Сёння хочацца расказаць пра незвычайнага і сціплага чалавека Буркевіч Веру Міхайлаўну, у дзявоцтве Тонкавіч, з вёскі Кавалі Ільянскага сельскага савета. Лёс гэтай жанчыны склаўся так, што нарадзілася яна ў Германіі, у горадзе Аўсіг. Яе бацькі былі вывезены туды на прымусовыя работы.
Гісторыя сустрэчы бацькоў Веры Міхайлаўны таксама незвычайная. Трэба было ехаць старэйшаму брату з сям’і Тонкавічаў, але паехаў замест яго Міша, малады зусім хлопец, нежанаты. А жыў ён у вёсцы Залескія Хаценчынскага сельсавета. Кажура Ніна паехала замест сваёй малодшай сястры. Яна жыла ў вёсцы Беражок Хаценчынскага сельсавета, якая знаходзілася усяго за дзесяць кіламетраў ад вёскі Залескія .
Прывезлі іх у лагер, размясцілі за калючым дротам. Кожны дзень ганялі на вельмі цяжкія работы. Быў устаноўлены 16-гадзінны рабочы дзень. І кожны дзень атрымлівалі загады: хто на завод, хто да гаспадара на палявыя работы. “Часта прыходзілі гаспадары і па знешняму выгляду выбіралі нас на работу, – успамінала Вера Міхайлаўна словы сваёй маці Ніны. – А яшчэ часта хварэлі, ежы было мала, і яна была аднастайная. Цынга распаўсюджвалася хутка сярод маладых людзей-славян. Таму, калі да дроту падыходзілі мясцовыя жыхары і кідалі нам цыбулю, мы падбягалі і хапалі яе. Цыбуля была выратаваннем ад цынгі” .
А вечарамі немцы арганізоўвалі для лагернікаў танцы, падобна да вячорак. Якраз на такіх вячорках і пазнаёміліся бацькі Веры Міхайлаўны. Міша нясмела падышоў да Ніны і прапанаваў патанцаваць. З таго часу яны не разлучаліся. З часам пакахалі адзін аднаго і вырашылі пажаніцца. Але немцы ім не дазвалялі. Тады Міша падманіў, што Ніна чакае дзіця, і па нямецкіх законах іх распісалі. Ужо пазней, калі нарадзілася Верачка, 9 студзеня 1944 года, ім далі добрую ежу. Гэта была вараная бручка. Яны вельмі моцна радаваліся нараджэнню маленькай дачушкі, хоць ведалі, што будзе цяжка з малой на руках.
Так як з дзіцем нельга было жыць у лагеры, то прыехаў гаспадар і забраў маладую сям’ю з малой дачкой да сябе. Ніна выконвала хатнюю работу, а Міша даглядаў скаціну. Калі маладая домработніца мыла падлогу ці прыбірала ў хаце, яна знаходзіла рэчы, што як быццам гублялі, але яна ўсе аддавала гаспадарам. За сумленнасць і працавітасць маладую сям’ю і палюбілі. Маленькую Верачку даглядала маці гаспадара. Яна, са слоў бацькі Мішы, была вельмі добрая, нават частавала іншы раз яйкамі з сахарам. Ніна прыходзіла карміць дачку, а тая ўжо не хоча.Тады маладая маці хвалявалася. А гаспадыня супакойвала Ніну і ўсё расказвала. Гаспадыня была вельмі добрым чалавекам. У Веры Міхайлаўны захоўваюцца фотаздымкі ўсей сям’і гаспадара, адзін з якіх падпісаны: “На памяць Ніне, Мішу і Веры ад немкі.” Імя яна не напісала.
Калі закончылася вайна, то да гаспадара ўварваліся нашы салдаты, наставілі на яго аўтаматы. Яны распытвалі ў Ніны і Мішы, як з імі абыходзіліся немцы, як кармілі, як адносіліся да малой. Міша расказаў усё, як было: што елі яны за адным сталом з гаспадарамі-немцамі, што тыя адносіліся да малой і дамагалі глядзець малую Веру. І салдаты не сталі страляць. Гаспадары былі вельмі ўдзячны сваім работнікам за іх праўду. А калі прыйшоў час варочацца дадому, то маці гаспадара плакала і прасіла Мішу і Ніну, каб аставілі ім Веру.
Калі ўжо ехалі дамоў на цягніку, то ў вагоне да іх падышоў ваенны і хацеў забраць Мішу на службу ў армію. Але той зманіў, што яго жонка адстала ад цягніка, а ён застаўся з дзіцем адзін.
І вось яны прыехалі дадому. У Мішы і Ніны была вялікая сям’я. Але іх аддзялілі і далі жыллё ў лазні. Так як час быў цяжкі, Міша ўладкаваўся на работу: ганяў скаціну ў Мінск. Нарадзіліся яшчэ чатыры сястрычкі ў Верачкі, якая дапамагала маці іх глядзець. Закончыўшы школу, вучылася на швачку. Пасля працавала на шклозаводзе, выйшла замуж за вясёлага гарманіста Жэньку, добра яму падпявала. Голас у Веры Міхайлаўны выдатны. Працавала малаказборшчыкам ужо ў Кавалях, дзе і жыве зараз, выйшаўшы на пенсію.
Такі незвычайны лёс напаткаў Веру Міхайлаўну Буркевіч. Нарадзіўшыся ў былой Германскай імперыі, усё жыццё пражыла ў Беларусі, даказвала яшчэ свой час нараджэння са сведкамі ў судзе. І ні разу не была на той зямлі, дзе нарадзілася. А вось бы сустрэцца з дзецьмі гаспадароў. Вось была б сустрэча!
На памяць засталіся толькі фотаздымкі.
Алена МАЧЭЛЬ




