Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Тамара

У лёгкай сукеначцы і ў туфельках на высокім абцасе Насця выглядала сапраўднай прынцэсай. Як да твару ёй блакітны колер, як падыходзіць ён да яе вачэй! Тамара міжволі ўсміхнулася, любуючыся дачкой, а пасля не стрымалася, прыгарнула да сябе яе светлую галоўку і пацалавала, як некалі, калі дзяўчынка была маленькай:
– Прыгажунька ты мая, зусім дарослая ўжо…
Насця гарэзліва бліснула сваімі бяздоннымі вачыма:
– Не, ты праўду скажы, мама, як мой убор… Не сорамна будзе на выпускным? Толькі шчыра. Ну во, зноў вочы на мокрым месцы…
Тамара неяк вінавата адвярнулася, у думках дакараючы сябе. Заўсёды чамусьці так атрымліваецца, што ў хвіліны, калі трэба радавацца, міжволі нагортваюцца слёзы. Можа, яны ад радасці, а можа, ад таго, што ўзгадалася сваё юнацтва ды тое, што ўсе лічуць яе жыццё няўдалым. Ну, не атрымалася моцнай сям’і, пра якую марыла. Хацелася мець многа дзяцей, гаспадарлівага мужа, а выйшла, што яна і Насця – вось і ўся сям’я. Ды і вывучыцца не ўдалося, хоць была ў школе адной з лепшых вучаніц.
У той год была вельмі цёплая вясна, дружна пайшлі ў рост травы і, здавалася, цвіце ўсё-усё навокал. Тамара з сяброўкамі здавала выпускныя экзамены, а ў думках была ўжо ў медыцынскім інстытуце. Беленькі халацік, туфелькі на высокім абцасе, прычоска – такой бачыла сябе дзяўчына. Вось яна, звонка цокаючы абцасамі, праходзіць па бальнічным калідоры, і ўсе, хто размінаецца з ёй, пачціва вітаюцца: «Дзень добры, Тамара Іванаўна». А яна з лёгкай усмешкай адказвае на гэтыя прывітанні, а часам прыпыняецца, пытаецца ў людзей пра самаадчуванне, дае нейкія рэкамендацыі…
Прыгожым марам не суджана было збыцца – у медыцынскі яна не паступіла, правалілася на другім экзамене. Дамоў прыехала з пачуццём віны і некалькі дзён не выходзіла з хаты.
– Хопіць ужо сядзець, – сказала неяк маці, – бярыся за справу. Зойка-сакратарка пайшла ў дэкрэтны, дык Сямёнавіч не супраць узяць цябе. Справішся, усё ж не горшай вучаніцай была ў школе.
І Тамара стала працаваць у калгаснай прыёмнай. Паступова адступала крыўда за тое, што не ўдалося паступіць. Дзяўчына настройвала сябе, што да будучага лета абавязкова падцягне тую біялогію і стане студэнткай. Балазе, праца знайшлася такая, што будзе час і з падручнікамі пасядзець…
Той дзень Тамара будзе памятаць заўсёды. Як звычайна, яна сядзела ў прыёмнай і нешта стукала на машынцы. Старшыні на месцы не было. І тут у дзвярах з’явіўся ён, незнаёмец. Высокі, загарэлы, у модных джынсах. Прывітаўшыся, кіўнуў на дзверы:
– На месцы?
Дзяўчына адказала. Малады чалавек хвіліну патаптаўся, нібы вырашаючы, што яму рабіць, а затым пацікавіўся:
– А ты, прыгажуня, адкуль узялася?
– Чаму узялася? – разгубілася Тамара. – Працую я тут, дэкрэтны даю. А сама мясцовая.
– Тады давай знаёміцца, – усміхнуўся хлопец і працягнуў ёй руку: – Мяне Сяргеем завуць. Галоўным інжынерам працую ў суседняй гаспадарцы. Будзем, думаю, бачыцца часта…
З таго часу і закруцілася. Вельмі нядоўгім – толькі адно лета – было іх каханне. Сяргей прыязджаў на матацыкле, забіраў яе, наіўную і шчаслівую, і яны імчалі куды-небудзь, дзе іх не бачылі, не ведалі, не перашкаджалі… Аслепленая каханнем, дзяўчына не задумвалася, чаму хлопец так упарта, наадрэз адмаўляецца бываць з ёй у людных месцах (а ёй так хацелася прыйсці з ім у клуб, паказаць каханага сяброўкам), чаму кожныя выхадныя заняты з малымі пляменнікамі… Толькі ў верасні Тамара даведалася, што ў яе «жаніха» – сям’я, двое маленькіх дзяцей. І стала зразумела, што яе будучаму малышу наканавана расці без бацькі…
Што перажыла за тыя гады, лепш не ўзгадваць. Рухнулі надзеі на далейшую вучобу, на першы план выйшла зусім іншае – яе дачушка, нечаканая горка-салодкая радасць. Яна жыла, смяялася, вымаўляла першыя словы, пачынала хадзіць – гэтым жыла і маладая мама. Неўзабаве захварэла і не змагла працаваць маці, і яе месца на ферме заняла яна, Тамара. Думала, што часова, а атрымалася назаўсёды. Вось і Настачка вырасла, неўзабаве выпырхне з роднага гнязда. Можна было б і Тамары падумаць пра сябе, пашукаць лягчэйшую работу, нешта памяняць у жыцці – яшчэ ж і сарака няма… А ёй ужо і не ўяўляецца нешта іншае. Куды яна – ад роднай хаты, ад сваёй гаспадаркі, ад бацькоўскіх магіл? Ды і Настачцы ж куды прыязджаць? Тут яе дом – а гэта галоўнае.
…– Ці не заснула ты, мамуля? – дачка кранула Тамару за плячо, прагнаўшы прэч успаміны. – Дык ты лічыш, што сукенка мне да твару? Я таксама так думаю, мамачка…
Дзяўчына горда адкінула назад светлыя валасы, яшчэ раз крытычна агледзела сябе ў люстэрку. Відаць па ўсім, засталася задаволенай, бо, чмокнуўшы маму ў шчаку, пабегла пераапранацца. Тамара ўсміхнулася, падышла да люстэрка, ацэньваючf паглядзела на сябе. Няхай сабе і не прыгажуня, але дастаткова прывабная жанчына. Дзякуй Богу, здаровая, яшчэ маладая, а ў дадатак – дачушка, прыгажуня і выдатніца. Дык чаму лічуць, што не склалася яе жыццё?
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries