Вельмі патрэбную справу пачалі супрацоўнікі Вілейскай раённай бібліятэкі сумесна з гісторыка-краязнаўчым музеем – аформілі стэнд пра вуліцу Савецкую, галоўную ў нашым горадзе. Яны сабралі надзвычайна цікавы матэрыял, знайшлі рэдкія фотаздымкі.
– Шкада, што не дажыў да гэтага дня Анатоль Рогач, – узгадаў вядомага краязнаўцу дырэктар раённай бібліятэчнай сістэмы Мікалай Пацко. – Я абяцаў яму, што мы зробім стэнд пра гэту вуліцу з цікавай гісторыяй. І вось абяцанне, дадзенае гэтаму светламу чалавеку, выканана…
На мерапрыемства ў бібліятэку ў гэты дзень прыйшлі людзі, якім неабыякавы лёс нашага горада. Былі цікавыя ўспаміны, гучалі цудоўныя песні ў выкананні вілейскіх артыстаў.
За сваю гісторыю вуліца некалькі разоў змяняла сваю назву. Спачатку яе называлі проста – вуліца ад царквы. Яна праходзіла, як і сёння, ад Георгіеўскай плошчы (сённяшняя плошча Свабоды) да будынка колішняга казначэйства (сёння тут размяшчаецца прадпрыемства «Садружнасць») і гарадскога сада. Вуліца была часткай паштовай дарогі з Мінска да Дзісны, таму яна нейкі час насіла назвы Мінскай і Мінска-Дзісненскай. Пазней называлася Аляксандраўскай, затым – Пілсудскага, з 1940-га – Савецкай, затым – Беларускай, з 1944 года – зноў Савецкай. На гэтай вуліцы ў мінулым размяшчаліся гімназія імя Генрыха Сенкевіча, казначэйства і банк, аптэкі, найлепшыя гарадскія крамы, рэстараны, прэстыжныя гатэлі «Асторыя», «Англія», «Еўропа»… Менавіта гэта вуліца ў святочныя і нядзельныя дні ператваралася ў базар, дзе змешваліся людзі, коні, падводы – ішоў бойкі гандаль…
А яшчэ тут жыў адзіны на той час вілейскі фатограф Берка Берман, які пакінуў пасля сябе цудоўныя фотаздымкі тагачаснага горада і яго жыхароў…
На дзве гадзіны (прыкладна столькі доўжылася мерапрыемства ў бібліятэцы) усе прысутныя акунуліся ў гісторыю вуліцы Савецкай. З дапамогай супрацоўнікаў гісторыка-краязнаўчага музея Сяргея Ганчара, Вольгі Коласавай, бібліятэчных работнікаў Тамары Камінскай, Ганны Герко, мастака Эдуарда Мацюшонка, архітэктара Анатоля Капцюга мы пераносіліся на вуліцу розных гадоў: то нібыта самі былі на шумным гарадскім базары; то святочным днём выйшлі, як кажуць, на праменад, а фатограф Берман паспеў «схапіць» нас са свайго балкончыка на другім паверсе; то праходзілі па спаленай і зруйнаванай вуліцы, выношваючы жаданне як мага хутчэй яе аднавіць; то разам з хлапчуком Толікам (ён жа вядомы сёння архітэктар Анатоль Капцюг) стараліся любым спосабам трапіць у кінатэатр (а быў ён тады якраз тут, у бібліятэцы!), дзе паказвалі «Тарзана», «Шлюб па-італьянску»…
Усё гэта было і жыве сёння ў нашай памяці. Жыве дзякуючы цудоўным людзям, неабыякавым, апантаным. З такімі нам пад сілу пісаць летапісы кожнай вуліцы, праводзіць іх святы, рабіць такія вось цудоўныя стэнды, якія будуць расказваць пра мінулае і вуліц, і пабудоў з багатым гістарычным мінулым.
Задумку бібліятэкараў і музейных работнікаў ствараць усё гэта адобрылі і падтрымалі намеснік старшыні райвыканкама Святлана Дзяруга, старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч, колішні дырэктар музея Яўген Ігнатовіч. Цёплыя словы ў адрас краязнаўцаў гаварылі суседзі – прадстаўнікі ўстаноў і арганізацый, якія знаходзяцца на вуліцы Савецкай. Людзі, адклаўшы ўбок сур’ёзныя справы, прыйшлі ў бібліятэку, каб акунуцца ў гісторыю… Значыць, для іх гэта надзвычайна важна. Значыць, нашаму гораду жыць і прыгажэць. І будзе ён такім жа чыстым, дагледжаным, адметным сваёй непаўторнасцю. І кожны з нас, гаворачы пра родны горад, можа паўтарыць услед за вілейскім паэтам Мікалаем Патаповічам: «И в инее снежном, и в пене садов его выделяю из всех городов…»
Ірына БУДЗЬКО. Фота аўтара
Пра вуліцу Савецкую аформілі стэнд
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ












