Вельмі душэўны, цёплы ліст прыйшоў у рэдакцыю з Забалацця. У ім – аповед пра цудоўнага чалавека Яўгена Мікалаевіча Камля. Сумленна, дастойна ідзе ён па жыцці. За плячыма – цяжкія франтавыя дарогі, нялёгкая праца пасля вайны. Яўген Мікалаевіч – клапатлівы муж, бацька, дзядуля і прадзядуля. І гэта сапраўды так, бо пра гэтага чалавека напісалі аднавяскоўцы, а ў вёсцы, як вядома, нічога не схаваеш, усё жыццё навідавоку. Шчасце, што сярод нас ёсць такія людзі, кожны з якіх – жывая гісторыя…
– Дзянёк сёння добры, і дроўцы во мне прывезлі, роўненька склалі. Не сушка-гнілушка якая, а бяроза. І калоць яе лёгка, і цяпла дае. Толькі не мне іх калоць, 84-ы гадок ідзе як-ніяк. Буду дзяцей чакаць на падмогу, – такімі словамі сустрэў нас дзядзя Жэня. Так усе ў нашай вёсцы Забалацце завуць Яўгена Мікалаевіча Камля. Чалавек ён вядомы, ветэран Вялікай Айчынай вайны.
А далей ён навёў свой расказ:
«У 1944 годзе, як толькі вызвалілі родную вёску, папрасіўся на фронт. Не было яшчэ васемнаццаці, але сказаў, што хачу помсціць фашыстам. Вайсковую навуку праходзіў ў Халапах, дзе стаяла запасная часць. А пасля прыняцця прысягі залічылі ў 123-ці полк пятага корпуса Трэцяга Беларускага фронта. Тут атрымаў баявое хрышчэнне і першую падзяку ад камандавання за пільнасць. Потым перавялі ў 48-ы полк. Баявыя дарогі вялі праз Літву, Польшчу, Германію. Ваяваў сумленна, за спіны не хаваўся. Узнагароджаны ордэнам Славы, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі». Былі і раненні, якія ўсё часцей нагадваюць аб сабе. Пасля перамогі служыў у Кёнігсбергу аж да 1948 года.
А вярнуўся дадому – і пачалася мірная праца. У 1949 годзе ажаніўся з Сашай сваёй. Яна у мяне прыгажуня і рукадзельніца. Усю сям’ю абшывала, абвязвала. Вышыванні яе і цяпер красуюцца. І ў саўгасе ніколі апошняй не была. 60 гадочкаў разам пражылі, а хвароба разлучыла.
Зараз жонка ў Мінску ў дзяцей, догляд ёй трэба. Добра, што дзеці ў нас харошыя. Траіх выгадавалі. Тамара і Сяргей у Мінску, а Таіса ў Вілейцы. А нявестка якая ў нас спрытная! І зяці проста залатыя. Унукаў пяцёра, праўнукаў ужо трое.
Як падумаеш, дык выходзіць, што не дарма я жыў. Радзіму бараніў, хату пабудаваў, садок пасадзіў, сына і дачок выгадаваў, унукі, праўнукі радуюць. Праўда, цяжка ім кожны тыдзень мяне праведваць, парадкі наводзіць. Але ж не магу родны куточак пакінуць. Бо хата без гаспадара – сірата. А я парадак люблю».
І сапраўды, двор Яўгена Мікалаевіча ў парадку. Яшчэ сёлета трымаў кабанчыка, курэй. Толькі нядаўна хвароба прымусіла збыць казу. Вось такія яны, франтавікі-працаўнікі.
Наталля ГАБРАНСКАЯ, бібліятэкар Забалацкай сельскай бібліятэкі
Менавіта пра такіх – і верш яшчэ адной зямлячкі Яўгена Мікалаевіча – Любові Чыгрынавай. Азірніцеся, сябры, на тых, хто жыве побач. Магчыма, некаму з іх патрэбна наша з вамі ўвага.
Не дзівіцесь з герояў далёкіх
На сустрэчах, ды святах-парадах,
Зазірніце да тых адзінокіх,
Што жывуць побач з вамі ў хатах.
Паскладаць, можа, трэба ім дровы,
У аптэку схадзіць, або ў краму,
Ды проста прыветнае слова,
Як хлеб – соль, ім патрэбна таксама.
Пасядзіце на лаўцы ля дома.
Побач з імі крыху памаўчыце.
Калі ж павыносяць альбомы,
З увагаю фота глядзіце.
А пакажуць свае ўзнагароды,
Аб геройскіх раскажуць учынках,
Знай, геройства было не заўсёды,
А смерць сцерагла безупынна.
Можа, хтосьці прыйшоў без медаляў,
Сціплы надта ўжо быў, непрыкметны,
Узнагароды такіх абміналі,
Хоць Радзіме служыў беззаветна.
Павіншуйце ў свята па ўказцы,
А ў дзень будні сустрэньце прыветна,
Ад малой нечаканае ласкі
Ранак хмарны падасца ім светлым.
Падрыхтавала Ірына БУДЗЬКО


