Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Памылка

Яны заўсёды мне здаваліся цэлым. Нібыта з самага нараджэння былі разам. І калі чула пра палавінкі, якія раскіданы па свеце і ўсё жыццё шукаюць адна адну, заўсёды міжволі ўзгадвала іх, Ніну і Валеру. Ім пашчасціла, яны знайшлі адно аднаго…
Гэта было каханне, калі і сапраўды людзі не маглі існаваць паасобку. Куды б ні ішла Ніна, з ёй заўсёды быў Валера… Дзе б ні сустрэў Валеру, там была і Ніна. І дома, і на працы (абое яны бураўнікі) усе звыкліся з гэтым. Хтосьці называў іх сіямскімі блізнюкамі, іншыя – то хвосцікам, то іголкай з ніткай, але не злосна называлі, а з нейкай прыхаванай зайздрасцю і павагай. У душы многія зайздросцілі гэтаму вялікаму каханню, якое было непадуладна часу.
Прайшлі гады, сталі дарослымі дзеці, для якіх сямейнае жыццё бацькоў стала прыкладам для пераймання – маладыя сем’і таксама былі трывалымі і шчаслівымі. Мне заўсёды здавалася бясспрэчным, што словы «яны жылі доўга і шчасліва…» менавіта пра іх, Ніну і Валерыя. Між тым, і іх чакала сур’ёзнае выпрабаванне.
Неяк на будоўлі здарылася аварыя, у якой Валерый даволі сур’ёзна пацярпеў. Доўга лячыўся ў бальніцы, затым праходзіў рэабілітацыю, а пасля на сямейнай радзе прынялі рашэнне адправіць яго ў санаторый. Мужчына паехаў, праўда, без асаблівага жадання. І менавіта там, у санаторыі, адбылася сустрэча, якая перавярнула ўсё жыццё маіх герояў, ледзь не развяла іх назаўсёды…
Санаторны раман успыхнуў ярка і вельмі хутка. Урэшце, для доўгіх роздумаў у такіх выпадках часу няма. Яркая жанчына, паспяховая, нейкая незямная, звярнула ўвагу на яго, такога звычайнага і ціхмянага, – і Валерый згубіў галаву…
Ці трэба расказваць, што перажыла Ніна, даведаўшыся пра здраду мужа! Былі слёзы, роспач, пачуццё безвыходнасці і непатрэбнасці. Але ў глыбіні душы жыла ўпэўненасць, што ўсё, што робіцца з Валерыем, – недарэчнасць, часовае асляпленне. Пройдзе час, верыла жанчына, і муж адумаецца.
Так яно і атрымалася. Пасля спробы стаць шчаслівым з незвычайна-незямной Валерый вельмі хутка адчуў, што яго душа рвецца да той, адданай толькі яму, шчырай і спагадлівай. І ён вярнуўся да яе, нізка схіліўшы галаву…
Цяпер яны зноў разам. І здаецца, што не было ў іх сумесным жыцці таго цяжкага перыяду, пасля якога кожны з іх пераасэнсаваў сваё жыццё.
– Кожны памыляецца, – разважае Ніна. – На тое ж мы і людзі.
Вось так проста і мудра аргументуе яна сваё рашэнне дараваць і даць шанс. А колькі ж сямей, падумалася, разбілася з-за таго, што некаму не хапіла вось гэтай простай мудрасці!
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries