Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Як шкада…

Малыш у камбінезончыку здалёк здаваўся забаўным мядзведзікам. І тупаў гэтак жа асцярожна і няўпэўнена – відаць, і хадзіць навучыўся не так даўно. Маме, мусіць, надакучыла ледзь пераступаць разам з дзіцём, і яна нетаропка пайшла наперад, да прыступкаў магазіна. Падняўшыся наверх, азірнулася назад, нецярпліва паклікала малога:
– Ну што ты там? Хуценька, хуценька…
Хлапчуку, відаць па ўсім, надакучыла аднаму (ды і ножкі, напэўна, забалелі), таму ён спыніўся і голасна пачаў плакаць. Маме гэта, відаць, вельмі не спадабалася, аднак пайсці насустрач дзіцятку яна не спяшалася, а, стоячы на прыступках, голасна пакрыквала на яго. Урэшце ёй і гэта надакучыла і, не стрымаўшыся, яна з непрыкрытай злосцю назвала дзіця ідыётам, схапіла яго за адну ручку (малое аж запішчэла ад болю) і падняла на верхнюю прыступку…
– Што вы робіце? – абурылася сярэдніх гадоў жанчына, якая праходзіла міма. – Хіба можна так абыходзіцца з дзіцём? Вы ж мама…
Трэба было бачыць, як маладзіца зірнула на жанчыну! І кінула злосна, праз плячо:
– А вам якая справа? Маё дзіцё, раблю што хачу! А вы сваіх глядзіце, выхавальніца мне знайшлася…
І пайшла, незадаволена патузваючы малога.
Міжволі стаўшы сведкай гэтага эпізода, доўга думала пасля аб убачаным. Адкуль гэтыя грубасць і злосць у зусім маладой жанчыны? І на кім зрываецца – на родным дзіцяці, на малечы, якая робіць яшчэ няўпэўненыя крокі па гэтай зямлі. Разумею, што наша непрадказальнае жыццё, якое лёгкім не назавеш, адкладвае на кожным з нас свой адбітак. Мы сталі нейкімі занадта прагматычнымі, недзе вельмі глыбока схавалі пачуцці, якія і павінны вызначаць спагадлівага і добрага чалавека. Дайшло да таго, што культурных і тактоўных лічым неперспектыўнымі і слабахарактарнымі, а добразычлівых і спагадлівых – прастачкамі, не прыстасаванымі да жыцця. А вось грубасці, бястактнасці, уседазволенасці, падхалімству, прыстасаванству – «зялёнае» святло. Для многіх менавіта гэтыя якасці сталі важнымі і, на вялікі жаль, вызначальнымі.
Вось і тая маладая мама, хутчэй за ўсё, з такой кагорты. І дзіцятка сваё вырасціць такім жа. Як шкада…
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 25 queries