Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Жыхарка з Вілейскага раёну мае багаты вопыт прыёмнай мамы: выхоўвала 19 прыёмных дзетак акрамя траіх родных

У сям’і прыёмных бацькоў Таццяны і Валерыя Бабушкіных з 2004 года выхоўвалася 19 прыёмных дзетак. І гэта акрамя траіх родных.

На нядаўна прайшоўшай урачыстасці з нагоды Дня маці ў раённым Палацы культуры ўшаноўвалі многіх матуляў Вілейшчыны, якія ўсё сваё жыццё прысвячаюць дзеткам. Сярод запрошаных была і жыхарка Крывога Сяла Таццяна Бабушкіна, у якой, нягледзячы на малады ўзрост, ужо даволі багаты вопыт прыёмнай мамы – на працягу шаснаццаці гадоў знаходзяць цяпло, клопат і ласку ў доме Бабушкіных хлопчыкі і дзяўчынкі, якія па волі лёсу ў нейкі час не бачаць усяго гэтага ў роднай сям’і. За гэтыя гады Таццяна Анатольеўна і Валерый Анатольевіч сталі бацькамі для дзевятнаццаці прыёмных дзяцей і дастойна выхоўваюць траіх родных. А як жа ўсё пачыналася? Расказваць пра гэта Таццяна Анатольеўна пачала са свайго дзяцінства.

Яна нарадзілася тут жа, у Крывым Сяле, у мнагадзетнай сям’і, дзе падрастала васьмёра дзетак. І ўжо, напэўна, тады зразумела, наколькі гэта важна – быць сям’ёй, клапаціцца адно аб адным, дапамагаць.

Закончыўшы школу, Таццяна атрымала прафесію прадаўца і працавала ў Чыжэвічах. Там і адбылася самая важная ў яе жыцці сустрэча з чалавекам, які стаў яе вялікім каханнем і лёсам. І гэта яшчэ адно пацвярджэнне таго, што выпадковасці ў нашым жыцці, здараецца, адыгрываюць важную ролю. Валерый Бабушкін на той час жыў аж у Крыме, куды ў свой час яго бацькі, беларусы па нацыя­нальнасці, пераехалі жыць. Там хлопец і вырас. Наўрад ці прывяла б яго жыццёвая сцежка на Вілейшчыну, каб не брат, які тут жыў. Прыехаўшы неяк у Чыжэвічы, Валерый звярнуў увагу на маладую прадаўшчыцу ў магазіне. З той выпадковай сустрэчы ўсё пачалося, і праз пэўны час маладыя пажаніліся.

– Спачатку з год пажылі на ра­дзіме мужа, – расказала Таццяна Анатольеўна, – а пасля вырашылі пераехаць сюды. Дарэчы, і ніколькі не шкадуем. Валерый адразу ж уладкаваўся ў мясцовую гаспадарку, на той час гэта не была яшчэ «Усходні-агра», а «Бальшавік». Нам выдзелілі жыллё, дзе мы і жылі.

У маладой сям’і ўжо былі маленькія Толік і Даша, калі адбылася важная для ўсіх іх падзея, што ўнесла ў жыццё Бабушкіных важныя перамены. Так атрымалася, што ў іх знаёмых забралі ў інтэрнат дзяўчынку. Таццяне шкада было яе, таму яна пачала наведваць малую, забіраць яе на выхадныя, канікулы… Бываючы ў інтэрнаце, бачыла вочкі дзетак, якім так хочацца ў сям’ю! І рашэнне прыйшло само сабой: стаць прыёмнай мамай, дарыць клопат і цеплыню абдзеленым дзеткам. Муж падтрымаў яе рашэнне, і Таццяна накіравалася ў тагачасны раённы аддзел адукацыі…

З таго часу прайшло шаснаццаць гадоў. За гэты час Бабушкіны перасяліліся ў новы дом, дзе хапала і хапае месца ўсёй сям’і; пасадзілі свой сад, які ўжо пачаў радаваць яблыкамі ды іншай садавінай; завялі гаспадарку; распрацавалі агароды.

– Жывём, як і ўсе вяскоўцы, – зазначае Таццяна Анатольеўна. – А як жа ў сельскай мясцовасці без гэтага?

І на працягу ўсіх гэтых гадоў дом Бабушкіных поўніцца дзіцячымі галасамі. Адны з дзяцей падрастаюць (два хлопцы, якія жылі тут у дзяцінстве, ужо маюць сем’і, і на іх вяселлях гулялі і прыёмныя бацькі), некаторых усынаўляюць, а тыя, чые бацькі перагледзелі свае адносіны да дзяцей і свайго ладу жыцця, вяртаюцца ў родныя сем’і. Праўда, зазначае Таццяна Анатольеўна, не так часта, як хацелася б, адбываецца гэта уз’яднанне сямей…

– А дзеткам жа вельмі хочацца, каб так адбывалася! – пераканана мая суразмоўца. – Клопат, ласка, цеплыня патрэбны і дарослым, а малым удвайне. Таму, прыехаўшы да нас і адчуўшы ўсё гэта, дзеці тут жа называюць нас бацькамі. Маленькія вельмі хутка прывыкаюць і ледзь што – «Мама, паглядзі!», «Мама, дапамажы!» Практычна ўсе з нашых дзевятнаццаці дзяцей называлі і называюць нас з мужам мамай і татам. Толькі ў аднаго хлопчыка, якога мы ўзялі да сябе ўжо ў пятнаццаць гадоў, так не атрымалася, і я яго разумею: за яго плячыма і ў памяці было ўжо многае…

У чым сакрэт выхавання дзяцей у гэтай сям’і? На гэта пытанне Таццяна Анатольеўна адказвае проста: трэба іх любіць і адносіцца так, як і да родных. А што датычыць сакрэта, то ён у тым, каб як мага часцей быць разам з дзецьмі. І ў працы, і на адпачынку, і ў час падрыхтоўкі ўрокаў. Дзеці з задавальненнем разам лепяць пельмені, дзяўчынкі з мамай завіхаюцца на кухні, хлопцы дапамагаюць бацьку ладзіць машыну…

– А ўвогуле ў нас няма падзелу на мужчынскія і жаночыя абавязкі, – расказвае мама сямейства, – калі трэба, дык і хлопцы нашы маглі і посуд памыць, і за малодшымі прыгледзець.

А ў вольны час вялікая сям’я любіць бываць на прыродзе, ездзіць на экскурсіі (вось і паездка на лінію Сталіна вельмі запомнілася).

Цяпер у Бабушкіных жывуць дзве прыёмныя дзяўчынкі: трынаццацігадовая Віка і Ксюша, якой крышку болей за два гады. Маленькая трапіла ў сям’ю нядаўна, але і за гэты час Таццяна Анатольеўна вельмі палюбіла дзяўчынку. «Такая паслухмяная, ра­зумная, добрая», – характарызуе жанчына дзіцё. Безумоўна, і клопатаў з ёй хапае, бо маленькая ж яшчэ. Ды прыёмнай маме да гэтага не прывыкаць – за шаснаццаць гадоў яна навучылася быць для дзетак не проста мамай, але і настаўніцай, доктарам, сяброўкай.

Толькі што прайшоў Дзень маці, і ўспаміны пра яго грэюць Таццяну Анатольеўну. Літаральна ўсе яе дзеткі (а яны для яе – родныя, свае) павіншавалі матулю, выказалі ёй падзячныя словы. Значыць, для кожнага з іх яна – сапраўдная, блізкая і дарагая. І гэта самае галоўнае.

Ірына БУДЗЬКО/Таццяна і Валерый Бабушкіны са сваімі дзецьмі. Фота з сямейнага альбома Бабаушкіных 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 141 queries