Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Сяўба ранніх яравых у раёне заканчваецца

Сяўба ранніх яравых у раёне заканчваецца. На 20 красавіка з ёю ўправіліся ў большасці гаспадарак.

У некаторых, дзе вясновыя замаразкі пашкодзілі азімыя, аператыўна перасяваюць участкі з загінулымі зерневымі. Гэтай справай былі заняты і ў “Першым Беларускім”, дзе мы пабывалі ў мінулы панядзелак.

– З асноўным пасевам ранніх яравых ужо закончана, засталося толькі перасеяць пашкоджаныя ўчасткі, – расказаў галоўны аграном гаспадаркі Дзмітрый Курленка. – Перазімавалі, здавалася б, азімыя нядрэнна, дружна так зазелянелі. А затым замаразкі… Шкада, што столькі перасяваць трэба, ды нічога не зробіш. У нас сёлета сяўбу правялі два механізатары – Барыс Яўгель і Мікалай Курленка, мой бацька. Яны ж зараз і перасяваюць пашкоджаныя ўчасткі – Барыс Іванавіч каля Цярэшак сее ячмень, а бацька – пшаніцу каля Добравічаў.

Гэтыя прозвішчы – Яўгель і Курленка – у “Першым Беларускім” гучныя. Ды і не толькі тут. У хлебаробскім асяроддзі ўсяго раёна прадстаўнікі гэтых дынастый доб­ра вядомыя.

ЯЎГЕЛЬ

Барыс Іванавіч – з патомасных хлебаробаў. У сельскай гаспадарцы працавалі яго бацькі, гэтай адвечнай справе прысвяціў сваё жыццё і ён сам. З дзяцінства дапамагалі бацьку-механізатару сыны, і адзін з іх, Ігар, – сам ужо знакаміты механізатар, дастойны прадаўжальнік хлебаробскай справы. Вось і ў дзень нашага прыезду ён працаваў на другім канцы поля, недалёка ад бацькі.

На вясновых палетках «Першага Беларускага» перадавы механізатар Барыс Яўгель

Прыгадалася, як гады два-тры назад Ігар Яўгель быў названы ў ліку лепшых маладых механізатараў Міншчыны, і гэта заслужана. Ён плённа, з усёй аддачай працуе на палетках “Першага Беларускага”, на бацькаўшчыне, дзе нара­дзіўся і вырас, глыбока пусціў карані, стварыў сям’ю, атрымаў жыллё.

У дзень прыезду мы пагутарылі з Барысам Іванавічам пра справы вытворчыя і жыцейскія, пра вясновыя клопаты, якія традыцыйна становяцца пачаткам няпростага шляху да новага ўраджаю. Колькі сіл, намаганняў патрабуецца ад працаўнікоў на гэтым шляху! Нялёгкая, адказная, шчодра палітая потам хлебаробская справа і, разам з тым, такая родная, знаёмая да драбніц, звыклая, без якой і не ўяўляецца само жыццё…

– Працуем, надвор’е ж вунь якое, трэба выкарыстоўваць кожны такі дзянёк, –зазначыў Барыс Іванавіч. Як і заўсёды, ён быў у добрым настроі, з якім, як вядома, і працуецца лягчэй.

КУРЛЕНКА

Мікалая Яўгенавіча і Ніну Сяргееўну Курленкаў пераехаць з забруджаных радыяцыяй месцаў на Вілейшчыну прымусіла жаданне выратаваць дзяцей. Ды і самі ж былі зусім маладымі. У іх сям’і на той час падрастаў Дзімка, і хацелася, каб хлапчук дыхаў чыстым паветрам. Так жыццёвыя шляхі-пуцявіны прывялі Курленкаў у “Першы Беларускі”, дзе яны набылі другую радзіму. Тут працавітыя людзі знайшлі сабе занятак, паказаўшы сябе гас­падарлівымі, надзейнымі людзьмі. І сваіх сыноў – Дзмітрыя і Максіма – выгадавалі такімі ж.

Мікалай Курленка з сынам Дзмітрыем, галоўным аграномам гаспадаркі

Усе Курленкі працавалі і працуюць у мясцовай гас­падарцы і ніколі аб гэтым не пашкадавалі. Майстар на ўсе рукі, Мікалай Яўгенавіч і цяпер, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, не адмаўляе гаспадарцы ў дапамозе. Вось і сёлета яны з Барысам Яўгелем, як кажуць, дуэтам “закрылі” ўсю сяўбу. А ўжо пазней пачнецца яшчэ адна кампанія, якая ў “Першым Беларускім” традыцыйна не абыходзіцца без старэйшага Курленкі – зялёнае жніво.

У гаспадарлівых і працавітых мноства спраў і дома, таму, пакуль муж на працы, Ніне Сяргееўне, якая да нядаўняга часу была загадчыцай сталовай у гаспадарцы, сумаваць няма калі. На падворку – карова, свінні, куры, ёсць, як і ва ўсіх дбайных вяскоўцаў, агароды. А прыйдзе ягадна-грыбны сезон, руплівая жанчына не прамінае схадзіць за ляснымі дарункамі. Сваё ж працоўнае месца яна ўступіла надзейнаму чалавеку – нявестцы Вользе, з упэўненасцю, што яна дастойна працягне справу.

Працоўныя сямейныя дынастыі – гэта не толькі прыгожа, але і ганарова. А яшчэ – надзейна. Дзяды і бацькі як эстафету перадаюць сваім дзецям і ўнукам любоў да зямлі і працы на ёй – галоўнае, без чаго не ўяўляецца само жыццё.

Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 147 queries