Мудрыя, актыўныя, неабыякавыя – гэта людзі залатога ўзросту, якія шмат гадоў працавалі на карысць Вілейшчыны і таксама далучыліся да шырокага абмеркавання праекта Канстытуцыі.
З выхадам на пенсію іх жыццё не згубіла яркіх фарбаў. З’явіліся новыя заняткі і захапленні, а дзякуючы гэтаму – новыя знаёмствы і абавязкі. Узяць, напрыклад, членаў Савета сталых грамадзян, які з’явіўся на Вілейшчыне адносна нядаўна. Або прадстаўнікоў раённай ветэранскай арганізацыі, іншых грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў па інтарэсах. Яны шмат ведаюць, з’яўляюцца першымі дарадцамі не толькі ў сваіх сем’ях, бо маюць багаты жыццёвы вопыт, якім ахвотна дзеляцца. І шчыра цікавяцца, чым сёння жыве іх краіна і як будзе жыць і развівацца далей, бо гэта – будучыня іх дзяцей і ўнукаў.

Шмат новага прадугледжвае праект Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, 80 артыкулаў былі адкарэкціраваны, адзначыла намеснік старшыні Вілейскага райвыканкама Людміла Сляпцова і запрасіла ўсіх прысутных да абмеркавання самых значных момантаў, падрыхтаваных экспертамі, адзначыўшы, што змены ў Асноўны закон краіны адпавядаюць падтрабаванням і выклікам сучаснаці.
Старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Шэпелева спынілася на адным з акцэнтных момантаў у праекте Канстытуцыі – захаванне памяці пра вайну. Яна адзначыла актыўную пазіцыю прадстаўнікоў арганізацыі, якія сур’ёзна ставяцца да змен. Сёння галоўнае – не страціць тое, што перажыта імі, не страціць памяць пра вайну, не даць «перапісаць» гісторыю, падкрэсліла яна, і прапанавала як мага больш расказваць пра гэта школьнікам. У гэтым павінны дапамагчы сямейныя архівы – лісты, фотаздымкі, запісы ўспамінаў. Наша рэдакцыя таксама спадзяецца, што і на нашу прапанову адгукнуцца віляйчане, якім ёсць пра каго і пра што ўспомніць – і на старонках газеты з’явіцца шэраг артыкулаў, прысвечаных сямейным гісторыям сведкаў вайны і іх нашчадкаў. Другая прапанова Ганны Пятроўны – дапамагчы старшыні грамадскага аб’яднання ахвяр нацызму «Памяць вайны» давесці да лагічнага завяршэння работу па ўвекавечванні памяці ахвяр халакосту і стварыць у Вілейцы адпаведны памятны знак.

Працягваючы тэму, Людміла Сляпцова расказала, што ў краязнаўчым музеі рыхтуецца экспазіцыя, прысвечаная ахвярам генацыду, і кожны можа далучыцца да гэтай справы. Патрэбная справа будзе ажыццяўляцца ў цесным узаемадзеянні ўсіх зацікаўленых.
«Мы не цэнім тое, што маем. Я са свайго вопыту гэта кажу, – заўважыў былы ўрач 81-гадовы Павел Дзямідаў. – Вось хочам мець усё адразу… Такога не бывае! Каб мець, трэба працаваць. На Вілейшчыну я прыехаў з Усходняй Беларусі, спачатку працаваў галоўным урачом у Альковічах, там гаспадарка «Стайкі». У былыя часы не было ні адзінага лапіка неапрацаванай зямлі, а сёння? Зямля – гэта багацце. Правільна кажа наш Прэзідэнт – трэба апрацоўваць. Чаго ехаць у горад? Там шмат людзей, захворванняў больш. Радзіму трэба цаніць і тое, што ў цябе ёсць. У апошні час у медыцыне значна палепшыліся справы. Добра, што гэтай сферы, а таксама адукацыі і культуры ў Канстытуцыі надаецца вялікая ўвага. Ва ўсім патрэбна дысцыпліна. І Канстытуцыя патрэбна – анархіі не павінна быць. Многія прывыклі разлічваць на падрымку дзяржавы, а не на свае намаганні, а можа, трэба перагледзець свае запатрабаванні? Трэба жыць, працаваць, берагчы сваё здароўе».

На канкрэтных прыкладах Павел Андрэевіч расказаў, што для гэтага трэба – правільнае харчаванне, здаровы лад жыцця і актуальная ў наш час вакцынацыя. Чалавечыя адносіны, выхаванне дзяцей і такая форма працоўных адносін як кантракт – да гэтых момантаў ён таксама нераўнадушны.
Уключыўшыся ў размову, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Віктар Сярко адзначыў сацыяльную накіраванасць праекта Канстытуцыі з шэрагам гарантый і не менш важнае, што павінен усведамляць кожны – гэта сацыяльная адказнасць за сябе, за адносіны ў сям’і, адносіны да працы. Асабіста быў сведкам, калі бацькі застаюцца адзінокімі пры дарослых забяспечаных дзецях. На нейкім этапе нешта паламалася… Не толькі дзяржава павінна, але і чалавек павінен дзяліцца, – выказаў ён сваё меркаванне. Пра дадатковае пенсійнае страхаванне Віктар Іванавіч расказаў падрабязна.
– Мы розныя, меркаванні ў нас розныя. Гэта выдатна, што сёння мы разам абмяркоўваем праект Канстытуцыі, – уступіла ў размову Лідзія Драздова, якая шмат працоўных год аддала мэблевай фабрыцы. – Нас ўсіх хвалююць такія пытанні, як сям’я, работа, бяспека, сацыяльныя пытанні, у тым ліку адказнасці за сваё здароўе, хочацца ведаць, як гэта новаўвяденне рэалізуецца далей. Безумоўна, многіх, як і мяне, цікавіць тэма Усебеларускага народнага сходу і склад яго ўдзельнікаў. Упэўнена, што хутка атрымаем на гэты конт тлумачэнне. Лічу, што эксперты, якія пішуць Канстытуцыю, робяць гэта і для сваіх дзяцей. Таму давайце ім даверымся.
Захаванне памяці – гэта важна, падтрымала Лідзія Іосіфаўна і прапанавала ў горадзе на вуліцы Партызанскай аднавіць мемарыяльную дошку Пятру Машэраву.
– Шмат пытанняў ахоплівае Канстытуцыя, – адзначыла вядомы на Вілейшчыне педагог Ніна Жвалеўская. – Яна – для ўсяго народа. У сувязі з гэтым ў мяне ёсць заўвага наконт права грамадзян прымаць удзел у рэферэндуме. Лічу, што трэба замацаваць законам абавязак кожнага прыйсці і прагаласаваць. Вы, грамадзяне, карыстаецеся ўсім тым, што дае дзяржава, таму і вы выканайце свой абавязак.
Пра выхаванне ў сям’і і школе, важнасць духоўнага пачатку, захаванне памяці пра Вялікую Айчынную вайну, умацаванне здароўя з самага дзяцінства, пра інстытут сям’і, сацыяльную адказнасць гаварыла яшчэ Ніна Сцяпанаўна, абапіраючыся на свой прафесійны і жыццёвы вопыт.
Усе законы засноўваюцца на Канстытуцыі, адзначылі ўдзельнікі сустрэчы. Папярэдняя Канстытуцыя адпавядала дзяржаве, якая развівалася. Але мяняюцца час і рэчаіснасць – з’яўляецца патрэба і ў зменах. І людзі неабыякавыя не застаюцца ўбаку, а робяць канкрэтныя прапановы для будучыні.
Таццяна ШАРШНЁВА/Фота аўтара







