Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Прыносіць газеты і… добры настрой

Чатыры гады працуе ў раённым вузле паштовай сувязі Галіна Хоміч. За гэты непрацяглы час яна паспела заслужыць павагу кіраўніцтва, калег і людзей, якіх абслугоўвае.

З Галінай Хоміч я пазнаёмілася дзякуючы звароту пенсіянераў вёскі Клесіна Людвіноўскага сельсавета ў рэдакцыю. У такіх выпадках кажуць: тэму падказала пісьмо. Софія Майсееўна Касач, якая напісала ад імя сваіх аднавяскоўцаў, расказала, што Галіна Уладзіміраўна, якая іх абслугоўвае, ветлівы, чулы, ведаючы сваю справу спецыяліст. На любое пытанне дасць кваліфікаваны адказ, у любой праблеме параіць ды дапаможа. Пенсіянеры папрасілі павіншаваць Галіну і яе сям’ю з прыгожымі зімовымі святамі і пажадаць ёй моцнага здароўя і поспехаў у яе няпростай справе.

– Ды што пра мяне пісаць! – сціпла адрэагавала Галіна Уладзіміраўна на ўсё вышэйсказанае.

– Працую, як і ўсе, стараюся выконваць свае абавязкі так, каб людзі былі задаволеныя.

Чатыры гады, як Галіна прыйшла працаваць паштальёнам. Не сказаць, што марыла пра гэту прафесію з дзяцінства, проста так склалася ў жыцці. Канешне ж, прызнаецца сама, спачатку было няпроста, бо штодня кантактаваць з самымі рознымі па характарах людзьмі – справа не з лёгкіх.

– У мяне такое правіла: заходжу ў кожны дом з усмешкай і добрым настроем, – падзялілася Галіна Уладзіміраўна. – І людзі, бачачы гэта, сустракаюць ветліва, як сябра. Асабліва ў маленькіх вёсачках, дзе жыхароў засталося нямнога. Да кожнага своечасова даязджаем мы на паштовай машыне. Гэтыя людзі чакаюць не толькі свежую газету, пенсію, але і субяседніка. Хочацца ж пачуць нейкія навіны, падзяліцца сваімі. І хоць магчымасці на доўгія размовы няма, заўсёды стараюся знайсці хоць крышку часу, каб пагутарыць з людзьмі.
Слухаючы жанчыну, міжволі падумала, што прафесія паштальёна ў гэтым сэнсе вельмі падобная да прафесіі сацыяльнага работніка. І адным, і другім трэба быць не проста памочнікамі, але і крышку псіхолагамі, медработнікамі і проста ўважлівымі людзьмі. У сённяшні прагматычны час сапраўдным дэфіцытам сталі цёплыя чалавечыя зносіны.

Асабліва не хапае іх адзінокім старэнькім вяскоўцам, дзеці і ўнукі якіх жывуць у гарадах і не так часта радуюць старых не толькі прыездамі, але і тэлефоннымі званкамі. Што ж, нярэдка бывае такое… І тады сапраўднымі святамі для людзей становяцца дні, калі да іх наведваюцца сацыяльныя работнікі і паштальёны. Добра разумее ўсё гэта Галіна Хоміч і стараецца, каб яе прыезду былі рады ў кожным доме і чакалі яе як блізкага чалавека. Так яно і атрымліваецца.
А на гэтым фотаздымку Галіна Уладзіміраўна з сынамі Аляксандрам і Арцёмам. Яшчэ адзін дарагі ёй чалавек – муж Алег Мікалаевіч – за кадрам, ён – аўтар гэтага здымка.

Ірына БУДЗЬКО/Фота з сямейнага архіва сям’і Хоміч 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 144 queries