Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

У радасці і ў горы, у багацці і ў беднасці… амаль сем дзясяткаў гадоў

Ісці разам па жыцці, падтрымліваючы і кахаючы адно аднаго, абяцаюць маладыя, уступаючы ў шлюб. Аляксей Фёдаравіч і Алена Маркаўна Біруковы з Лукаўца верныя гэтай клятве амаль сем дзясяткаў гадоў.

Многае пройдзена гэтымі мудрымі людзьмі: ваеннае ліхалецце, голад і холад, нялёгкае аднаўленне разбуранага і знішчанага ворагам. На кожным жыццёвым этапе яны сумленна і самааддана выконвалі тое, што ім даручана. І ўвесь час, які ідуць разам па жыцці (а гэта амаль семдзясят гадоў!), беражліва і з вялікай любоўю нясуць свае чыста-светлыя пачуцці, што некалі іх звязалі ў моцную сям’ю.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ураджэнец Гомельшчыны Аляксей Бірукоў толькі закончыў васьмігодку. На летніх канікулах, вырашыўшы крышку зарабіць, падаўся працаваць на Гомельскі торфазавод. Ды нядоўга давялося папрацаваць – пачалася вайна, і літаральна праз некалькі дзён пасля яе пачатку сям’я аказалася ў акупацыі. Выхаваны ў духу патрыятызму і любові да роднай зямлі, Аляксей з усім юначым запалам рваўся на фронт, каб біць ворагаў. І гэта магчымасць у яго з’явілася восенню 1943 года, калі яго прызвалі на службу і адразу ж накіравалі ў сапёры.

Узгадвае ветэран, як ён удзельнічаў у вызваленні беларускіх гарадоў Бабруйск, Гродна, Ваўкавыск… Затым пайшлі на Беласток, былі цяжкія баі на тэрыторыі Польшчы, Усходняй Прусіі. Ніколі не забудзе Аляксей Фёдаравіч і ўзяцце Кёнігсберга, прыгадваючы, як цяжка было да яго падабрацца – усё было замініравана. Вось тут было працы сапёрам! На вачах Бірукова падарваліся многія сябры, якія ў яго сэрцы і цяпер. У адным з баёў атрымаў цяжкія раненні і сам Аляксей Фёдаравіч: асколак моцна параніў твар, а куля літаральна разарвала плячо. Доўгім было лячэнне ў шпіталі Казані, дзе салдат і даведаўся пра Вялікую Перамогу…

Вярнуўшыся дамоў інвалідам другой групы, Аляксей Бірукоў ужо цвёрда ведаў, што будзе вучыцца. Так ён стаў студэнтам сельгастэхнікума, які паспяхова закончыў і быў накіраваны маладым спецыялістам у толькі што створаны саўгас «Слонімскі». Менавіта тут і сустрэў сваё вялікае каханне – Аленку, якая тады толькі закончыла дзесяцігодку. Не толькі прыгажосцю ды гаспадарлівасцю пакарыла дваццаціпяцігадовага франтавіка яна, але і тым, што вырасла ў добрай, блізкай па духу яму самому, сям’і. Бацька Алены быў партызанскім сувязным, за што ворагі яго расстралялі. Дзяўчына жыла з маці, і можна ўявіць, як ім, жанчынам, было цяжка без гаспадара ў той пасляваенны час.

– Вяселле наша было 14 кастрычніка 1950 года, – прыгадвае ветэран. – Сабраліся блізкія, маё саўгаснае кіраўніцтва ды калегі, адзначылі нашу ўрачыстасць. Мне, галоўнаму спецыялісту, выдзелілі ў гаспадарцы кватэру, куды мы пераехалі з жонкай. У 1951 годзе нарадзіўся наш першынец – Аляксандр, а ў 1952-ім мяне пасля заканчэння курсаў павышэння кваліфікацыі накіравалі на Вілейшчыну, у саўгас «Лукавец». Тут працаваў спачатку галоўным механікам, затым выконваў абавязкі дырэктара саўгаса, а з 1954 года і да выхаду на пенсію быў кіраўніком гаспадаркі. Мая Алена Маркаўна вучылася завочна і ўсё жыццё адпрацавала ў райспажыўтаварыстве. Дарэчы, менавіта на ёй былі і гаспадарка (а трымалі Біруковы, як і ўсе вяскоўцы, скаціну на ўласным падворку, мелі агароды), і выхаванне траіх дзяцей. Тут, у Лукаўцы, у нас нарадзіліся і яшчэ два сыны – Уладзімір і Мікалай.

Усе дзеці Біруковых атрымалі вышэйшую адукацыю і выбралі ў жыцці свае дарогі: Аляксандр стаў урачом, Уладзімір – аграномам, Мікалай – міліцыянерам. Цяпер да бацькоў у Лукавец часцей за ўсё наведваецца Мікалай, які жыве ў Лагойску. Вось і сёлета дапамог пасадзіць бацькам крыху бульбы ды тоесёе з гародніны. А як жа інакш, разважае Аляксей Фёдаравіч, вяскоўцу неяк нязвыкла без сваёй бульбачкі ды цыбулькі…

– Калі чалавек на працы, дык нават не заўважае, як хутка бяжыць час, – разважае ветэран. – Вось і я так. А цяпер у нас з Аленай Маркаўнай шмат вольнага часу, часта ўспамінаем перажытае, пераасэнсоўваем. Так, многа ўсяго было: і сумнага, і балючага, і радаснага. І самае галоўнае, што мы з ёй, маёй спадарожніцай жыцця, у свой час сустрэліся. Ні разу ў жыцці не пашкадаваў аб гэтым і не жадаў сабе іншага лёсу. І яна, ўпэўнены, таксама. Пераадольвалі ўсе цяжкасці, працавалі, гадавалі і вучылі дзяцей. Рабілі ўсё разам, падтрымліваючы адно аднаго і дзелячы ўсе клопаты папалам.

Так было, ёсць і будзе, і ў гэтай цудоўнай сям’і, упэўнена, яшчэ нямала добрага наперадзе. І адна з бліжэйшых падзей – 70-годдзе сумеснага жыцця, якое Біруковы адзначаць увосень. Гэту дату называюць яшчэ дабрадатным вяселлем. Прыгожае слова, у якім хаваецца глыбокі сэнс. А калі падумаць, дык і жыццё, якім жывуць Біруковы, можна без перабольшвання назваць дабрадатным. Няхай жа будзе яно яшчэ доўгім-доўгім.

Ірына БУДЗЬКО/Фота прадстаўлена Хаценчыцкім сельвыканкамам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 53 queries