Адназначна магу сцвярджаць: не спіцца корманарыхтоўшчыкам райаграсэрвісу. Трамбоўкай зялёнай масы ў сянажных траншэях яны займаюцца і ў начны час. Палавіна запланаванага на першы ўкос пажыўнага корму ўжо закансервавана. Закрыты траншэі ў Ялажычах і Вайдзенях. А сёння маштабны працэс сенакосу можна назіраць ва ўрочышчы Чарчонава. Карты буйнага травастою раскінуліся ўздоўж трасы Вілейка-Маладзечна. На сенажацях, навыперадкі з «Ягуарам», рухаюцца ўпартыя, імклівыя «КЗРы».
Толькі за ўчарашні дзень “Райаграсэрвіс” нарыхтаваў 430 тон травяністых кармоў, трапіўшы ў тройку лідараў па тэмпах корманарыхтоўкі.
Больш дзесяці адзінак тэхнікі адвозяць да траншэй здробненую масу. Прыемна ўражвае, што ўся карысная для корманарыхтоўшчыкаў інфармацыя змешчана непадалёку на стэндзе і прыкрыта ад доўгачаканага дажджу звычайнымі канцылярскімі файламі. Пад імі – звесткі аб даведзеных на кожны агрэгат заданнях, нормах выпрацоўкі, запланаваных і выкананых. Дарэчы, улік тут наладжаны чотка.
– Ад Сняткова, ад «Ягуара»… – кожны па-рознаму, на свой манер, падае інфармацыю. А ўсю яе занатоўвае ў сваіх спісах бухгалтар аграсэрвісу Марына Кунавіч. Яна вядзе ўлік паліва, рэйсаў, перавезеных тон… Прадстаўнікі інжынернай службы сочаць за станам тэхнікі. Аграном, брыгадзір арганізуюць работы і кантралююць захаванне тэхналогіі закладкі сенажу. Пашпарт на сянажную траншэю занатоўвае такія актуальныя яе параметры, як аб’ём і від масы, захаванне тэмпературнага рэжыму – усё, што адсочваецца прадстаўнікамі адміністрацыі, мабілізаванымі яе кіраўніком для непасрэднага ўдзелу ў корманарыхтоўках.
На мінулы стойлавы перыяд райаграсэрвісу не хапіла запасу кармоў, на іх набыццё спатрэбіліся пэўныя выдаткі, зусім непажаданыя для складанага фінансавага становішча арганізацыі.Негатыўны вопыт свайго папярэдніка сёння ўлічвае новы кіраўнік райаграсэрвісу Аляксандр Бядрыцкі. Таму такі напружаны тэмп корманарыхтовак. Сёння яны перакінуліся на меліяраваныя землі. І, па запэўніванню Аляксандра Яўгеньевіча, дзве сянажныя траншэі на ўскрайку Чарчонава да выхадных будуць закрыты. Тым больш, што травяністая маса паступае сюды і з так званага ўрочышча Верына. Праехаць туды не проста. Грунтовая дарога паўз меліярацыйнай канавы згінаецца мудрагелістымі петлямі, рызыкуючы засмактаць у пасчаныя барханы колы нашага «усюдыхода».
– Два гады назад “зрабілі” меліярацыю: падчысцілі рэчышчы канаў, высеклі хмызнякі, – у словах Аляксандра Бядрыцкага – удзячнасць тым, хто здзейсніў гэту важную справу, дазволіўшы працаўнікам райаграсэрвісу правесці тут перазалужэнне і сёння мець багаты ўраджай травяной масы. Яшчэ адзін прыродны фактар прыйшлося адкарэкціраваць: зламаць гаць, змайстраваную бабрамі на самым сцёку канавы. Прамарудзілі б, ашчаджаючы стваральны пыл гэтых неўтаймаваных жывёл – і на месцы сённяшняга сенакосу магло б разліцца штучнае возера з вадаплаваючымі істотамі. . Праўда, бабры зноў пачынаюць гаціць. І цяжка пакуль знайсці кампраміс у адносінах з высокаарганізаванымі прадстаўнікамі жывёльнага свету. Пры вонкавай гармоніі ён часта стварае для чалавека супярэчнасці, пераадолець якія немагчыма без стварэння пэўных канфліктных сітуацый паміж «зацікаўленымі» бакамі. Наша ж, чалавечая зацікаўленасць,сёння ў тым, каб разумна скарыстаць прыродны патэнцыял зямлі. Гэтым якраз і займаюцца корманарыхтоўшчыкі райаграсэрвісу. Акрамя сенажу нарыхтавана ўжо 170 тон сена. Надвор’е дазволіла мець гэтыя традыцыйныя для сялянскай гаспадаркі кармы, якія ўбіраюць у сябе ўвесь багаты водар сенакосу і захоўваюць яго на працягу доўгай зімы. Як успамін пра незабыўнае лета. Незабыўным, хоць і меў ужо такіх нямала ў сваім механізатарскім жыцці, будзе яно і для Аляксандра Сняткова, які з напарнікам Мікалаем Селюном завяршае сёння касьбу траў ва ўрочышчы Верына. Дзённая выпрацоўка кожнага вагаецца ў межах 250-260 тон зялёнай масы, – канстатуе кіраўнік падсобнай гаспадаркі «Дружба» Аляксандр Альфер. Не можа ён абыйсці ўвагай руплівую працу Віталя Кульбацкага, які на «К-700» трамбуе траншэю. Абыходзіцца без памочнікаў. Фарміруе масу як стог сена кладзе, ніводная травінка ў яго не апынецца за ямай. Дакладна ўсё разлічвае, на ўзроўні інтуіцыі.
– Не страшна на вертыкальным узлёце? – пытаюся ў Віталя, паназіраўшы за тым, як яго агрэгат на крутым пад’ёме прасуе здробненую траву.
– Што там страшнага, я прывык, – сур’ёзна ўспрымае мой жартаўлівы выпад механізатар. – На «кіраўцы» я ўжо чатырнаццаць год. І летась, і пазалетась на ім траншэі трамбаваў. – А да сезону корманарыхтовак Віталь рыхтуе глебу пад сяўбу. Яго магутнай тэхніцы ў гаспадарцы заўсёды знаходзіцца справа.
Дагледжаны сенакос цісне бліжэй да меліярацыйных канаў пустазелле, пакідаючы ўсё ж месца для пышнага разнатраўя. Цешаць вока блакітныя званочкі, разлівае мядовы водар кучаравы вятроўнік, гарыцвет запальвае ружовыя агеньчыкі над стаячай вадой. І адлюстроўваюцца ў ёй аблокі далёкіх і такіх блізкіх нябёс.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара






