На рахунку знакамітага камбайнера з ААТ «Сцешыцы» Уладзіміра Батуры, памочніцай у якога працуе дачка Вераніка, на 9 жніўня было больш за тысячу тон намалочанага збожжа (з улікам рапсу).
У гэты адказны час хлебаробы жывуць галоўным – у тэрмін убраць вырашчанае збожжа і па-гаспадарску яго спарадкаваць. Вось і шчыруюць яны дзеля гэтага, не ведаючы стомы і карыстаючыся кожнай пагодлівай гадзінай.

Прыемная навіна прыляцела з адкрытага акцыянернага таварыства» Сцешыцы»: на 9 жніўня знакаміты камбайнер гэтай гаспадаркі Уладзімір Батура са сваёй памочніцай дачкой Веранікай мелі на сваім рахунку 1007 тон намалочанага збожжа (з улікам рапсу). Працуюць яны на «Джон Дзіры», якім Уладзімір Васільевіч кіруе ўжо пятнаццатае жніво.
Шмат гадоў ведаю гэтага механізатара, неаднаразова ён быў героем журналісцкіх матэрыялаў, і заўсёды пры сустрэчах з ім у мяне міжволі ўзнікае думка, што на такіх людзях – нястомных, адказных, сапраўдных майстрах сваёй справы – і трымаецца сельская гаспадарка.
А Уладзімір Васільевіч менавіта такі і ёсць. Любоў да зямлі і працу на ёй ён перадаў сваім дзецям. Пяцёра дачок і сыноў у гэтай дружнай сям’і, і кожным з іх Уладзімір Васільевіч і яго жанка Таццяна Уладзіміраўна могуць ганарыцца. Крысціна, Васіль, Вераніка ўжо дарослыя, абралі свае дарогі ў жыцці, а вось у Ульяны і Ягоркі яшчэ ўсё наперадзе, цяпер іх галоўны клопат – вучоба. Практычна ўсе старэйшыя дзеці ў свой час былі бацькавымі помочнікамі на жніве, ды і сёлета Вераніка, якая вучыцца ў Ваеннай акадэміі, на канікулах з задавальненнем стала побач з татам на камбайн. «Хоць і дзяўчына, а ўсё ведае, усё ў яе атрымліваецца, – у голасе Уладзіміра Васільевіча чуюцца ноткі гонару за дачку. – Мае права на ваджэнне не толькі легкавых, але і грузавых машын…» Ну і малодшы сынок, Ягор, відаць па ўсім, неўзабаве стане достойным памочнікам тату-камбайнеру.
Шчасце. Кожны з нас разумее яго па-рознаму. Аднак для большасці людзей яго складаемымі з’яўляюцца моцная сям’я, дзе любяць, разумеюць і клапоцяцца адно аб адным, і любімая работа, у якой ты прафесіянал і без якой не ўяўляеш свайго жыцця. Усё гэта ў знакамітага камбайнера ёсць. Пажадаем Уладзіміру Васільевічу здароўя і новых працоўныдасягненняў!
Ірына БУДЗЬКО








