На «зорную» хваробу Ігар Чайкоўскі, механізатар адкрытага акцыянернага таварыства «Алая зара», яўна не хварэе. Гэта могуць засведчыць яго сябры па працы, на гэту тэму ў адносінах перадавіка можа паразважаць і ідэолаг сельгаспрадпрыемства Ірына Шупенька. І адзначыць прытым добры нораў Ігара, яго камунікабельнасць і… падкрэсленую акуратнасць: ён, маўляў і на трактар у белых шкарпэтках садзіцца. А мне падаецца, што наш герой – тыповы прадстаўнік сучаснай вясковай моладзі, якая ўмее сябе паважаць, высока нясе прафесійны гонар, не пазбаўлена ўласцівых самадастатковым людзям амбіцый.
Ігара ведаю даўно. Як і кожны перадавік, ён у полі зроку журналістаў. Ужо прызвычаіўся пазіраваць перад фотакамерамі, даваць інтэрв’ю. Вычарпаўшы запас казённых фраз, да якіх, бывае, і мы, журналісты, прызвычайваем сваіх герояў, Ігар становіцца цікавым суразмоўцам. І тады можна пачуць шмат цікавага. Пра родную вёсачку Арпа, невялікую, утульную, акальцаваную лесам і вузенькай рачулкай, якую ў іншых месцах можна смела пераходзіць уброд. А яшчэ пра сваё, сямейнае. Як прывучаў бацька да тэхнікі. Зыгмусь Вікенцьевіч,паважаны ў калгасе механізатар, сталы, грунтоўны гаспадар сялянскай сялібы. Не павучаннямі ды пакараннямі прывіваюць добрыя звычкі сваім дзецям бацькі. А ўласным прыкладам. Урокі жыцця Ігар Чайкоўскі атрымоўваў, садзячыся за рычагі бацькавага трактара, дапамагаючы маці даглядаць калгасных цялятак. Тады на ферме ўсё было ўручную, і паенне, і кармленне. Таму мужчынскія рукі ў тых умовах ніколі не падаваліся лішнімі.
Звычайна мы са сваімі героямі сустракаемся, як кажуць, у вытворчых умовах. Неяк мне пашэнціла пабыць у Ігара дома. У той самай Арпе, пра якую ён неаднойчы з любасцю гаварыў. Сяліба выглядала блакітнымі акенцамі скрозь зараслі вяргінь. Стаяла ранняя восень, але ў празрыстым паветры ўжо плылі танюткія ніці павуціны. Стаяў пах раскапанай раллі. Вяскоўцы пачыналі выбіраць бульбу. На ганку сустрэла маці Ігара, рухавая, хударлявая кабета. Следам за ёй выбегла дачушка, па ўзросту бачна, яшчэ не школьніца. Не па гадах сур’ёзная, яна ўчапілася за бабуліну руку, тлумачачы, што брацік Ілья ў школе, але хутка ўжо прыйдзе. І яны пачнуць тады гуляць удваіх. А пакуль можна дапамагчы бабулі і маме.
Абрысы «Беларуса» выступалі за кветкавымі зараснікамі на заднім двары сядзібы. Тэхніка наша, айчынная, у рабоце надзейная, – тлумачыў Ігар. Дзякуючы гэтай надзейнасці,ён і лідзіруе сярод механізатараў таварыства практычна па ўсіх відах сельгасработ. Ігар сціпла замоўчвае сваю ролю ў гэтай справе. Хоць яна, безумоўна, – вядучая.
– Тэхніку ён рыхтуе грунтоўна, – расказвае Ірына Шупенька. Як ідэолагу, ёй наканавана расстаўляць акцэнты. – Ужо больш пятнаццаці год Ігар Чайкоўскі – нязменны лідар спаборніцтва. Што на ворыве, што на сяўбе, што на корманарыхтоўках.
Такая высокая адзнака нашага героя прыемна і рэдакцыі: Ігар Чайкоўскі – уладальнік прыза «ШП» «За адданасць полю».
А калі шчыра наконт «зорнай», хваробы – дык ёсць яна ў Ігара. Толькі зусім іншага парадку. Чырвоны корпус «Беларуса» размаляваны блакітнымі зоркамі. Выцягнутыя асіметрычныя промні як сімвал бясконцага руху ў прасторы. Руху, што дорыць жыццё зямлі, запаўняючы пульхныя барозны бурштынавым зернем. У надзеі на будучы ўраджай.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота з архіву рэдакцыі