Напярэдадні 1 мая журналісты раёнкі прапануюць чытачам рубрыку, у якой раскажам пра людзей працы. У розныя часы яны праслаўлялі Вілейшчыну і кожнаму ёсць пра што ўспомніць. Сёння знаёмім вас з жыхаром вёскі Савіна Вікенціем Ганчаруком. Шмат год ён адпрацаваў на зямлі трактарыстам, мае Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, на днях адзначыў 90-гадовы юбілей, любіць чытаць, цікавіцца навінамі і сам вельмі цікавы суразмоўца. «Рэцэпт» даўгалецця ад Вікенція Міхайлавіча такі: «Больш рухацца, не сядзець на месцы і старацца бачыць вакол сябе толькі добрае».
Ясным красавіцкім ранкам выязджаем з Вілейкі. Напрамак – Куранец. У аграгарадку праязджаем каля палутарамятровага жоўтага самавара, з якога можна нават набраць вады – так адзін з жыхароў некалькі год таму аздобіў калонку. Побач – камень у гонар мастака-жывапісца Льва Альпяровіча, які ў 1874 годзе нарадзіўся ў мястэчку Куранец, скончыў Пецярбургскую Імператарскую акадэмію мастацтваў і быў вучнем Іллі Рэпіна, а жыў і працаваў у Мінску. Мінаем мясцовыя адметнасці і рухаемся далей. Па-веснавому яркае сонца падсвечвае дрэвы паабапал дарогі і поле – прырода відавочна абуджаецца, хоць сапраўднага цяпла пакуль няма. Асфальт заканчваецца і пачынаецца гравійка. Сярод краявідаў (а яны тут прыгожыя) погляд выхоплівае буслянку. Яе гаспадары ўжо вярнуліся з цёплых краёў. Абодва «дома», у гняздзе: з вышыні бусел пільна аглядае наваколле, пакуль бусліха клапатліва сагравае сваім цяплом яйкі. А дарожны ўказальнік паведамляе: мы прыехалі ў Савіна.
Гэта невялікая вёска ў атачэнні лесу сёння не багатая на жыхароў і ажывае з прыездам дачнікаў. Мясціны прыгожыя і час тут цячэ спакойна – не тое, што ў горадзе, а вольнай прасторы – больш. Напэўна, думаецца па дарозе, навучыўшыся цаніць гэта жыхары вялікіх гарадоў і набываюць ахвотна домікі ў вёсках. На вялікім камяні пры ўездзе надпіс «Барані, Божа, Савіна», імя князя Яна Савічава і год – 1451-шы. Вось і на месцы.
Адчыніўшы весніцы, па акуратным падворку ідзём да ганку. З усмешкаю сустракае гаспадар – Вікенцій Міхайлавіч Ганчарук. Наша знаёмства адбылося напярэдадні яго 90-годдзя. Загадзя з юбілейнай датай, канечне, не віншавалі, а вось пра жыццё-быццё пагутарылі.
Вікенцій Міхайлавіч у Савіна жыве з самага нараджэння – 1932 года. Бацькоўская хата, праўда, знаходзілася наводдаль ад вёскі – як бы на хутары. А гэта, дзе жыве ён зараз, належала жончыным бацькам. Сама ж вёска, па яго ўспамінах, некалі налічвала 22 дамы. Памяць Вікенція Міхайлавіча і дагэтуль захавала імёны аднавяскоўцаў, ваеннае ліхалецце, што выпала на дзіцячыя гады, калектывізацыю і ўтварэнне першых калгасаў, службу ў арміі, жаніцьбу, працоўныя будні. У калгасе «17 верасня» Вікенцій Ганчарук і адпрацаваў усё жыццё. Першай яго тэхнікай быў трактар ХТЗ на металічных колах без кабіны. З 1949-га па 1951-шы ён працаваў трактарыстам. А ў 1951-м прызвалі ў армію. Тры гады служыў на Балтыйскім флоце. У арміі ўсё прыходзілася рабіць. Яшчэ да прысягі на воінскую частку хлеб пеклі – салдаты дапамагалі пекарам замешваць цеста. А пасля прысягі ў мора не хадзілі – іх задача была абслугоўваць ваенны гарадок. Рабілі ўсё, што датычыла гаспадарчай часткі – ад электрыкі да рамонтаў.
У 1954-м, пасля вяртання з арміі, маладому трактарысту далі «Беларуса» – МТЗ-3. З таго часу і да выхаду на заслужаны адпачынак Вікенцій Міхайлавіч на «Беларусах» і працаваў у мясцовай гаспадарцы. Узгадваючы тыя часы, ён расказвае, што не менш за 140 гектараў было пад бульбаю, а ўраджайнасць другога хлеба складала больш за 200 цэнтнераў (было і 240) з гектара. Гатункі бульбы вырошчвалі розныя і нават вазілі сваю прадукцыю на выставу дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскву. У 1961 годзе Вікенцій Ганчарук і сам прымаў удзел у выставе дасягненняў народнай гаспадаркі, прысвечанай кукурузе – было гэта якраз пры Хрушчове. У Куранцы ў той час вырошчвалі «царыцу палёў», а ён быў звеннявым. Цікавы ўспамін майго суразмоўцы – пра «БАМ». Так трапна мясцовыя называлі адкормачнік, пабудаваны ў форме літары «М» у адзін час з ўсесаюзнай будоўляй. Разам з расліннаводствам мясная вытворчасць у Куранцы ў той час таксама актыўна развівалася.
…Калі прыйшла Вікенцію Міхайлавічу пара выходзіць на пенсію, а было гэта якраз у красавіку, у апошні раз ён пасадзіў на калгасным полі бульбу і толькі тады пайшоў на заслужаны адпачынак – і тут не здрадзіў свайму палетку. Таму што ніколі не ставіўся да працы фармальна, не лічыў хвіліны да завяршэння рабочага дня, сам утрымліваў тэхніку ў належным стане. За гэта і быў не раз адзначаны.
Самая значная ўзнагарода – Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, атрыманы 13 снежня 1972 года згодна адпаведнаму Указу Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР (так значыцца ў чырвонай ордэнскай кніжцы, якую ён ашчадна захоўвае). «Ударнік дванаццатай пяцігодкі», «Ветэран працы», «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва 1978 года», уладальнік юбілейнага медаля «За добрасумленную працу ў азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна», удзельнік выставы дасягненняў народнай гаспадаркі БССР у 1961-ым – гэта таксама ён, Вікенцій Ганчарук.
– Мы працавалі не так, як цяпер. Працавалі па двое – і днём, і ноччу. А як пасяўная, як зараз, мы пачыналі сеяць у шэсць гадзін і – аж да адзінаццаці ночы. Уборка – таксама. Не тое, як цяпер, – зноў паўтарае ён. Паказваючы свае працоўныя ўзнагароды, Вікенцій Міхайлавіч узгадвае: – Падавалі мяне і на Ордэн Леніна, але ў Маскве не зацвердзілі.
Сярод разнастайных кніжачак з пералічэннем працоўных дасягненняў – фотаздымкі з ім, яшчэ маладым, і роднымі, сябрамі, калегамі. На адным – працоўны сход работнікаў МТС, машынна-трактарнай станцыі. На другім – калгаснікі на таку і той самы трактар з металічнымі коламі, пра які гутарка ішла раней. А вось іх вяселле з Ганнай Мікалаеўнай, якое гулялі неўзабаве пасля яго вяртання з арміі. Яны былі знаёмыя яшчэ да гэтага, а як вызначыліся – ажаніліся. Рэгістравалі шлюб у Куранецкім сельсавеце.
Музыкам на вяселлі быў «дзядзька Міця» з Зімодраў – Дзмітрый Лапко. Гарманіст іграў вяселлі ўсім і быў па тым часе самым папулярным музыкам на ўсю акругу. Танцы ладзіліся ў вёсках штотыднёва і там ён таксама быў першы чалавек. Рэпертуар? Ад старых «царскіх» песняў да савецкай «Кацюшы».
– «Дайте в руки мне гармонь – золотые планки, парень девушку домой провожал с гулянки…» – узгадвае Вікенцій Міхайлавіч «хіт» сваёй маладосці, заўважаючы: – Умелі ў наш час і працаваць, і адпачываць. Моладзі шмат у вёсках было – жылі весела.
Якім было сямейнае жыццё?
Год жылі ў бацькоў Вікенція Міхайлавіча, а потым перайшлі ў хату жончыных бацькоў. Яе бацька застаўся адзін, бо напрыканцы вайны, у 1944-м, падчас адступлення нямецка-фашысцкіх войскаў, маці жонкі, Вольга, загінула падчас бамбёжкі з самалёта. Патрэбна была дапамога па гаспадарцы – так разам і жылі. Цесць, Мікалай Іосіфавіч, да вайны быў першым старшынёю Куранецкага сельсавета. Гэта пра яго пісала наша газета ў далёкім-далёкім годзе: «Паважаюць жыхары вёскі Савіна свайго аднавяскоўца Мікалая Іосіфавіча Грынцэвіча. Ён – сябар і дарадца земляробаў. Часта ў свабодны ад работы час ля яго дома збіраюцца калгаснікі. Ён раскажа ім пра падзеі дня, пачытае газету. У час адной з такіх сустрэч і сфатаграфаваў яго наш фотакарэспандэнт». І подпіс – «фота М. Жоўткі». Да гэтай газетнай выразкі, наклеенай на вокладку ад сшытка, час аказаўся літасцівы – на пажаўцелым лістку пазнавальныя і твары людзей на здымку, і назва газеты, на старонкі якой скіраваныя іх погляды – «Шлях перамогі». Да гэтай рэліквіі стаўленне ў сям’і асаблівае – памяць жа.
28-30 кастрычніка 1939 года ў Беластоку адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі. Самыя дастойныя прадстаўлялі на ім Вілейшчыну, сярод іх былі віляйчанін Антон Малевіч, Ганна Новік з Варонічаў, Фёдар Камінскі з Забар’я, Мікалай Грынцэвіч з Савіна і Пётр Шушкевіч.
Антон Малевіч і Мікалай Грынцэвіч прадстаўлялі народ Заходняй Беларусі і на Нечарговай 5-й сесіі Вярхоўнага Савета СССР, якая праходзіла з 31 кастрычніка па 2 лістапада 1939 года ў Маскве.
Нашу размову спыняе сігнал – прыехала аўтакрама. Вікенцій Міхайлавіч просіць прабачэння і спяшаецца ў калідор – там падрыхтаваны плецены кошык з грашыма і спісам неабходных пакупак. Ён ідзе «затарвацца». Прывітаўшы прадаўца і называючы неабходныя прадукты, заўважае: «У мяне ж заўтра дзень нараджэння».
Крама на калёсах у Савіна заязджае раз на тыдзень, тлумачыць Наталля Сырэвіч, прадавец. Пасля выезду з Вілейкі гэты адрас – першы. Усмешлівая Наталля Уладзіміраўна не шкадуе ветлівага слоўца для сваіх пакупнікоў, большасць з якіх людзі паважанага ўзросту. Пацікавіцца здароўем, справамі. І, пакуль Вікенцій Міхайлавіч правярае, ці купіў усё неабходнае, яна дзеліцца са мной назіраннямі: «Людзі ва ўзросце – асаблівыя. Ім і так жылося няпроста, таму нельга іх у старасці крыўдзіць, быць нястрыманымі ў сваіх словах ці паводзінах. Пакуль яны з намі, ёсць да каго зайсці, звярнуцца за парадай, выгаварыцца».
Мудрыя жыццёвыя свае разважанні яна спыняе пажаданнямі ў адрас юбіляра, і аўталаўка рухаецца далей па сваім маршруце. А мы вяртаемся ў хату і працягваем гутарку.
Вікенцій Міхайлавіч расказвае пра жонку, якой не стала ў 2014 годзе. Ганна Мікалаеўна працавала ў Куранецкай амбулаторыі патранажнай медсястрой. На ўчастку было 70 дзяцей. І трапіць трэба было да кожнага. Садзілася на веласіпед і ехала – на Клыні, на Івонцавічы, на Карвелі… 20 год Ганна Мікалаеўна аддала медыцыне. З мужам вырасцілі дваіх дзяцей – дачку і сына. Жылі ў згодзе, на работу выходзілі рана, шмат працавалі. Трымалі гаспадарку, былі ў ёй і карова, і свінні. Звычайныя клопаты людзей, якія жывуць на сваёй зямлі сваёю працай.
Зімою ў вёсцы час ідзе запаволена. Напэўна, таму і заўважае Вікенцій Міхайлавіч, што «галоўнае – зіму перажыць, пакуль вярнуцца дачнікі». Дапамагае з карысцю праводзіць свой час даўняя звычка – чытаць.
– Цяпер кнігі мала чытаюць, у тэлефоне ўсё, – заўважае Вікенцій Ганчарук. – А мы заўсёды газет многа выпісвалі, паштальёнка з вялікай сумкай прыходзіла.
І цяпер на стале ў Вікенція Міхайлавіча – свежы нумар нашай раёнкі, прывезены сынам Святаславам Вікенцьевічам. Ён жыве ў Вілейцы і ў Савіна заглядвае часта – падрамантаваць штосьці, па гаспадарцы дапамагчы, праверыць, як справы. А 2022-гі, дарэчы, юбілейны год для іх абодвух – 14 красавіка сваё 90-годдзе адзначыў бацька, сыну споўніцца 60. Развітваючыся з імі, прашу папазіраваць разам для фота – хай і гэты здымак знойдзе сваё месца ў сямейным архіве.
Таццяна ШАРШНЁВА/Фота аўтара і з архіва Вікенція Ганчарука