Гэтым артыкулам мы працягваем серыю аповедаў пра ўнікальныя аб’екты сакральнай і грамадскай архітэктуры, што напаткаў лёс забыцця: яны былі спалены падчас войнаў, разбураны ці сышлі ў нябыт са знікненнем паселішчаў, зменай дзяржаў і па многіх іншых прычынах.
У нашай серыі публікацый мы закранём пласт адметных будынкаў драўлянага і мураванага дойлідства Вілейшчыны: касцёлаў і цэркваў, сінагог і капліц, што існавалі на нашай тэрыторыі і пра якія мы ведаем цяпер толькі па старых фотаздымках, з надрукаваных і вусных успамінаў, з навуковых даследаванняў.
Серыю артыкулаў “Страчаная спадчына Вілейшчыны” працягваем аповедам пра маёнтак Клесін. Сучасная вёска Клесіна – гэта невялічкая вёска ў Людвіноўскім сельсавеце Вілейскага раёна, асноўнай архітэктурнай славутасцю якой з’яўляецца капліца, што была пабудавана ў сярэдзіне 19 стагоддзя. Прыгожая каменная каплічка, якую ў народзе называюць “касцельчык”, размяшчаецца каля дарогі ў чыстым полі, а не ў самой вёсцы Клесіна, і больш правільна казаць – размешчана паміж вёскамі Клесіна, Цярэшкі і Малышкі, недалёка ад маста праз Сэрвач. Сама вёска Клесіна першапачаткова ўзгадваецца ў дакументах 19 стагоддзя. У 1921–1939 гадах яна знаходзілася ў складзе Польшчы, а ў 1938 годзе ў дакументах таго часу ўзгадваецца як хутар у Крывіцкай гміне Вілейскага павета Віленскага ваяводства. У той час тут налічвалася 30 двароў з насельніцтвам 165 жыхароў. Пасля далучэння да БССР у 1939 годзе Клесіна было ў складзе Куранецкага раёна Вілейскай вобласці. З кастрычніка 1940 года вёска Клесіна стала ўваходзіць у Касцяневіцкі сельсавет.
Першая пісьмовая ўзгадка пра маёнтак Клесін у Крывіцкай воласці Вілейскага павета адносіцца да 1834 года, калі ім валодаў памешчык Іван Каверскі. У 1897 годзе ў маёнтку налічвалася 24 жыхары. З гэтага можна зрабіць вывад, што на канец 19 стагоддзя маёнтак Клесін быў даволі багаты. На той час тут меліся каменныя пабудовы гаспадарчага двара, а вось сам палац быў, напэўна, драўляным і пабудаваны на рубяжы канца 18 – пачатку 19 стагоддзяў. Па некаторых звестках вядома, што ў гаспадарчым двары клесінскага маёнтка размяшчаліся аборы і стайні, а таксама меліся свіраны са збожжам. Каля 50 гектараў маёнткавай зямлі займалі ворыва, сенажаць і паша. Нават зараз яшчэ маюцца рэшткі гаспадарчых пабудоў маёнтка, якія знаходзяцца ў межах вёскі. Але галоўным напамінам пра былую веліч маёнтка Клесін з’яўляецца былая сядзібная капліца, што была пабудавана ў першай палове 19 стагоддзя ў аддаленні ад гаспадарскага дома.
Першапачаткова клесінская капліца ўзводзілася ў якасці каталіцкай і была прыпісаная да касцёла Св. Андрэя ў Крывічах (цяпер Мядзельскі раён). Невялікі, у стылі класіцызму, будынак з бутавага каменя мае прастакутны аб’ём з трохграневай апсідай, перакрыты двухсхільным дахам. Над уваходам, хутчэй за ўсё, на час будаўніцтва капліца завяршалася вежкай. Столь у капліцы плоская, драўляная, падшыўная. Пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гадоў на беларускіх землях, клесінская каплічка была ў 1869 годзе перароблена ў праваслаўную. У міжваенны перыяд, калі вёска Клесіна ўваходзіла ў склад Польшчы, капліца была вернута каталікам. Пасля Другой сусветнай вайны капліца была зачынена і з часам ператваралася ў руіны. Аднак у пачатку 1990-ых гадоў яна зноў была перададзена праваслаўнай царкве і адрэстаўравана. На сёння гэтая дзеючая праваслаўная капліца знаходзіцца ў добрым стане і з’яўляецца цікавай славутасцю. Капліца дзейнічае як праваслаўная, аднак мясцовыя жыхары працягваюць называць яе “касцельчык”. Знаходзячыся як бы сярод поля, сёння гэты невялікі архітэктурны помнік прыцягвае ўвагу цікаўных турыстаў і падарожнікаў.
Яшчэ адным адметным помнікам, што размяшчаўся каля вёскі Клесіна, быў помнік прыроды “клесінскія каменныя валы”. Вялізныя камяні, што лічацца ў народзе “скамянелымі валамі”, вядомыя на Беларусі ў многіх раёнах. Такі быў і каля вёскі Клесіна былога Касцяневіцкага сельсавета. Там з трох камянёў два былі падобныя на валоў і адзін – на чалавека. Лічылася, што гэта араты з дзвюма валамі, ператвораныя ў камяні за тое, што працавалі на свята Барыса і Глеба. Усяго на тэрыторыі Беларусі захавалася дзесяць валуноў пад назвамі “вол” або “валы”. Гэтыя камяні, варта звязваць з культам паганскага бога Вялеса, які лічыўся апекуном жывёлы, а само імя гэтага бога этымалагічна роднаснае са словам “вол”. На жаль, дзе цяпер гэтыя камяні невядома, бо падчас распрацоўкі палёў яны былі звезены ў розныя месцы і з цягам часу зніклі.
Вось такая гісторыя маёнтка Клесін, яшчэ слаба вывучаная і амаль невядомая, але вартая, каб яе памяталі і ганарыліся.
Сяргей ГАНЧАР/Фота globus.by