Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Пастыр душ чалавечых, гісторык і збіральнік даўніны

Невялічкая вёска Альковічы на Вілейшчыне мае настолькі багатую гісторыю, што самы вялікі горад можа пазайздросціць. Аднак не толькі летапіснай гісторыяй багатыя гэтыя мясціны, але і гісторыяй веры, на служэнні якой знаходзіцца чвэрць стагоддзя мясцовы пробашч ксёндз Анатоль Парахневіч.

Вёску Альковічы з яе вельмі прыгожым касцёлам ведаюць многія вернікі і пілігрымы, чый штогадовы шлях да святыні Будслаўскай іконы Маці Божай пралягае праз гэтыя мясціны. І сапраўды, Альковіцкі касцёл самы велічны на Вілейшчыне. Мясцовыя паданні сведчаць пра тое, што сама вёска Альковічы ўзнікла зусім невыпадкова. Аднойчы ў альховым гушчары людзі ўбачылі на дрэве абраз Маці Божай. Вестка аб гэтым цудзе абляцела наваколле, і вернікі вырашылі пабудаваць тут маленькую каплічку, недзе прыкладна ў 1699 годзе. Цудоўны абраз Найсвяцейшай Панны Марыі змясцілі ў алтары. Неўзабаве каля капліцы з’явіліся першыя хаты, і вельмі хутка вырасла цэлая вёска, якую назвалі Альховічы (пазней – Альковічы). У 1722 годзе тут быў пабудаваны драўляны касцёл імя Нараджэння Найсвяцейшай Марыі Панны. Праз 30 гадоў ён быў адноўлены і на гэты раз яго асвяцілі пад тытулам Адведзінаў Найсвяцейшай Марыі Панны. Пры касцёле тады дзейнічалі шпіталь і брацтва Маці Божай Шкаплернай, заснаванае Ордэнам кармэлітаў босых. У 1902 годзе побач са старым драўляным касцёлам пабудавалі новы, з чырвонай цэглы, у неагатычным стылі, кансэкрацыя якога адбылася ў 1905 годзе – роўна 115 гадоў таму. З таго часу храм перажываў росквіт і заняпад, бо ў савецкія часы быў зачынены і ператвораны ў сховішча зерня, а затым і, нават, мінеральных угнаенняў. Але ў 1989 годзе касцёл вярнулі вернікам. У цяперашні час храм дзейнічае, яго прыход з 2007 года ўзначальвае ксёндз Анатоль Парахневіч. Менавіта ў чэрвені гэтага года ён адзначыў 25-годдзе святарскага служэння і свой уласны юбілей.

Альковіцкі касцёл сёння – гэта цэнтр сапраўднай веры і служэння Богу, месца, цікавае з гледжання гісторыі, бо касцёл з’яўляецца не толькі перлінай святынь Вілейшчыны, але і занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Дзякуючы ксяндзу Анатолю сюды зноў вяртаюцца прадстаўнікі старажытнейшага шляхецкага роду Багдановічаў, што валодалі на працягу многіх стагоддзяў гэтымі землямі, будавалі тут велічныя маёнткі, касцёлы і, у тым ліку, пісалі гісторыю гэтай зямлі. Менавіта ксёндз Анатоль змог звязацца і пасябраваць з Анджэем Багдановічам з Варшавы, нашчадкам апошняга ўладара маёнтка ў Зацемені Караля Багдановіча. У 1939 годзе ён, васьмігадовы хлопчык, з бабуляй і цёткамі быў вывезены ў Сібір. І толькі пасля доўгатэрміновай ссылкі пераехаў у Польшчу. Ён перадаў Анатолю Парахневічу ўнікальныя матэрыялы пра свой радавод і тутэйшыя мясціны. Сам ксёндз Анатоль – гэта сапраўдная энцыклапедыя гісторыі мясцовасці, гісторыі сядзіб і іх насельнікаў са Стаек, Мацькаўцаў, Юнцавіч, Зацемені, Забалацця. Яго аповеды пра гісторыю альковіцкай зямлі можна слухаць гадзінамі, як і гісторыю самаго касцёла. І так было заўжды, дзе б ні прыходзілася слу-
жыць Анатолю Парахневічу – у Ракаве, у Заслаўі. Ён ведае кожны куточак і славутасць роднай Беларусі, а разам з тым і Польшчы, дзе ў Беластоку праходзіла яго святарскае стаўленне і навучанне.

Ксёндз Анатоль апякуецца не толькі сваімі прыхаджанамі, гісторыяй мясцовасці, але і вяртаннем і рэстаўрацыяй святынь, а цяпер і альковіцкіх. Дарэчы, на Беларусі толькі два храмы, пабудаваныя ў стылі паморска-скандынаўскай неаготыкі: першы быў у Альковічах, а другі, пабудаваны ў 1908 годзе па такім жа плане – у Камянцы Шчучынскага раёна. Але альковіцкі храм да сённяшняга часу мае больш велічнае ўвасабленне гэтага ўнікальнага стылю. А яго ўнутранае ўбранства захавалася яшчэ з 18 стагоддзя, як і захаваўся цудадзейны абраз, што з’явіўся ў свой час на альсе і які выратоўвае ад хваробаў і абараняе парафіян. Справа ў тым, што яшчэ ў 1722-м годзе, калі каранёўскі пробашч пабудаваў тут першы драўляны касцёл, туды і быў змешчаны цудадзейны абраз. Новы каменны альковіцкі касцёл будаваўся вельмі хутка – падмурак будынка быў закладзены ў 1898-м, а ў 1902-м тут ужо ішла служба. Усё самае вартаснае, што засталося ў старым храме, было перанесена ў новы. У прыватнасці, бакавыя драўляныя алтары 18 стагоддзя, забытковыя абразы і, вядома ж, самы ўшаноўваемы – Божай Маці Алькоўскай. Гэты і іншыя абразы стараннямі ксяндза і прафесійных рэстаўратараў набываюць сваю першапачатковую прыгажосць. А вось абразы Святога Міхала Арханёла канца 17 стагоддзя і «Езус, я давяраю табе» былі ў 2007 годзе скрадзеныя злодзеямі, што тады абрабавалі некалькі каталіцкіх і праваслаўных храмаў на Вілейшчыне і ў суседніх парафіях. Міхал Арханёл тры гады назад вярнуўся ў Альковічы. І з яго вяртаннем звязана адна неверагодная гісторыя, якую распавядае ксёндз Анатоль. Невядомы расійскі калекцыянер, да якога патрапілі святыні, зразумеў, што яны скрадзеныя, і прывёз іх у Івянец, у белы касцёл, які адносіцца да Ордэна Францысканцаў. Калі ксёндз Анатоль даведаўся пра гэта, то паехаў туды і ўбачыў той самы альковіцкі абраз, які вісеў побач з абразом са святым Максіміліянам Колбэ, святаром-францысканцам, што ў канцлагеры пайшоў на смерць замест незнаёмага чалавека, шматдзетнага бацькі. Максіміліян заснаваў манастыр Непакалянув пад Варшавай і ў Нагасакі. Дарэчы, японскі Непакалянув уцалеў пасля ўдару атамнай бомбы. Тады, як кажа ксёдз Анатоль, ён убачыў, што менавіта святы Максіміліян вяртае вернікам іх святыню, і зразумеў, што гэта знак, сапраўдны цуд, які, разам з іншымі цудамі, мы часта нават і не можам распазнаць у паўсядзённасці.

Старанна захоўвае ксёндз Анатоль і старадаўнія арнаты ў невялічкім музейчыку пры касцёле. Тут і вышытыя шоўкам арнаты 18 стагоддзя, аздобленыя радавымі слуцкімі паясамі. А яшчэ святар сабраў унікальную калекцыю беларускіх рушнікоў, якія папоўнілі этнаграфічны збор, што пачаў збіраць яшчэ мінулы святар. Старадаўнія кнігі, копіі сармацкіх партрэтаў пачынальнікаў роду Багдановічаў, унікальны фотаархіў мясцовай шляхты, пачынаючы з 1890 года і па 1939-ы. Гэта не поўны пералік таго, што можа ўбачыць і пра што можа пачуць кожны, хто наведае Альковічы. Не кажучы пра тое, каб на свае вочы ўбачыць асаблівае ўменне ксяндза ўпрыгожваць алтар і ўвесь храм непаўторнымі кветкавымі кампазіцыямі, з найпрыгажэйшых жывых кветак, што ён вырошчвае ва ўласным садзе. Як і пакаштаваць асабліва смачны мёд, якім частуе ксёндз з яго ўласнага пчальніка, разам са здобнай выпечкай, пірагамі і тортамі таксама ўласнага прыгатавання. Захапленні ксяндза Анатоля пералічыць цяжка.

Доўгіх год служэння Вам, ксёндз Анатоль, на вілейскай зямлі і захавання запалу цікавасці да гісторыі роднай Беларусі.

Сяргей ГАНЧАР

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 143 queries