Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Генадзь Кучко. Ад рабочага колішняга саўгаса «Ільянскі» да кіраўніка лепшага сельгаспрадпрыемства Вілейшчыны

Ад рабочага колішняга саўгаса «Ільянскі» да кіраўніка лепшага сельгаспрадпрыемства Вілейшчыны – такі шлях прайшоў Генадзь Кучко, вядомы не толькі ў нашым раёне, але і далёка за яго межамі чалавек. Пра яго жыццё і прафесійнае станаўленне хочацца расказаць у гэтым матэрыяле.

Пачатак усяго – бацькоўскі дом

Расказваючы сёння пра сваё дзяцінства, юнацтва, выбар прафесіі, Генадзь Мечыслававіч абавязкова тлумачыць, што праца ў сельскай гаспадарцы для яго – заканамернасць. А як жа інакш мог паступіць юнак, які вырас у сямі’і калгаснікаў, з малых гадоў бачыў сялянскія клопаты і вельмі рана да іх прызвычаіўся?

Генадзь Кучко з чарговай узнагародай на раённым злёце перадавікоў

– Сям’я наша жыла ў Стайках, бацькі працавалі паляводамі ў саўгасе «Ільянскі». Нас, дзяцей, у сямі’і было трое: мае сёстры Валянціна з Марыяй і я. Бацькі заўсёды трымалі на падворку вялікую гаспадарку, усе многа працавалі. Трэба было дзяцей карміць-апранаць, вучыць. Мне было адзінаццаць, калі не стала бацькі – памёр ад цяжкай хваробы. Канешне ж, мы, дзеці, стараліся ва ўсім дапамагаць маме, але ж асноўны цяжар лёг на яе плечы. І з жаночымі, і з мужчынскімі работамі спраўлялася… Таму і стараўся я, адзіны мужчына ў хаце, хутчэй падставіць ёй сваё плячо. У гадоў чатыр­наццаць ўжо ўпраўляўся і з плугам, і з касою. Памятаю, па дзве каровы трымалі, і трэба ж было назапасіць ім сена на зіму… Што і казаць, хапала клопатаў, не да гульняў было. А яшчэ ж і ў мясцовую гаспадарку на працу хадзіў, зарабляў грошы, якія пасля аддаваў маме, што называецца, на сямейныя расходы.
Ужо тады, у юнацтве, хлопец ведаў, што жыць і працаваць ён будзе тут, на бацькаўшчыне, каб быць побач з роднымі і дапамагаць ім.

Прафесійнае станаўленне

Сямнаццацігадовым юнаком пачаў Генадзь Кучко сваю працоўную дзейнасць рабочым у саўгасе «Ільянскі». Ішоў час, і хлопец разумеў, што да тых практычных навыкаў, якімі ён валодаў, вельмі патрэбны і веды, таму паступіў вучыцца ў сельгастэхнікум на прафесію, да якой асабліва цягнулася душа – на агранамію. Вывучыўся і зноў вярнуўся ў родныя «Стайкі», дзе пачаў працаваць у мясцовай гаспадарцы інжынерам-гідратэхнікам. Затым была служба ў арміі, пасля якой хлопец прыехаў у родныя «Стайкі». Тут яму спачатку даверылі працаваць памочнікам брыгадзіра, затым – аграномам-насенняводам, пазней – інжынерам-меліяратарам. Той перыяд Генадзь Мечыслававіч узгадвае з асаблівымі цеплынёй і ўдзячнасцю сваім галоўным настаўнікам у працы.

Вось ужо сапраўды, як у той вядомай песні: «Да разве сердце позабудет того, кто хочет нам добра, того, кто нас выводит в люди, кто нас выводит в мастера…» Для Генадзя Кучко такімі сталі тагачасныя кіраўнікі Кузьма Дзягілеў, Дзмітрый Хварасцін, Віктар Лемех, у якіх ён вучыўся не толькі тонкасцям сваёй прафесіі, але і жыццё­вай навуцы, адносінам да людзей. Там жа лёс звёў Генадзя Мечыслававіча з вядомымі на Вілейшчыне Яўгенам Язінскім, Іванам Шнітоўскім, Аляксандрам Альшэўскім і многімі іншымі, працу з якімі таксама лічыць падарункам лёсу.

Паралельна з працай была вучоба ў Гродзенскім сельгасінстытуце ўсё на той жа агранаміі, пасля заканчэння якога Генадзь Кучко атрымаў кваліфікацыю «вучоны аграном». У той час ён ужо працаваў галоўным аграномам у Ільянскім саўгасе-тэхнікуме, адкуль у далёкім ужо маі 1988-га быў накіраваны старшынёй калгаса «XXI з’езд КПСС». Сёння гэта ААТ «Нарачанскія зоры» – усім нам вядомая гаспадарка.

«… зоры», што асвятляюць Вілейшчыну

Некалькі гадоў таму назад пісала матэрял пра дасягненні лепшай гаспадаркі Вілейшчыны. Тады і нара­дзіўся гэты выраз, вынесены ў падзагаловак. Прайшоў час, а мы і сёння з усёй упэўненасцю можам сказаць, што «Нарачанскія зоры» і сапраўды, кажучы сучаснай мовай, брэнд Вілейшчыны. На працягу дзесяцігоддзяў з’яўляецца гаспадарка лідарам сельскагаспадарчай галіны раёна, называецца ў ліку перадавых на абласных і рэспубліканскіх узроўнях. І гэта, безумоўна, дзякуючы прафесіяналізму, гаспадарскаму падыходу да справы і людзей кіраўніка – Генадзя Кучко. Праўда, ён – чалавек тактоўны і выхаваны – з гэтым не пагаджаецца і заўсёды ўдакладняе: поспех і дасягненні «Нарачанскіх зораў» – заслуга агульная.

– У нас кожны спецыяліст на сваім месцы, прафесіянал у сваёй справе, – расказвае Генадзь Мечыслававіч. – Узяць, да прыкладу, нашага галоўнага агранома Віктара Драчылоўскага. Больш за тры дзясяткі гадоў працуе ён у нашай гаспадарцы, высокакласны прафесіянал, які да драбніц ведае і прымяняе ў працы і тое, чаму вучылі нас продкі, і сучасныя тэхналогіі. Ды і кожны спецыяліст і радавы працаўнік заслугоўваюць самых шчырых слоў падзякі.
Таму і стараюцца ў Нарочы, каб жыццё сялян было камфортным і прыгожым. У аграгарадок падведзены прыродны газ і цэнтральнае ацяпленне, аграрыі атрымліваюць дастойныя зарплаты, кіраўніцтва гаспадаркі паклапаціліся, каб у любую пару – нават самую гарачую – працаўнікі палёў і фермаў мелі гарантаваныя выхадныя. Школа, дзіцячы садок, музычная школа, Дом культуры, фельчарска-­акушэрскі пункт… Тут ёсць усё для дастойнай жыцця­дзейнасці людзей.

– А прырода якая ў нас! – усміхаецца Генадзь Мечыслававіч. – Такія маляўнічыя мясціны, што душа радуецца.

Ён жыве не толькі вытворчымі клопатамі, і гэта, канешне ж, правільна. Не было такога, каб Генадзь Кучко праігнараваў, дапусцім, апошні званок у школе. Вось і ў мінулую суботу пабываў на гэтым хвалюючым мерапрыемстве, сказаў цёп­лыя словы маладым, якія выходзяць у самастойнае жыццё. У душы, прызнаецца, заўсёды жывуць спадзяванні, што нехта з гэтых хлопцаў і дзяўчат выбярэ сельскагаспадарчую прафесію, вернецца ў родныя «…зоры».

– Мы заўсёды рады моладзі, бо гэта ж – наша змена, будучыня, – разважае кіраўнік. – За два апошнія гады, напрыклад, мы ўзялі ў гаспадарку шэсць маладых аграномаў. Так атрымалася, што некалькі дзяўчат з іх пайшлі ў дэкрэтны (і гэта таксама вельмі важна), адзін хлопец у арміі – зараз працуюць толькі двое. Думаю, у нас і застануцца.

У вольны час

Задала Генадзю Мечыслававічу пра яго пытанне і па выразе яго твару зразумела, што яго, вольнага часу, у майго субяседніка і няма. Пачуўшы пра паляванне і рыбалку, ён толькі ўсміхнуўся: не мае гэта гісторыі.

– Калі выдаецца ў нас хвіліна вольная, дык мы з жонкай Ларысай Уладзіміраўнай стараемся наведацца да дзяцей у Маладзечна, – падзяліўся Генадзь Мечыслававіч. – Чац­вёра ўнукаў у нас, старэйшаму шаснаццаты год, малодшай – няма і двух. Цікава з імі, весела. Гля­дзіш, радуешся за іх, усведамляеш, што яны – наша прадаўжэнне. Жыццё працягваецца.
Па працы і адзнакі

За час працы ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Нарачанскія зоры» Генадзь Кучко быў узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі», ордэнам Пашаны, мноствам ганаровых грамат роўных узроўняў. У свой час быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Вілейшчыны».

У лютым бягучага года Генадзю Мечыслававічу пры­своена званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь». Высокае гэта званне, ганаровае і ім, безумоўна, спаўна заслужанае. Шчырай працай, прафесіналізмам, гаспадарлівасцю і чалавечнасцю. Уражанні ад той урачыстасці ў Палацы Незалежнасці, дзе высокія ўзнагароды ўручаў сам кіраўнік дзяржавы, засталіся назаўсёды. Урэшце, за сваё працоўнае жыццё Генадзю Мечыслававічу пашчасціла не раз атрымліваць заслужаныя ўзнагароды з рук Прэзідэнта. Вось і ў гэты раз было гэтак жа хвалююча і запамінальна: і моцны поціск рукі, і словы падзякі за шматгадовую працу, і пажаданні новых поспехаў і дасягненняў.

Дзень сённяшні

У час сустрэчы мы з Генадзем Мечыслававічам не гаварылі пра лічбы і планы – размаўлялі больш пра яго. Праўда, гэта не вельмі ўдавалася – Кучко не з тых, хто любіць паўтараць «я» – для яго важней «мы». «Жывём, працуем, робім сваю звык­лую справу і стараемся як мага болей зрабіць для нашых людзей», – так коратка сказаў ён пра клопаты сённяшняга дня.

Нібыта між іншым адзначыў, што ў гэтым годзе за свае сродкі набылі два аўтамабілі «МАЗ» і пяць трактараў, да жніва запланавалі абнавіць і камбайнавы парк. У бліжэйшых планах – набыццё дрона, які павінен аблегчыць працу галоўнага агранома. Актыўна рыхтуецца да прадстаячага ўборачнага сезона тэхніка, распачаўся рамонт адміністратыўнага будынка, добраўпарадкоўваюцца-расквечваюцца тэрыторыі фермаў – усе гэта і многае іншае і ёсць жыццё і штодзённы клопат Генадзя Кучко. Шчырага, добразычлівага чалавека і кіраўніка «…зораў», што асвятляюць Вілейшчыну.

Ірына БУДЗЬКО/Фота Таццяны ШАРШНЁВАЙ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 184 queries