Магчыма, не кожны чытач раёнкі ведае, што ў Ільянскім сельскім Савеце існуе вёска Барсукі. Яна маленькая, не на кожнай мапе пазначана. Адлік свой вядзе з 1794 года. Калісьці была ўласнасцю віленскіх манахінь-бенедыкцінак, але ў пазнейшыя часы ўласнікі мяняліся. У 1938 годзе тут было 14 двароў, 78 жыхароў.
Зараз вёсачка на мяжы знікнення. Але людзі, якія тут жывуць, – вялікія патрыёты сваіх родных мясцін, дзе б ні былі – у думках любяць блукаць радаводнымі сцежкамі, бо здаўна іх продкі шчыравалі тут на зямельцы, шанавалі папярэднікаў, іх веру і звычаі. І, відаць, нездарма аднавяскоўцы свайго жыхара Івана Пякарскага празвалі «асілкам», бо былы механізатар мясцовага калгаса не толькі дужы целам, але і на пенсіі доўгі час трымаў вялікую гаспадарку. Нават і пчалярствам займаўся, праўда, цяпер скардзіцца, што ўжо сіла не тая, даймаюць хваробы розныя. Але знайшліся ў гэтых краях, калі можна сказаць, і асілкі духу, якія вырашылі ўшанаваць вёску памятным знакам. Менавіта дзякуючы Міхасю Вайтовічу і Сяргею Шушкевічу з’явілася на ўскрайку паселішча памятная пліта. На ёй выбіты словы:
Хай неба нашай любові
Ратуе цябе ад нягод.
Жыві ў справах, жыві ў слове,
Родная вёсачка, з году ў год.
Збудаванне атрымалася ўзнёслым і запамінальным. Асвяціў яго Міхаіл Стэцюк – настаяцель прыхода храма святога вялікамучаніка Георгія Перамаганосца ў пасёлку Партызанскі. Шчаслівага лёсу табе, родная вёска!
Мікола КУТАС/Фота прадастаўлена аўтарам