Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Жыццё і лёс – Старынкі

Кожны чалавек у свой час, напэўна, задае сабе пытанні: ці правільна я жыву? Для чаго? І адказвае на іх так, як падказвае сэрца. Нехта ў захапленні будзе расказваць, што аб’ехаў паўсвету, пажыў у розных краінах. Ёсць што ўспомніць, не дарэмна жыў на свеце… А ў іншага – зусім супрацьлеглае: як нарадзіўся ў вёсцы, так і жыве ў ёй, сярод сваіх людзей. Ды не памяняў бы свой звыклы ўклад на чужыя, далёкія даброты, ні за якія грошы не памяняў бы.

image 3

Алену Церах, пра якую хочацца расказаць, можна аднесці менавіта да такіх. Так склалася, што ўсё яе жыццё звязана з роднай вёсачкай Старынкі Альковіцкага сельсавета. У юнацтве дзяўчына марыла звязаць жыццё са спортам, нават у фізкультурны інстытут паступіла на вучобу. Але нечакана захварэла, урачы забаранілі ўсялякія нагрузкі, і прыйшлося мяняць свае планы.
– А мама мая была першым культработнікам у мясцовай бібліятэцы-клубе, – узгадвае Алена Іванаўна. – Калі закрылася мне дарога ў спорт, узяла мяне за руку – і да тагачаснага кіраўніка аддзела культуры Трыдзенскага. Вось вам, маўляў, гатовы культработнік – і баян мне ў рукі. А я і сапраўды з пятага класа ўжо іграла… Карацей, паглядзеў Сяргей Сяргеевіч, паслухаў і пагадзіўся: сапраўды гатовы культработнік. Вельмі ўдзячна я гэтаму чалавеку і за падтрымку, і за прафесійныя парады ўжо пазней, калі працавала ў клубе.
Так Алена атрымала, як кажуць, пуцёўку ў жыццё. Вывучылася, стала дыпламаваным спецыялістам і працавала ў клубе ды яшчэ пятнаццаць гадоў па сумяшчальніцтву ў школе вучыла дзетак музыцы і спевам. У роднай вёсцы і спадарожніка жыцця знайшла. Міхаілу, спецыялісту лясной справы, на прапанову стаць яго жонкай, Алена сказала: «Я згодна. Толькі адразу стаўлю ўмову – каб з разуменнем адносіўся да маёй працы». Ведала, што не кожнаму мужчыну спадабаецца, што жонка будзе па выхадных ладзіць у клубе дыскатэкі, ездзіць па канцэртах ды бегаць вечарамі на рэпетыцыі. А Міхаіл яе работу зразумеў і прыняў, ніколі не адмаўляўся пасядзець увечары з дзецьмі, пакуль мама на працы. Аднавяскоўцы, бачачы адносіны Алены да сваіх абавязкаў, стараліся ва ўсім ёй дапамагаць. За без малага сорак гадоў, якія жанчына адпрацавала ў клубе, не было ў яе сутычак ні з моладдзю, ні са старэйшымі людзьмі. Наадварот, самадзейнасць была ў клубе на ўзроўні, сярод яе ўдзельнікаў – нямала хлопцаў, якія, як ведаюць культработнікі, звычайна не вельмі актыўна займаюцца гэтай справай. У клубе працавала многа гурткоў, якія з задавальненнем у вольны час наведвалі падлеткі. Можа, па гэтай прычыне ніхто з мясцовых непаўнагадовых не быў на ўліку ў міліцыі? Праўда, на гэта жанчына мае сваё меркаванне: вельмі добра працуе мясцовы ўчастковы Вадзім Язінскі.
– У нашай вёсцы жанчыны здаўна па-майстэрску валілі валёнкі, – расказвае Алена Іванаўна. – Перадавалася гэта з пакалення ў пакаленне. Пры нашым клубе працаваў гурток, дзе майстрыхі вучылі спрадвечнай справе дзяцей. Асвоіла яе і я і, калі гэта спатрэбіцца, магу зладзіць валёначкі.
Цяпер, праўда, у вёсцы цяжэй з гэтай справай, авечак людзі практычна ўжо не гадуюць, а дзе ж тады браць воўну? З цеплынёй прыгадвае Алена Іванаўна вясковых майстрых, жанчынак ужо ў паважаным узросце, але маладых душою, нераўнадушных. Вунь якія цудоўныя работы мае вышывальшчыца Галіна Ляшкевіч… А Раіса Язінская – майстар па валёнках, якая перадала сваё ўменне і дзецям – сваім і чужым.
Колькі ўсяго цікавага, запамінальнага адбылося за доўгія гады працы Алены Церах у клубе! І ўсе тыя падзеі звязаны з роднай вёскай, знаёмымі з дзяцінства людзьмі і работай, што стала сэнсам жыцця. Гэта яна, работа, была для Алены Іванаўны выратаваннем пасля перанесеных ёю страт. У дваццацігадовым узросце загінуў сын… Праз некалькі гадоў не стала і мужа…
– Думала, што не змагу жыць далей, – у голасе жанчыны і цяпер чуваць боль. – Ды і сэнсу не бачыла. Але малілася, прасіла ў Бога сілы жыць. Бо ёсць у мяне і другі сын. І работа. Спачатку пасля перажытага не ўяўляла, што выйду некалі на сцэну. А выйшла праз нейкі год – і зразумела, што лягчэй мне становіцца… Ды і людзі падтрымлівалі, за што я ім вельмі ўдзячна.
Аптымізацыя ў сферы культуры закранула і Старынкі – закрылі мясцовы клуб. Алена Іванаўна цяпер на заслужаным адпачынку. Але сядзець без справы і глядзець серыялы па тэлебачанні не ў яе натуры. Канешне ж, знаходзіць яна час на стасункі з дзецьмі і ўнукамі, якія жывуць у Вілейцы, не пакідае без дапамогі старэнькую свякроў, дапамагае ёй па гаспадарцы. І не забываецца на грамадскую работу. Душа баліць за будынак клуба, яго будучае. Не хочацца, каб разваліўся, трэба зрабіць усё для таго, каб паслужыў ён яшчэ людзям, стаў зручным месцам для правядзення розных мерапрыемстваў. Такіх, напрыклад, як свята вёскі, якое будзе ў іх на днях. Да яго Алена Іванаўна з аднавяскоўцамі старанна рыхтуюцца, прадумваюць усе арганізацыйныя і творчыя моманты. Збяруцца вяскоўцы і тыя, хто некалі тут жыў. Прыгадаюць мінулае, паспяваюць, пасмяюцца і паплачуць. І ў цэнтры ўсяго гэтага па-ранейшаму будзе яна, Алена Церах, адданая бацькаўшчыне жанчына і культработнік па жыцці.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадастаўлена Аленай ЦЕРАХ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 61 queries