Словам «гаспадар» назваць сябе кожны не супраць, калі ідзе размова пра ягоную сядзібу. Але абавязкі па яе догляду некаторыя чамусьці любяць перакласці не чужыя плечы – камунальнікаў, дарожнікаў або сельскі Савет. Кіруючыся пры гэтым непарушнай логікай: усё, што па-за плотам, – не маё. Ды што па-за плотам – часам і ў некаторы двор прайсці складана. Чарговая паездка па раёне разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў выявіла, што на фоне добраўпарадкаваных домікаў занядбалыя і зарослыя травой сялібы глядзяцца асабліва неахайна. І паўстае пытанне: няўжо іх гаспадары толькі завуцца, а не з’яўляюцца гаспадарамі на самой справе?
На ўездзе ў Касцяневічы кіпіць работа – ставяць новы плот. Заўважаем, што вясковыя могілкі акуратна абкошаныя. Як потым расказала Наталля Шавялёва – стараннямі КБА. Трава каля дарожнага знака, які абазначае населены пункт, таксама падкошана.
Будынак сельвыканкама ў Касцяневічах аздабляюць розныя дэкаратыўныя расліны і кампазіцыя з элементамі нацыянальнага каларыту: буслянка з буслам, на якой знайшлося месца нават драўлянаму колу ад вазка, цагляны збан, што размясціўся побач са штучным вадаёмам, вакол якога «вырас» сланечнік і застылі выразаныя з фанеры і расфарбаваныя певень і гусі. Крыху наводдаль заўважыла свежапафарбаваныя скрыні пад смецце. Старшыня сельвыканкама Наталля Шавялёва патлумачыла, што яны будуць стаяць на могілках, каб людзям было зручна наводзіць там парадак і не шукаць, куды дзець смецце. Наогул,у Наталлі Леанідаўны шмат задумак па добраўпарадкаванні, якія паступова ўвасабляюцца ў жыццё.
Раз надарылася такая магчымасць – не магла не зазірнуць ў магазін «Прамтавары» райспажыўтаварыства. І, ведаеце, пустых паліц я там не ўбачыла. «Усё неабходнае ў нас ёсць», – абвяла рукой свае «ўладанні» прадавец Людміла Каўзовіч. Пральныя парашкі айчыннай вытворчасці, мыйныя сродкі, трыкатаж для дзяцей і дарослых, тавары для рамонту, розныя дробязі, неабходныя ў дамашняй гаспадарцы, сельскагаспадарчы інвентар. А ўсмешка ў жанчыны такая абаяльная, што так і хочацца што-небудзь набыць. У магазін заходзяць мясцовыя жыхары, без усякага ажыятажу робяць неабходныя пакупкі. Для пакупнікоў у магазіне дзейнічае і прыемная акцыя, назва якой гаворыць сама пра сябе – «Ільгота імянінніку».
Кароткі экскурс у сельскую краму скончаны, і мы адпраўляемся аглядаць тэрыторыю сельсавета. Плошча, якую займае Касцяневіцкі сельсавет, немалая. Праязджаючы па вёсках, бачылі шмат прыкладаў гаспадарлівасці і дбайнасці. Люба-дорага было зірнуць на вуліцу Палявую ў Людвінове, уздоўж якой выстраіліся новыя домікі. Ні табе зарослай травы, ні смецця. Праполатыя агародчыкі, упрыгожаная розным чынам – у кожнага свой густ – прысядзібная тэрыторыя. Прыкладна з 2008 года ў іх засяліліся работнікі гаспадаркі, і ўражання, што людзі яны часовыя, не ўзнікае. Але ў нашым жыцці без бінарных супрацьлегласцей не бывае. Таму побач са станоўчымі прыкладамі, на жаль, трапляліся і з’явы безгаспадарлівасці. Распачатае будаўніцтва ФАПа ў цэнтры Ерхаў прыпынена, як тлумачаць у ТМА – з-за недахопу фінансавання. А пабудова, якая магла б быць карыснай людзям, з цягам часу разбураецца і становіцца небяспечнай для далейшага эксплуатавання. Каля Сутокаў у адзін рад выстраіліся будынкі, што літаральна дыхаюць на ладан. Здаецца, што вось-вось яны разбурацца, нібы картачныя. Наталля Шавялёва кажа, што арганізацыя, якой яны належаць, іх і не зносіць, але і не даглядае. А, між тым, у сельскі Савет звяртаецца шмат ахвотнікаў набыць участак ці дом. У сельсавеце домікі, што прыходзяць у нягоднасць, са згоды гаспадара зносяцца. А што рабіць тады, калі гаспадар доміка ёсць, але не цікавіцца лёсам сваёй маёмасці і дазволу на знос не дае? Напрыклад, адной жыхарцы Пагоста, якой належыць такі домік у Ерхах, неаднаразова выдавалася прадпісанне, каб яна завяршыла знос дома і прыбрала будаўнічае смецце. Але воз, як кажуць, і зараз там. А на жанчыну, як тлумачыць нюансы зносін грамадзяніна і закона Наталія Радзевіч, можна ўжо заводзіць адміністрацыйны пратакол… Праязджаючы базу адпачынку філіяла ДРБУ-162, Наталія Аляксандраўна заўважыла, што летась арганізацыі давалася даручэнне пабяліць жалезабетонны плот, і ў гэтым годзе таксама гэта рэкамендавалася, але «аб’ект» і зараз не радуе белым колерам, хаваючыся за зелянінай дрэў. Вяртаючыся ў Вілейку, Наталія Радзевіч канстатуе: вёсцы, што набыла статус аграгарадка, трэба яму і адпавядаць. Гэта штодзённая праца. Адзін раз і назаўсёды парадак не навядзеш. Але праца, на мэце якой – ствараць хараство і парадак – удзячная, таму што для сябе і для людзей. Каб кожны жыў на зямлі як гаспадар, а не часовы кватарант.
Таццяна ШАРШНЁВА
Фота аўтара











