Выязная мабільная група тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва выязджае да нямоглых вяскоўцаў і комплексна
ім дапамагае.

Нярадасная тэндэнцыя сучаснасці – старэюць вёскі, асабліва невялікія, аддаленыя ад райцэнтра, і ўсё меней і меней застаецца там жыхароў. Некаторыя бабулі і дзядулі ў сваёй роднай хатцы жывуць толькі ўлетку, а зімуюць у гарадскіх дзяцей; іншыя ж, хто па волі лёсу застаўся ў старасці адзінокім, жывуць у роднай вёсцы, спраўляючыся з усімі клопатамі з дапамогай сацыяльных работнікаў. За іх, сваіх “нянек”, як часта называюць старыя памочнікаў, бабулі і дзядулі дзякуюць Богу і дзяржаве. Гэта ж нават уявіць немагчыма, як спраўляліся б без іх з рознымі бытавымі праблемамі. А імі для нямоглых і адзінокіх з гадамі становяцца самыя, здавалася б, простыя работы. Хіба цяжка было маладому і спрытнаму вяскоўцу прынесці вады, дроў, расчысціць снег? Ды ніколечкі, нават прыемна. А вось старому гэта рабіць няпроста, а часам і немагчыма.
– Так, раскіданасць, аддаленасць, маланаселенасць вёсак, недахоп у іх працаздольных людзей і сапраўды праблема, – пагаджаецца загадчык аддзялення сацыяльнага надомнага абслугоўвання Вілейскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Данута Раманоўская. – Каму-каму, а працаўнікам нашага аддзялення гэта вядома як нікому. Вось і стараемся рабіць усё магчымае, каб дапамагчы кожнаму, каму гэта неабходна.
Ужо год, як цэнтр арганізаваў новую форму работы з нямоглымі насельнікамі аддаленых вёсачак Даўгінаўскага і Людвіноўскага сельсаветаў: па канкрэтных адрасах на транспарце цэнтра накіроўваецца выязная мабільная брыгада цэнтра у складзе траіх чалавек. Прыехаўшы да непрацаздольнага чалавека, памочнікі, нібы клапатлівыя дзеці, справяцца з усімі справамі: наносяць вады, навядуць парадак у хаце, спарадкуюць дровы… Як кажуць, адрасат адзін, а спраў хопіць усім. Удзячным гаспадару ці гаспадыні застаецца толькі дзякаваць сваім памочнікам.
– Канешне ж, людзі ўдзячны нам, – падзялілася сацработнік з Людвінова Аксана Максімовіч, якая выязджае ў далёкія вёскі ў складзе мабільнай брыгады. – Выконваем цэлы комплекс работ, з якімі самім людзям не справіцца. “Нашы дзяўчаткі” – так называюць нас вяскоўцы, чакаюць і з радасцю сустракаюць.
Як расказала Аксана Мікалаеўна, сацыяльныя паслугі непрацаздольным аказваюцца ў парадку чаргі з улікам устаноўленага ліміту прабегу на транспарт цэнтра. Вяскоўцы ацанілі такую паслугу і заўсёды рады мабільнай брыгадзе. Мабільнай у поўным сэнсе слова, бо даязджаюць памочнікі ў самыя далёкія і маланаселеныя вёскі.
Ірына БУДЗЬКО/Фота прадастаўлена тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва








