Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У кожны дом – цяпло і клопат

Працоўны дзень сацыяльнага работніка Надзеі Пушкінай пачынаецца з наведання магазінаў і аптэкі – трэба купіць усё неабходнае для сваіх падапечных і аднесці ім.

А ў час надомнага наведання выканаць і іншыя даручэнні: некаму трэба прыбраць у кватэры, іншаму неабходна дапамагчы прыняць ванну… Ды і ці мала ў чым патрэбна дапамога ўжо немаладым і нездаровым людзям!

Ужо восем гадоў працуе Надзея ў аддзяленні надомнага абслугоўвання тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. А некалі нават і не думала пра гэту прафесію… За плячыма Надзеі – прафесійна-тэхнічнае вучылішча, тэхнікум, у якім вучылася на юрыста. Ды жыццё выбрала для маладой жанчыны зусім іншую прафесію.

– Атрымалася ўсё неяк выпадкова, – расказвае пра гэта Надзея. – Пасля вучылішча мне давялося крыху папрацаваць на дрэваапрацоўчай вытворчасці, а пасля пайшла ў дэкрэтны. Нарадзіўся старэйшы сын, а праз тры гады – і малодшы. Калі прыйшоў час выходзіць на працу, пагутарыла са сваёй знаёмай, якая працавала на той час сацыяльным работнікам, і вырашыла таксама паспрабаваць сябе ў гэтай няпростай, але такой важнай для людзей справе. Адразу падалося, што не спраўлюся, нават памяняць прафесію думала…

Спачатку Надзея працавала пад­меннай тых сацработнікаў, хто пайшоў у водпуск. Старанне і адказнасць маладой жанчыны кіраўніцтва хутка ацаніла і даверыла ёй пастаянны ўчастак.

– Зараз абслугоўваю восем чалавек, – расказала Надзея. – Усе яны – вядомыя на Вілейшчыне людзі, якія многа зрабілі для нашага краю. Сямейная пара Уладзімір Іванавіч і Святлана Леанідаўна Глушковы, Марыя Сямёнаўна Рынкевіч, Яўге­нія Міхайлаўна Мількота, Аглаіда Уладзі­міраўна Жыхар, Галіна Фёдараўна Іль­кевіч, Ніна Сяргееўна Руткевіч, Віктар Васільевіч Пастрэвіч… За плячыма кожнага з іх – дастойнае жыццё, самаадданая праца кожнага ў сваёй галіне на карысць грамадству. Я ўдзячна лёсу, што звёў мяне з гэтымі людзьмі, і заўсёды стараюся, каб яны былі задаволены маёй працай і каб пасля нашых сустрэч у іх былі добры настрой і станоўчыя эмоцыі. І, ведаеце, для мяне цяпер кожны з іх – нібыта родны, вельмі блізкі чалавек.

У шматлікім пераліку ўсіх тых абавязкаў, якія выконваюць, дапамагаючы сваім падапечным, сацыяльныя работнікі, няма паслугі пад назвай “выслухаць і падтрымаць”. Між тым гэта, лічыць Надзея, надзвычайна важны абавязак кожнага сацработніка.

– Так прыемна, што мяне мае падапечныя заўсёды чакаюць з нецярпеннем, – дзеліцца жанчына, – і не толькі з-за таго, што прынясу ім прадукты ды лекі, прыбяру ў доме, ды памераю ціск, але і для таго, каб пагутарыць, абмеркаваць нейкія навіны. Падчас такіх размоў я сама многаму вучуся. Напрыклад, таму, як лепш зразумець іншых, як знаходзіць выйсце з няпростых жыццёвых сітуацый і як цаніць кожны пражыты дзень. У каго ж вучыцца, як не ў такіх дастойных людзей!

А пасля працоўных будняў Надзею чакае яе сям’я, якой таксама патрэбны яе клопат, ласка і цеплыня. І абавязкаў у яе, як і ў кожнай гаспадыні прыватнага дома, хапае. Ды з кожным годам, прызнаецца жанчына, усё больш прыкіпае яна душой да сваёй працы, да калектыву, якім кіруе яе галоўны настаўнік у прафесіі Данута Раманоўская, і да сваіх падапечных, без якіх ужо не ўяўляе свайго жыцця.

Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 143 queries