Нашы чытачы ў рэдакцыю звяртаюцца з самымі рознымі пытаннямі. Вось і нядаўна наша пастаянная і ўважлівая чытачка Валянціна Пятроўна азадачыла: што гэта за расліна такая з’явілася ў Вілейцы, “вяршкі” якой нагадваюць шаўкавістую траву, а “карэньчыкі” падобныя смакам да ляснога арэха або міндаля, хоць выгляд маюць зусім іншы, а шкарлупы ў іх, як павінна
быць у любога звычайнага арэха, няма наогул. Віляйчане, расказала жанчына, перадаюць плады гэтай расліны, якія адначасова з’яўляюцца і яе насеннем, адзін аднаму, але ніхто не ведае, адкуль з’явілася яна ў Беларусі і як завецца на самой справе. Усе называюць яе “земляны арэх”.
Я паспрабавала разабрацца ў гэтым, і вось што стала вядома. Паводле крыніц, расліна завецца чуфа, або земляны міндаль. Так называюць яе ў Іспаніі і Італіі. У Егіпце ж яна мае назву саккіт, у Судане – неббу. Гэта культура, нягледзячы на цэлы шэраг яе карысных уласцівасцяў, распаўсюджаная не вельмі шырока. Гэтая субтрапічная расліна з’явілася больш за чатыры тысячы год таму на тэрыторыі сучаснай Іспаніі, у Валенсіі. Радзімай чуфы лічыцца Міжземнамор’е і Паўночная Афрыка, вырошчваецца яна ў Іспаніі, Італіі, Сіцыліі, Егіпце, Марока, Судане, Паўднёвай Амерыцы дзеля салодкіх невялічкіх клубянькоў, што маюць міндальны смак і з’яўляюцца крыніцай харчовага масла, якое гусцее пры такой тэмпературы, як у пакоі.
На першы погляд чуфа нагадвае дзікі асот. Гэта расліна мнагалетняя, але вырошчваюць яе штогадовым пасевам як адналетнік. У першы год вегетацыі яна ўтварае моцны куст вышынёй од 40 да 80 сантыметраў з пучкоў вузкіх, доўгіх, жарсткаватых лісцяў. У кожным кусце бывае да 240 пучкоў. Кожны пучок мае ад трох да адзінаццаці лісцяў. Лісты, лінейныя, падобныя на стрэлкі, зялёныя, без апушкі. Карані маюць патаўшчэнні на канцах у выглядзе клубняў, у іх цвёрдая абалонка і хрусткая шчыльная структура, а таксама салодкі прыемны смак. У пладоў расліны высокая харчовая каштоўнасць. У іх складзе – масла, крухмал, глюкоза, бялок, вялікая колькасць мінералаў, фосфару, кальцыю, магнію, жалеза і вітамінаў, асабліва С і Е. Масла чуфы адносіцца да аліўкавых, яно не высыхае, таму што ў сваім складзе мае алеінавую кіслату. Гэта масла выкарыстоўваюць з харчовай мэтай, а таксама ў прамысловасці – пры вытворчасці вышэйшых сартоў туалетнага мыла. Кандытары дадаюць чуфу ў шакалад, цукеркі, іншыя вырабы, з яе робяць халву. Спецыялісты лічаць, што стравы з чуфы выдатна ўсвойваюцца арганізмам. Масла выкарыстоўваюць і як змазку для інструментаў дакладнай механікі. А ў Іспаніі з чуфы робяць прахалодны напой аршад. З вярхушкі чуфы можна атрымліваць цукар, а таксама крухмал або спірт. Клубні чуфы ўжываюць у сырым, вараным або пражаным выглядзе, мелюць на муку і робяць з яе сурагат кавы і какавы (з пражаных клубняў).
Галоўная якасць чуфы – высокая пажыўнасць. Па каларыйнасці ўраджаю з адзінкі плошчы яна пераўзыходзіць усе нашы харчовыя культуры, а самую каларыйную – арахіс – амаль у тры разы. Так што цяпер і вілейскія садаводы-агароднікі ў поўнай меры змогуць ацаніць карысныя ўласцівасці гэтай замежнай культуры.
Падрыхтавала Таццяна ШАРШНЁВА
Што гэта за расліна такая з’явілася ў Вілейцы?
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов


