Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

ЖЫЦЦЁВАЕ. Ірына Будзько

Шчаслівы
І зноў верасень, пачатак навучальнага года. Менавіта ў сувязі з гэтым, што называецца, навеяла…
Памятаю, прывяла ў першы клас сваю дачку. Папярэдне, вядома, першая настаўніца нашых дзетак пазнаёмілася і з імі, і з намі, бацькамі. Нашым малым выпала віншаваць на школьнай лінейцы адзінаццацікласнікаў, таму настаўніца даручыла вывучыць з малымі нейкія вершычкі. Мы ўсе вывучылі, і наша малышня пастаралася, як кажуць, паказаць на што здольна. І атрымлівалася ў першакласнікаў так забаўна! Хтосьці яшчэ не вымаўляў нейкія літары, іншы, стараючыся з усяе сілы, ледзь не крычаў, а яшчэ нехта, наадварот, шаптаў… Але найбольш запомнілася, як чытаў свае радкі адзін хлапчук. Крышку замкнутаму і маўкліваму, яму выпала вывучыць вось што: «Паглядзіце на мяне: вось які шчаслівы я! У першы клас ужо хаджу, форму школьную нашу…» І так далей – узнёсла і аптымістычна. А ў нашага хлапчука – ледзь не слёзы на вачах, міміка сапраўднага пакутніка і галасок такі ціхенькі-ціхенькі… Такі вось «шчаслівы» атрымаўся… Прайшло многа гадоў, а не-не ды ўзгадаецца тая хвалююча-забаўная першая лінейка нашых дзяцей.

У чаргу
станавіся!
Нядаўна ў каторы раз упэўнілася, што анекдоты не прыдумляюцца наўмысна, іх піша само жыццё. Вось і на днях, едучы ў аўтобусе, міжволі пачула гутарку дзвюх жанчын.
Адна з кабет расказвала сяброўцы, што на днях стала бабуляй і чакае, калі дачка з немаўляткам прыедуць дамоў. Гаварылі, як і звычайна ў такіх выпадках, пра малыша (бабуля пахвалілася, што ён – сапраўдны велікан, а да таго ж спакойненькі і мае добры апетыт), пра самаадчуванне маладой мамы і (ужо ціхенька, зусім па-жаночы) пра тое, якімі нялёгкімі былі роды…
– Што і казаць, усюды нахабнікі пруцца наперад, а то і па знаёмству, – шаптала новаспечаная бабуля сяброўцы. – Мая вунь з паўдня мучылася, а кагосьці, расказвала, прывязуць на «хуткай» – і адразу ў радзільную залу… І тут без чаргі стараюцца.
Што і казаць, насмяшыла пачутае. І не толькі мяне, бо я бачыла, як не хавала ўсмешку яшчэ адна жанчына, якой выпала пачуць «сакрэты». Здавалася б, жанчыны ўжо ў статусе бабуляў, а вось жа на поўным сур’ёзе вядуць размову пра тое, што і з’яўленне на свет чалавечка можна адтэрмінаваць ды пачакаць… Смешна.

А без бульбы – аніяк
Бабуля Ганна і дзед Іван сёлета ўпершыню не пасадзілі бульбу. Пераканалі ўсё ж дзеці і ўнукі, што ўжо хопіць ім працаваць, не тыя гады – абаім ужо за восемдзясят. І старыя згадзіліся. Летам і сапраўды было вальней – не карцела, як бывала раней, тую бульбачку ратаваць ад жукоў ды палоць. Сядзелі дзед з бабай на лавачцы, ні па чым не бедавалі – дзеці ўсім забяспечылі. І ўсё ж…
– Летам яшчэ няхай сабе, – сумна разважае бабуля Ганна. – А вось прыйшоў верасень, людцы пайшлі бульбачку капаць, а мы, лайдакі, сядзім. Не, не па нас такое жыццё. Вясной, калі будзем жывыя, нікога слухаць не будзем, а некалькі баразёнак хоць пад рыдлёўку пасадзім. Як жа так – у вёсцы ды без сваёй бульбы.
І, узяўшы кош, бабуля пашыбавала на дапамогу да суседзяў, дзе радавалі вока разараныя барозны з бульбай.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 131 queries