У нарадзе педагагічнага актыву краіны, якая адбылася ў Палацы Рэспублікі, прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка
Меры для сацыяльнай абароны
У Беларусі плануецца павысіць тарыфную стаўку першага разраду. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы з дакладам на нарадзе педагагічнага актыву Беларусі.
Паводле слоў Прэзідэнта, галоўны прынцып дзяржаўнай палітыкі ў Беларусі – гэта інтарэсы людзей. «Мы людзей не пакрыўдзім і ў гэты складаны перыяд. Па майму даручэнню ўрад распрацаваў і ў бліжэйшыя дні прыме шэраг мер па сацыяльнай абароне розных слаёў насельніцтва», – сказаў беларускі лідар.
У прыватнасці, бюджэтнікам і непрацуючым пенсіянерам прадугледжана выплаціць аднаразовую матэрыяльную дапамогу ў памеры Br500 тыс. для сезоннай закупкі сельгаспрадукцыі.
«Затым плануецца павысіць тарыфную стаўку першага разраду для аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый. Будуць штоквартальна расці дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей. У чацвёртым квартале бягучага года плануецца павелічэнне ў два разы аднаразовай дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці. Таксама вырастуць пенсіі і стыпендыі», – паведаміў Прэзідэнт.
«Мы будзем і далей трымаць сітуацыю ў эканоміцы і сацыяльнай сферы пад кантролем», – дадаў беларускі лідар.
Каменціруючы выступленне адной з удзельніц нарады педагагічнага актыву, якая гаварыла аб неабходнасці ўзмацнення матэрыяльнага стымулявання работы выкладчыкаў, павышэння зарплат і дапамог, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гэтым пытанні на сітуацыю трэба паглядзець і з іншага боку. «А грошы дзе? Мы столькі выдалі ў свой час грошай на рукі грамадству, што сёння пажынаем плады такой палітыкі, – сказаў Прэзідэнт. – Эканамічныя законы дзейнічаюць аб’ектыўна, хочам мы гэтага або не хочам. Для таго, каб усё гэта забяспечыць, патрэбны грошы. Таму будуць грошы – будзем рухацца ў гэтым напрамку, грошай не будзе – друкаваць мы іх не будзем, іх трэба зарабіць».
Разам з тым кіраўнік дзяржавы сказаў: «Я разумею, што ў сувязі з цяперашняй сітуацыяй мы нікуды не дзенемся, хоць ад нас усе сусветныя фінансавыя структуры і крэдыторы патрабуюць ні ў якім разе не павышаць зарплату, пенсіі і дапамогі. У нейкай ступені яны маюць рацыю, але ў нас сацыяльна-арыентаваная эканоміка, і я разумею, што кожны хоча есці кожны дзень, і больш-менш нармальныя ўмовы мы заўсёды павінны ствараць. Таму мы і ідзём шляхам павышэння пенсій, стыпендый і будзем гэта рабіць».
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ужо ў верасні, магчыма, і для настаўнікаў будуць уведзены дапамогі ў памеры Br400-600 тыс. за месяц у залежнасці ад магчымасці бюджэту.
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка лічыць немагчымым увядзенне ў Беларусі поўнасцю платнай адукацыі.
Як адзначыў Прэзідэнт, ёсць просты рэцэпт павышэння матэрыяльнага дабрабыту настаўнікаў – гэта ўвядзенне платнай адукацыі. «Наша грамадства вытрымае гэта? Не вытрымае», – лічыць кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што існаванне ў Беларусі бясплатнай бюджэтнай адукацыі з’яўляецца вельмі вялікім здабыткам і важным фактарам сацыяльнай абароны.
Ёсць у адукацыі
набалелыя праблемы
Аляксандр Лукашэнка заклікаў педагогаў прадметна і ўсебакова абмеркаваць набалелыя пытанні, задачы і шляхі далейшага развіцця адукацыі ў краіне ў вельмі складанай міжнароднай абстаноўцы. «Адукацыя з’яўляецца сферай асноўных жыццёвых інтарэсаў людзей, паказчыкам развітасці дзяржавы, чуткім барометрам інтэлектуальнага патэнцыялу нашай нацыі. Таму мы заўсёды асаблівую ўвагу ўдзяляем усім аспектам і напрамкам адукацыйнага працэсу. Пастаянна імкнёмся да яго ўдасканалення, эфектыўнага вырашэння праблем», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што за мінулыя гады ў краіне дакладна вызначылася стратэгія развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі, якая ў цэлым апраўдвае сябе. Паводле яго слоў, эксперты ААН адзначаюць, што па ўзроўню развіцця адукацыі, у прыватнасці па адукаванасці дарослых, колькасці вучняў і студэнтаў, Беларусь знаходзіцца на самых перадавых пазіцыях у свеце. «Аднак гэта не прычына для самазаспакаення», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
«Дзяржава ўкладвае вялікія сродкі ў развіццё айчыннай сярэдняй, прафесійнай і вышэйшай школы. Але якая рэальная аддача? Ці забяспечваецца на справе роўная даступнасць да высакаякаснай адукацыі для сельскіх і гарадскіх дзяцей, для выхадцаў з розных сацыяльных слаёў?» – звярнуўся Прэзідэнт да прысутных.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка ўзняў пытанне ўмацавання дысцыпліны і навядзення парадку ў навучальных установах, гарантавання бяспечных умоў знаходжання ў іх дзяцей. «Калі нарэшце будзе задаволены попыт насельніцтва на паслугі дашкольных устаноў? Ці ўдалося абнавіць змест школьнага навучання, не дапусціўшы перагрузкі дзяцей? Пераадолець бюракратызм і непатрэбную паператворчасць?» – паставіў шэраг пытанняў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што Беларусь адна з нямногіх у СНД, якая захавала паўнацэнную сістэму прафесійна-тэхнічнай адукацыі. «Аднак з году ў год гэта сістэма адчувае цяжкасці з прыцягненнем моладзі на вучобу. Падрыхтоўцы сучасных кадраў перашкаджаюць устарэлая матэрыльная база і недастатковая сувязь з прадпрыемствамі-заказчыкамі. Што будзе зроблена ў новым навучальным годзе для вырашэння і гэтых праблем?» – сказаў Прэзідэнт.
Вялікі блок пытанняў звязаны з сучасным станам вышэйшай школы. Паводле слоў Прэзідэнта, у лік студэнтаў нярэдка трапляюць вельмі слабыя абітурыенты, а выпускнікі ВНУ часта не гатовы да работы на сучасных прадпрыемствах або проста не запатрабаваны. «Што робіцца для аптымізацыі структуры і аб’ёмаў падрыхтоўкі кадраў? Як выконваюцца мае даручэнні па скарачэнню тэрмінаў навучання, узмацненню сувязі навучання з практыкай?» – спытаў кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адно немалаважнае пытанне, якое паставіў Аляксандр Лукашэнка, – выхаванне дзяцей. «Хто перамагае ў барацьбе за ўплыў на іх розум і душы: бацькі, настаўнікі або сумніўныя «сябры» і палітычныя прайдзісветы, якія ўцягваюць моладзь ва ўсялякія авантуры? Як прадухіліць уцягванне дзяцей і падлеткаў у п’янства, наркаманію і курэнне?» – звярнуўся Прэзідэнт да прысутных. Акрамя таго, Прэзідэнт мае намер таксама пагаварыць і аб асобе сучаснага педагога, тых патрабаваннях, якія прад’яўляюць да яго дзяржава і грамадства і як іх разумеюць, рэалізуюць на практыцы настаўнікі.
Прапанова
для апанентаў
Прэзідэнт Беларусі прапануе палітычным апанентам і прадстаўнікам Еўрасаюза і Расіі за круглым сталом абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі. «Наша сіла ў адзінстве, і будучае Беларусі трэба вырашаць не на плошчах і барыкадах, а шляхам дыялогу, нармальнай чалавечай размовы», – адзначыў беларускі лідар.
«Я, як кіраўнік дзяржавы, прапаную ўсім разважным людзям, якія любяць сваю краіну, да якога б палітычнага лагера яны не належалі, садзіцца за стол (круглы, квадратны), паглядзець адзін аднаму ў вочы і рэальна ацаніць, хто чаго варты і што могуць зрабіць для эфектыўнага паляпшэння сітуацыі ў краіне, а не тупаць і крычаць на плошчах, – прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. – Хочаце ваяваць і змагацца – калі ласка: змагайцеся ў адкрытай дыскусіі, даказвайце сваю правату, адстойвайце свой пункт гледжання. Але не праз пагромы і не са зброяй у руках. Такія дзеянні будуць спыняцца неадкладна, як гэта было нядаўна ў апоры дэмакратыі».
«Я прапанаваў і Еўрапейскаму саюзу, хацеў бы прапанаваць і Расіі, іншым еўрапейскім і міжнародным структурам накіраваць сваіх прадстаўнікоў для ўдзелу ў гэтым круглым стале. Няхай яны заадно паглядзяць, хто ў нас чаго варты, якія ідэі вылучае і якія мэты перад сабой ставіць. Мы абсалютна адкрыты і гатовы даць ім такую магчымасць», – заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама падкрэсліў, што шлях праз санкцыі і націск на Беларусь бесперспектыўны. «Давайце размаўляць, давайце весці дыялог, і мы абавязкова прыйдзем да нейкага разумення», – дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Няма прычын гаварыць аб катастрофе
Няма прычын панікаваць і крычаць аб магчымай катастрофе ў эканоміцы.
Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, на жаль, у пачатку бягучага года абвастрыўся шэраг фінансавых праблем. «Прама скажу, інфляцыя, дэвальвацыя беларускага рубля, дэфіцыт валюты прывялі да зніжэння таго ўзроўню жыцця людзей, якога мы дасягнулі ў мінулым», – сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка назваў шэраг фактараў, якія ўскладнілі сітуацыю ў эканоміцы. У прыватнасці, напярэдадні выраўноўвання мытных пошлін на аўтамабілі ў Мытным саюзе грамадзяне Беларусі ўвезлі ў краіну больш як 250 тыс. аўтамабіляў, што амаль у два разы больш, чым за мінулыя гады. Адпаведна, з краіны на гэтыя мэты было вывезена каля $3 млрд. Акрамя таго, прыкладна $2 млрд. у гэтым годзе дасць павышэнне цэн на энерганосьбіты і іншую сыравіну, якая пастаўляецца з Расіі. «Разам звыш $5 млрд. толькі за адзін год. І мінулыя гады вы памятаеце пастаянны рост цэн на энерганосьбіты, а за апошнюю пяцігодку яны павялічыліся ў чатыры з палавінай разы для нашай краіны. Вядома, такі ўдар не вытрымала б нават сталая эканамічная сістэма. Таму валюты не хапіла, і здарылася тое, што здарылася», – растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым Прэзідэнт падкрэсліў: «Панікаваць і крычаць аб магчымай катастрофе ў эканоміцы і татальным збядненні грамадзян, як гэта робяць нашы апаненты, няма прычын. Я ў гэтым поўнасцю ўпэўнены. Краіна прадаўжае жыць і развівацца».
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што дзяржава не пакіне людзей змагацца з цяжкасцямі сам-насам. Наадварот, любы эканамічны поспех будзе адразу ж выкарыстоўвацца для павышэння дабрабыту грамадзян.
Ліміт рэформ у сферы адукацыі вычарпаны
Ніякіх рэзкіх узрушэнняў і ломак больш не будзе», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, галоўныя мэты сёння – гэта павышэнне якасці адукацыі, абнаўленне яе зместу на аснове сучасных навуковых ведаў, рост эфектыўнасці работы навучальных устаноў і кожнага педагога.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ўзровень ведаў становіцца адным з важнейшых фактараў стабільнасці і росквіту дзяржавы. У Беларусі, паводле яго слоў, у гэтым пытанні захавана ўсё лепшае, што дасталася ад Савецкага Саюза, у тым ліку масавы ахоп дзяцей дашкольнай адукацыяй, агульнадаступная і бясплатная сярэдняя школа, дзяржаўная сістэма навучання рабочых кадраў.
Процістаяць
палітычным інтрыгам
Падрастаючае пакаленне павінна навучыцца процістаяць розным палітычным інтрыгам і правакацыям.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, барацьба за ўплыў на маладое пакаленне ва ўсе часы з’яўлялася важнейшай палітычнай задачай. Цяперашнія студэнты і школьнікі, якія не маюць цяжкіх успамінаў аб «ліхіх 90-х», успрымаюць стабільнасць і камфортны ўклад жыцця Беларусі, як нешта належнае ад нараджэння. «Новы электарат, які вырас ва ўмовах адкрытасці нашага грамадства, параўноўвае замежную рэальнасць з беларускай і часта робіць паспешлівыя, часам памылковыя вывады, – адзначыў кіраўнік дзяржавы. – Маладым хочацца быць актыўнымі ўдзельнікамі падзей, «тварыць гісторыю». Гэтым карыстаюцца апазіцыйна настроеныя структуры, якія прадстаўляюць свае пратэсныя акцыі як азартныя гульні, дзе можна «даць выхад адрэналіну».
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што сітуацыю неабходна карэнным чынам мяняць, і нельга выпускаць ініцыятыву са сваіх рук. «Самае галоўнае – закласці ў падрастаючае пакаленне цвёрды ідэйны і маральны стрыжань, які дасць магчымасць процістаяць усялякім палітычным інтрыгам і правакацыям. Сёння ў аснову неабходна паставіць патрыятычнае выхаванне. Падкрэсліваю, патрыятычнае, а не нацыяналістычнае», – заявіў Прэзідэнт.
На яго думку, у гэты працэс павінны быць уключаны ўсе структуры ўлады, навучальныя ўстановы, грамадскія арганізацыі і, вядома, сям’я. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў ходзе арганізаванай па яго даручэнню маштабнай праверкі ўстаноў адукацыі былі выяўлены недапушчальныя факты безадказнага стаўлення да забеспячэння бяспекі вучняў і студэнтаў, а ў ажыццяўленні навучальнага працэсу – фармалізм і заарганізаванасць выхаваўчай работы. Часам сярод выкладчыкаў былі нават асобы з крымінальным мінулым.
«Гэта бязладдзе збіралася гадамі з-за раўнадушнасці, безадаказнасці, а часам расхлябанасці некаторых кіраўнікоў, настаўнікаў і выкладчыкаў», – дадаў беларускі лідар.
Інтэрнэт – сродак
маніпуляцыі
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што сучасны свет, узбагачаючыся дасягненнямі навукова-тэхнічнага прагрэсу, адначасова становіцца ўсё больш жорсткім. Многія краіны і народы аказаліся пад пагрозай агрэсіўных дзеянняў дзяржаў, якія ўявілі сябе вяршыцелямі лёсу планеты. «Нават такія даброты цывілізацыі, як Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі, ператвараецца ў сродкі маніпуляцыі грамадскай думкай», – адзначыў беларускі лідар.
Акрамя таго, паводле яго слоў, сёлета вясна і лета паставілі свет перад тварам новай пагрозы – смяротных атак экстрэмістаў з ліку ўласных маладых грамадзян. Прытым гэта бяда закранула не толькі гарачыя пункты планеты, але і краіны, якія лічыліся паспяховымі, такія як Нарвегія, Вялікабрытанія, Германія. На жаль, хваля насілля і вандалізму закранула і Беларусь, сведчанне таму тэракт у мінскім метро.
«Злачынцы, якія маюць дачыненне да гэтага і яшчэ некалькіх выбухаў у Віцебску і Мінску, учынялі свае зверствы дзеля забавы, самасцвярджэння і жадання ўварваць хвіліну скандальнай славы. Чаму ж ніхто з тых, хто жыў і працаваў побач, не змог своечасова распазнаць і спыніць зло?» – задаў пытанне кіраўнік дзяржавы.
Акрамя таго, ёсць і іншыя трывожныя факты, напрыклад,таго, што моладзь уцягваюць у проціпраўную і антыграмадскую дзейнасць. У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў масавыя беспарадкі 19 снежня 2010 года, «калі п’яны натоўп шалеў на плошчы Незалежнасці», а таксама нядаўнія акцыі маўклівых «сацыяльна-сеткавых рэвалюцыянераў».
«Давайце ўсвядомім простую ісціну: для паспяховага, дынамічнага развіцця краіны патрэбны не рэвалюцыя і не вулічная анархія, а з’яднанасць усіх грамадзян незалежна ад поглядаў і перакананняў, нацэленасць на канструктыўнае супрацоўніцтва», – рэзюмаваў беларускі лідар.
Нэтбук. Мода
ці неабходнасць?
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным усебакова ацаніць наступствы для здароўя дзяцей і рэальнае павышэнне эфектыўнасці заняткаў ад укаранення ў навучальны працэс планшэтаў і нэтбукаў, заявіў кіраўнік дзяржавы.
«Папярэджваю, гэта не павінен быць эксперымент з загадзя запраграмаваным вынікам. Гэта не павінна быць падстройванне пад моду: кожнаму нэтбук, кожнаму камп’ютар пад паху – ідзі, вучыся. Гэта каштуе грошай», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама перасцярог ад любых праяў карупцыі ў гэтым пытанні. «І глядзіце, каб мы не ўліплі ў якую-небудзь карупцыю, дамовіўшыся з нейкім адным вытворцам наконт гэтых камп’ютараў. Калі ўжо мы ідзём на гэта, то гэта павінна быць сумленна, адкрыта, і гэта павінна быць лепшым па якасці ў нашых школах», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама асабліва звярнуў увагу на тое, што выкладанню інфарматыкі, замежных моў і фізічнай культуры трэба надаць пераважна прыкладны характар.
У навучальных установах неабходна стварыць максімальна спрыяльныя і прывабныя ўмовы для прыцягнення спонсараў і павелічэння пазабюджэтных даходаў навучальных устаноў. Пры гэтым не павінна быць парушана агульнадаступнасць і бясплатнасць асноўных адукацыйных паслуг.
На думку Прэзідэнта, першым захадам у гэтым напрамку можа стаць вызваленне ад выплаты падатку на прыбытак усіх устаноў адукацыі па прыкладу ВНУ.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што калі забяспечаная сям’я гатова аказаць дапамогу навучальнай установе, то «вазьміце ў іх гэтыя грошы і накіруйце куды трэба». «А мы павінны ў верасні ў Міністэрстве адукацыі стварыць пад гэта нарматыўна-прававую базу і дакладна прапісаць, для чаго гэтыя грошы павінны выкарыстоўвацца і на што ні ў якім выпадку нельга іх накіроўваць», – адзначыў Прэзідэнт. Ён таксама дадаў, што калі будзе прынята рашэнне аб вызваленні ад падаткаабкладання на прыбытак, то гэтыя сродкі могуць пайсці на даплату для харчавання дзяцей, іншай падтрымкі. Прэзідэнт таксама пазітыўна ацаніў праведзеную па краіне акцыю дапамогі і падрыхтоўкі да школы дзяцей з малазабяспечаных сем’яў. «Дзецям жа дапамагаем – гэта святое», – сказаў ён.
Шукайце прэстыж
у сваім розуме
Прэзідэнт Беларусі лічыць, што статус педагогаў у грамадстве трэба ўзняць на новую вышыню.
«І мы ведаем, што для гэтага трэба зрабіць. Дык давайце зробім», – сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да педагогаў.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што прэстыж прафесіі настаўніка катастрафічна ўпаў, як толькі панізіліся патрабаванні да маральнага аблічча настаўнікаў, іх прафесійнага ўзроўню і агульнай культуры. «Калісьці ў гэту сферу ішлі лепшыя з лепшых. Не проста было аказацца дастойным высокага прызвання Настаўніка», – нагадаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, сёння студэнцкі кантынгент фарміруецца па астаткаваму прынцыпу, туды ідуць тыя, каго больш нікуды не ўзялі. Аднак і ў гэтай сітуацыі абітурыентаў часам проста не хапае: па выніках уступнай кампаніі 2011 года засталіся незапоўненымі дзясяткі месц на педагагічныя спецыяльнасці. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта вялікі недахоп Міністэрства адукацыі і ўрада.
«Шукайце прэстыж, перш за ўсё, у сваім розуме і сваёй рабоце. Усё астатняе рана ці позна прыйдзе», – звярнуўся кіраўнік дзяржавы да педагогаў. Ён таксама дадаў, што дзяржава будзе іх падтрымліваць не толькі маральна, але і матэрыяльна.
Акрамя таго, Прэзідэнт адводзіць важную ролю сродкам масавай інфармацыі ў фарміраванні станоўчага іміджу педагагічнай прафесіі, сацыяльнага статусу настаўніка і выхавальніка. «У сістэме адукацыі працуе нямала сапраўдных энтузіястаў сваёй справы, выдатных, таленавітых людзей, для якіх іх работа не рамяство, а жыццёвае прызванне. Іх вопыт павінен служыць прыкладам і стаць набыткам усёй грамадскасці», – падкрэсліў Прэзідэнт.
БелТА
Со своими предложениями выступил на совещании директор профессионально-технического колледжа Игорь КИТИКОВ:
Сегодня профессионально-технические учебные заведения Минской области не только готовят квалифицированные рабочие кадры, но и производят конкурентоспособную продукцию, оказывают качественные услуги.
В нашем колледже в Год предприимчивости открыта станция техобслуживания автомобилей. Она не только конкурирует с частными автомастерскими, но и переманивает часть клиентов из Молодечно и Минска. У нас дешевле, но качество ремонта не хуже.
Весной мы открыли первый, и пока единственный,интернет-магазин в системе образования. На сайте магазина представлена информация о товарах и услугах, производимых и оказываемых всеми учреждениями профтехобразования области. Здесь можно приобрести двери, окна, спецодежду, постельное белье, сельскохозяйственную продукцию. За 4 месяца зарегистрировано более двух тысяч посетителей, реализовано товаров и услуг на 0,5 миллиарда рублей.
Совместно с районным управлением по труду и занятости населения мы организовали обучение основам предпринимательской деятельности незанятого населения. Выпущена пилотная группа 25 человек, часть из них уже трудоустроена. Колледж заработал 4,3 миллиона рублей.
Уважаемый Александр Григорьевич, сегодня на базе ВУЗов и других предприятий создаются бизнес-инкубаторы по поддержке малого предпринимательства. Мы тоже хотим попробовать создать своего рода учебный бизнес-инкубатор. Где наши учащиеся, параллельно с получением специальности, могли бы осваивать навыки ведения бизнеса, проводить маркетинговые исследования, составлять бизнес планы, и все, что связано с открытием своего дела. Мы считаем, что такие знания значительно повысят конкурентноспособность современного рабочего на рынке труда.
Глава государства поддержал новации в работе колледжа и гарантировал им государственную поддержку.







