Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Жыхарку Вілейскага раёна, былую малалетнюю вязніцу, павіншавалі са святам

Жыхарцы вёскі Капішча Асіпавіцкага сельсавета Ніне Мікалаеўне Мамай у дзяцінстве выпала зведаць на сабе невыносна цяжкае жыццё і працу на чужыне – дзяўчына была вывезена ў Германію і з’яўляецца адной з былых малалетніх вязняў, аб’яднаных сёння ў грамадскае аб’яднанне ахвяраў нацызму «Памяць вайны». Гэтым людзям ёсць што ўзгадаць, ёсць пра што расказаць нашчадкам аб тым ліхалецці. Праўда, успаміны гэтыя заўсёды вярэдзяць душэўныя раны, абвастраюць боль, які прытупіўся за многія гады, але не знік… Ды расказваць пра перажытае трэба. Каб ведала маладое пакаленне, што пражылі іх продкі, каб ніколі-ніколі не паўтарыліся тыя жахі.

IMG_1768

У канцы мая да Ніны Мікалаеўны прыехалі госці. Нагода для сустрэчы была важная – жанчыне споўнілася восемдзесят пяць гадоў. Жыве яна пры сыне з нявесткай, адчувае пастаянны клопат пра сябе. Ды і як жа інакш, разважаюць дзеці, матуля заслужыла ўвагі і павагі.

– Нас у сям’і сустрэлі цёпла, па-дамашняму, – падзяліўся старшыня праўлення грамадскай арганізацыі ахвяраў нацызму «Памяць вайны» Якаў Дрэер. – Ніна Мікалаеўна многа расказвала пра перажытае, была, канешне ж, рада нам. Мы ж уручылі ёй падарункі, віншавальную паштоўку, кветкі ад нашай арганізацыі і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які на сустрэчы прадстаўляла яго супрацоўніца Марына Макарава.

– Разам з арганізацыяй «Памяць вайны» наш цэнтр рэалізуе цяпер праект «Зорка надзеі», – расказала Марына Паўлаўна. – Назва гэта сімвалічная, жыццесцвярджальная: нягледзячы на ўзрост і перажытае, людзі, што зведалі вайну, жывуць з надзеяй і ўпэўненасцю толькі на добрае, светлае. І жадаюць толькі аднаго: каб іх унукі і праўнукі не ведалі таго, што зведалі ў дзяцінстве яны.

Праект «Зорка надзеі», адзначылі мае суразмоўцы, накіраваны на пераемнасць, на клапатлівыя адносіны да нямоглых людзей. Прыемна бачыць сем’і, дзе старэнькіх бацькоў даглядаюць і шкадуюць, як гэта робяць дзеці Ніны Мікалаеўны. Урэшце, так яно і павінна быць, аднак у жыцці здараецца рознае.

– У рамках праекта і развіццё валанцёрскага руху, і арганізацыя вольнага часу пажылых, і гуртковая работа, – падзялілася Марына Макарава. – Стараемся ахапіць як мага болей людзей, асабліва тых, хто жыве ў аддаленых вёсачках, выслухаць пра іх праблемы, запатрабаванні і абавязкова дапамагчы. Любое пытанне хутчэй вырашаецца, калі брацца за яго разам.

Надзіва цёплай атрымалася сустрэча ў Ніны Мікалаеўны Мамай. Гутарылі ў доме, затым выйшлі на падворак, дагледжаны дбайнымі гаспадарамі. Свяціла яркае сонейка, якое, здаецца, таксама далучалася да віншаванняў. Развітваючыся, пажадалі Ніне Мікалаеўне яшчэ многіх-многіх гадоў, цеплыні ад людзей – яна заслужыла гэтага сваім жыццём. А затым быў фотаздымак на доўгую памяць. Вось яны – юбілярша і яе блізкія.

Ірына БУДЗЬКО.
Фота Марыны МАКАРАВАЙ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 132 queries