«Касі, каса, пакуль раса…» Гэтыя радкі чамусьці круціліся ў галаве, калі мы ехалі ў Сцешыцы. Можа, таму, што і сапраўды было росна…
– Дырэктар у такую пару наўрад ці будзе ў кабінеце, – растлумачыла мне незнаёмая жанчына, з якой я сустрэлася ў адміністратыўным будынку ААТ «Сцешыцы». – На полі недзе ці ля сянажных ямаў…
Так яно і атрымалася, Віктара Каляду сустрэлі ля вёскі Бакунькі, дзе ў гэты дзень поўным ходам ішла падрыхтоўка кармоў.
– Як справы? – перапытаў Віктар Міхайлавіч і тут жа адказаў: – Нармальна. За ўчарашні дзень (21 чэрвеня. Аўт), напрыклад, закладзена 800 тон сенажу. А ўвогуле маем яго ўжо 7200, тады як у мінулым годзе было нарыхтавана 7400 тон. Дык сёлета работа яшчэ працягваецца… Карацей, да ўзроўню мінулага года 0,8 кармавой адзінкі плюсуем. Ды і на кукурузны сілас добрая перспектыва праглядваецца: і больш, чым летась, занята гэтай культурай, і праполана яна, і падкормлена своечасова.
Так ужо склалася вясной, што даволі ладныя палеткі ў гаспадарцы прыйшлося адсяваць. Няма на каго наракаць – прыродныя ўмовы не ва ўладзе чалавека. Аднак, адзначыў Віктар Каляда, сёння гэтыя адсеяныя палі радуюць дружнымі ўсходамі, і, калі не засушыць ці не вымачыць, ураджай павінен парадаваць.
Кіпіць работа ля сянажнай траншэі. Відаць па ўсім, робяцца апошнія штрыхі: некалькі працаўнікоў гаспадаркі старанна паяюць плёнку, каб атрымаць вялізнае суцэльнае палатно, якім затым акуратна закрываецца зялёная маса; трактар, што ўтрамбоўвае нарыхтаванае, падымаецца ўсё вышэй і вышэй..
– На сённяшні дзень маем ужо пяць такіх траншэяў, – расказвае дырэктар гаспадаркі. – На тое, каб запоўніць адну, патрабуецца дні чатыры. А ўвогуле, кожны з працаўнікоў зацікаўлены ў тым, каб нарыхтаваць як мага болей кармоў. І стымул у людзей ёсць – прэміяльныя, якія выдаюцца пасля запаўнення кожнай траншэі. Ды і зарплата ў гэту гарачую пару ў тых, хто працуе сумленна, дастойная – механізатару на КЗРы выходзіць больш за сотню тысяч рублёў у дзень. І гэта без прэміі.
Калі ўлічыць, што працаўнікоў яшчэ і пакормяць смачна два разы ў дзень, дык і ўвогуле нядрэнна атрымліваецца. Ды толькі не круглы год так бывае, бо праца ў сельскай гаспадарцы, як вядома, носіць сезонны характар – зімою тут часовае зацішша…
Непадалёк ад фермы сустракаем дваіх мужчын.
– Людзі, якія дастойныя таго, каб пра іх напісалі ў газеце, – адзначыў Віктар Каляда і прадставіў сваіх падначаленых: – Начальнік участка Генадзь Корбіт і загадчык фермы, ён жа і асеменатар, Павел Клімовіч.
У Генадзя Васільевіча дваццаціпяцігадовы вопыт работы ў гаспадарцы. За гэты час ён навучыўся выдатна разбірацца ў людзях і да кожнага знаходзіць падыход. Упэўнены, што без гэтага кіраўніку любога ранга ніяк нельга. А вось у Паўла Мечыслававіча працоўная кар’ера, можна сказаць, у самым пачатку. Сур’ёзна асталяваўся ён з сям’ёй у Сцешыцах, засяліўся ў добраўпарадкаваны дом. Трох дачушак гадуюць Клімовічы і не губляюць надзеі яшчэ і на сыночка.
– Вы пра дырэктара нашага добрыя словы напішыце, – папрасіў Генадзь Корбіт, скарыстаўшыся момантам, калі Віктар Каляда адышоў убок і вырашаў нейкае пытанне па тэлефоне. – Не ад мяне, ад усіх нашых працаўнікоў, пенсіянераў. Усе клопаты аб нашых «сотках» узяла на сябе гаспадарка: і ўгноіць, і пасее, і супраць жука апрацуе, і праполку зробіць… Гэта ж такая людзям дапамога!
Не магу не пагадзіцца з гэтымі словамі. Далёка не кожны кіраўнік у сельскай гаспадарцы так клапоціцца пра сваіх працаўнікоў, а ўжо пра пенсіянераў… Між тым, заслужылі людзі. Шматгадовай сумленнай працай заслужылі.
Праязджаючы паўз мехдвара, завярнулі і сюды. Тут падышлі загадчык майстэрні Андрэй Арцішэўскі, галоўны аграном Арцём Качанаў. У іх з дырэктарам заўсёды знойдуцца тэмы для размовы. Падключыўся і механізатар Андрэй Шмыкаў, які зараз займаўся рамонтам, а часцей за ўсё яго можна сустрэць то на ворыве, то на адвозцы зялёнай масы, то на нейкіх іншых важных сельскагаспадарчых работах. Адкрытыя ўсмешлівыя твары, малады запал, зацікаўленасць у найлепшым выніку іх агульнай работы – гэта я ўбачыла ў многіх маіх новых знаёмых са «Сцешыц». А яшчэ – усведамленне важнасці свайго ўкладу ў калектыўную працу і веданне сабе цаны як сумленнаму працаўніку. Вось і пастух Аляксандр Іваноў, з якім мы сустрэліся ля адміністратыўнага будынка, – з такіх. Працавіты, лёгкі на пад’ём, адкрыты, ён цвёрда замацаваўся ў гаспадарцы. Мае сям’ю, атрымаў добраўпарадкаванае жыллё, трымае немалую гаспадарку – жыве спрадвечнымі клопатамі селяніна. І жыве дастойна.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара






