хваробы, ні лекаў,
Каб не страчалі ні гора, ні бяды,
А шчаслівымі былі заўсягды…
Дарагая мамачка, не кідай, а глядзі –
Мы прыгадзімся табе ў жыцці…

Гэты ліст прыйшоў у рэдакцыю напярэдадні Дня Маці, які супадае з вялікім святам – Пакровам Маці Божай. Так хочацца, каб найбольшае жаданне немаладой матулі, якая даслала свой ліст у рэдакцыю, здзейснілася. У гэта так хочацца верыць…
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 187 queries