Паважаная рэдакцыя, праз ваша выданне хацелася б асвятліць адзін момант жыцця вёскі Сакалоўкі і выказаць удзячнасць яе неабыякавым жыхарам, якія імкнуцца зберагчы не толькі традыцыі, але і прыгажосць, гаспадарскі парадак у вёсцы.
Сакалоўка — маляўнічы куток. Вёска у адну вуліцу патанае ў зелені садоў і цягнецца ўздоўж невялічкай рэчкі Япраткі. За кошт узвядзення штучнай дамбы і шлюза, у канцы вёскі створана цудоўнае возера, з вельмі чыстай і празрыстай вадой. Асабліва цяпер, падчас квітнеючых садоў, уся гэта прыгажосць вельмі закранае сэрца і ад гэтага становіцца лёгка і радасна: ёсць такі куток,
дзе магчыма знайсці душэўны адпачынак. І толькі адно наводзіць на смутак — менее ў вёсцы насельнікаў. Вяскоўцаў застаецца ўсё менш і менш, але хаты ў вёсцы не пустуюць, яны выкарыстоўваюцца пад лецішчы нашчадкамі альбо прыезжымі. На асабістых прысядзібных участках цяпер праца ў самым разгары. Пасля зімы, каб не было сорамна перад суседам, усе імкнуцца на сваім дварышчы навесці парадак і чысціню. Але ж хацелася б, каб гэты самы парадак быў і за межамі асабістага панадворка. Каб не валялася ўсялякае смецце вакол гэтай цудоўнай вёскі. Ініцыятыўная група пад кіраўніцтвам Косцік Таццяны (дэпутата сельскага і раённага Саветаў дэпутатаў), старшыні Хаценчыцкага сельвыканкама Валовік Святланы унесла прапанову вяскоўцам сабрацца 21 мая для навядзення парадку на могілках. Прапанова была прынятая. У вызначаны суботні дзень Сакалоўка гасцінна прыняла сваіх гарадскіх гаспадароў і гасцей. Валовік Ларыса, Маручынская Марыя, Іванец Аляксандр, Іванец Мікалай, Ламака Андрэй, Шышка Міхаіл, Косцік Віктар, Барсук Уладзімір, Пісараў Міхаіл, Косцік Таццяна, Валовік Святлана і аўтар гэтага артыкула вырашылі дапамагчы землякам у навядзенні парадку на месцы апошняга спачынку сваіх продкаў. Мясцовая сельгаспадарка ў дапамогу па навядзенні парадку на Сакалоўскіх могілках прадставіла на некалькі гадзін спецтэхніку. За няпоўны працоўны дзень нават гэтая малаколькасная каманда змагла выканаць шмат работы. Па перыметры могілак было прыбрана ўсё смецце. Былі папілаваны і прыбраны старыя сосны. Яшчэ засталіся стаяць сярод помнікаў вялізныя сухія дрэвы, якія без дапамогі аўтакрана спілаваць немагчыма. Хочацца спадзявацца на дапамогу. Чарговы суботнік плануецца на 4 чэрвеня. Гэтым мы аддадзім дань павагі продкам і пакажам прыклад духоўнасці сваім нашчадкам.
Алесь РАТКЕВІЧ
Адзін момант з жыцця вёскі Сакалоўкі
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов





