Дзесяць гадоў працуе на Вілейскім хлебазаводзе Алена Дуровіч і з кожным годам усё больш пераконваецца ў правільнасці гэтых слоў.
Што ні робіцца ў жыцці – усё да лепшага. Так кажуць у народзе. Вось і гераіня гэтай публікацыі Алена Дуровіч некалі ў маладосці, як і многія іншыя, імкнулася знайсці сябе недзе далёка, а высветлілася, што і прызнанне, і вялікае каханне, і ўвогуле само шчасце чакаюць яе тут, у Вілейцы.
Алена нарадзілася і вырасла ў дружнай сялянскай сям’і ў вёсцы Касцяневічы. Бацькі – сумленныя, працавітыя і чулыя – выгадавалі траіх дачок і двух сыноў на сваім жыццёвым прыкладзе, галоўнымі прынцыпамі якога былі працавітасць, сумленнасць, любоў да людзей. Немалаважна і тое, што бацькоўскі дом размяшчаецца непадалёк ад касцёла, куды маці з маленства вадзіла дачок і сыноў і заўсёды вучыла іх жыць па запаведзях Усявышняга. Усё гэта, канешне ж, паўплывала на іх станаўленне.
Зараз Алена Тадэвушаўна з вялікай павагай і любоўю гаворыць пра бацькоў – простых людзей, якія змаглі выхаваць дзяцей сапраўднымі людзьмі. Кожны з пяці знайшоў сваё дастойнае месца ў жыцці і сумленна робіць справу, якой сябе прысвяціў.
Сама Алена пасля заканчэння школы паехала ў сталіцу, каб у вучылішчы набыць прафесію швачкі. Пасля вучобы працавала ў Маладзечне. У канцы васьмідзясятых гадоў становішча на прадпрыемстве пагоршылася, што адбілася на зарплаце працуючых. Многія пачалі шукаць шчасця ў свеце. Задумалася пра гэта і Алена, тым больш, што сяброўка прапаноўвала ёй разам паехаць у Санкт-Пецярбург. Там, маўляў, будзе праца і заработкі.
– Памятаю, прыехала дамоў і кажу маме: “Паеду ў Піцер”, – з усмешкай прыгадала Алена Тадэвушаўна. – А яна мне ў адказ: “А можа, на Юпіцер?”. Карацей, адгаварыла. Засталася я дома і ў хуткім часе пайшла працаваць на “Зеніт”. Тут і сустрэліся мы з Уладзімірам, а праз пэўны час пажаніліся. Вось так, дзякуючы мудрай мамінай парадзе, усё склалася ў маім жыцці. Хіба гэта не пацвярджэнне, што ўсё, што б ні рабілася, да лепшага?
Ва ўсялякім разе ў Алены Тадэвушаўны так яно і ёсць. Вось і з работай так атрымалася. Працуючы на “Зеніце”, выйшла замуж, праз нейкі час пайшла ў дэкрэтны, нарадзіла дачушку Крысціну. Гэта былі няпростыя дзевяностыя гады, калі і на заводзе адчуваліся пэўныя цяжкасці. Так атрымалася, што пасля дэкрэтнага Алена трапіла пад скарачэнне і зноў пачала шукаць работу. Перыядамі ўладкоўвалася недзе на падмену, была і ў статусе беспрацоўнай. Так працягвалася да 2010 года. Неяк звярнулася на хлебазавод, і яе адразу ж узялі на працу. У хуткім часе прапанавалі быць машыністам расфасовачна-упаковачных машын на хлебабулачным участку. “Пакуем, наразаем хлеб, батоны”, – так даступна растлумачыла Алена Тадэвушаўна свае абавязкі.
31 сакавіка 2010 года – гэту дату жанчына запомніла назаўсёды. Менавіта ў гэты дзень яна прыйшла працаваць на хлебазавод.
– За дзесяць гадоў прадпрыемства стала мне такім блізкім! – дзеліцца мая суразмоўца. – Тут працуюць душэўныя людзі, якія заўсёды дапамогуць. Такі наш кіраўнік Анатоль Пятровіч Сяргей, такая ж старшы майстар Марыя Віктараўна Краўчанка, ды і ўвесь калектыў, у якім працую. Іншы раз думаю, што і не могуць быць іншымі людзі, якія прычасныя да нараджэння хлеба…
На ўсё жыццё запомніла Алена Тадэвушаўна словы бацькі, калі ён даведаўся, што дачка ўладкавалася працаваць на хлебазавод: “Ты, дачушка, як у рай трапіла, бо хлеб – гэта ж святое…” Праходзяць гады, і жанчына ўсё болей пераконваецца ў праўдзівасці бацькавых слоў.
Нядаўна ў жыцці Алены Дуровіч адбылася важная падзея: ёй уручана Падзяка старшыні раённага выканаўчага камітэта – за добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны і ў сувязі з прафесійным святам – Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. Узнагароды працаўнікам хлебазавода старшыня райвыканкама Алег Бегунец уручыў на іх прадпрыемстве. “Запамінальная і ўрачыстая сустрэча атрымалася, – падзялілася ўражаннямі Алена Тадэвушаўна. – Вельмі прыемна было чуць ад старшыні райвыканкама падзячныя словы за працу і шчырыя пажаданні далейшых поспехаў”.
Расказваючы пра свой жыццёвы шлях, жанчына прызнаецца, што яна ўдзячна лёсу за ўсё, што ён ёй падарыў. І нічога-нічога ў сваім жыцці ёй ніколі не хацелася памяняць, бо ўсё склалася шчасліва.
– У мяне вельмі добры муж, які ва ўсім дапамагае, падтрымлівае і ўсё разумее, – адзначыла мая суразмоўца. – Ён усё можа рабіць, да ўсяго здольны. Закончыла ўніверсітэт і працуе праграмістам наша дачушка Крысціна, і гэта радуе. Мы ў міры і згодзе пражылі практычна разам з мужавымі бацькамі, дагледзелі іх у старасці, за што нам не сорамна. А яшчэ ў мяне ёсць калектыў, дзе мне камфортна працаваць, бо ўсведамляеш, што цябе тут паважаюць і цэняць. Гэта не высокія словы, я на самой справе ганаруся, што працую на прадпрыемстве, дзе выпускаюць такі смачны хлеб. І гэта не толькі мая ацэнка, але і водгукі многіх іншагародніх спажыўцоў нашай прадукцыі.
Усё, пра што сказала Алена Тадэвушаўна, і з’яўляецца, на маю думку, галоўнымі складаемымі жаночага шчасця.
Ірына БУДЗЬКО/Фота з сямейнага архіва ДУРОВІЧАЎ