Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Жамчужына Вілейскага краю. 45 гадоў таму была перакрыта рака Вілія. Утварылася Вілейскае вадасховішча

8 верасня 1973 года, 45 гадоў таму была перакрыта рака Вілія.
Утварылася Вілейскае вадасховішча, самы буйны штучны вадаём на Беларусі

Не думалі і не гадалі жыхары вёсак Слабада, Рыбчына, Малмыгі, Пахомава і іншых населеных пунктаў Вілейшчыны, што іх здаўна абжытыя сядзібы апынуцца пад вадой, а ім давядзецца перасяліцца на новыя месцы і жыць “ля самага сіняга мора”. Так ужо атрымалася, што пасля доўгіх пошукаў, разлікаў, абгрунтаванняў перавага была аддадзена гэтым нізінным прывілейскім мясцінам. І там, дзе спакон вякоў стаялі гамонкія вёскі, шумелі шыракалістыя дубровы і бярозавыя гаі, дзе на паплавах пасвіліся сялянскія і калгасныя статкі, цяпер плешчуцца хвалі Вілейскага мора.
Ніколі раней чалавек не ўмешваўся ў жыццё Віліі. Рака стагоддзямі не мяняла свайго шляху, несучы свае празрыстыя воды да бацькі Нёмана. І вось, па волі чалавека, Віліі давядзецца падзяліцца сваімі водамі з далёкай суседкай Свіслаччу, якая цячэ праз Мінск, каб яна таксама была такая ж чыстая і паўнаводная.
Задумка перакінуць рачны сцёк да Мінска і зрабіць раку Свіслач паўнаводнай спела даўно. Разглядаліся розныя варыянты: з вярхоўяў Нёмана, Пцічы, Беразіны, Гайны, Віліі і іншых рэк. Для больш дэталёвага параўнання спыніліся на трох асноўных варыянтах сістэмы водазабеспячэння: дзве трасы ішлі ад бярэзінскага басейна і адна – ад Віліі. Выбар паў на варыянт перакідвання сцёку з Віліі.У 1967 годзе Савет Міністраў СССР зацвердзіў праект будаўніцтва Вілейска-Мінскай воднай сістэмы.
З красавіка 1968 года пачалося будаўніцтва сістэмы. Перш за ўсё быў расшыраны лясны прасёлак на левым беразе Віліі, арганізавана будаўнічая пляцоўка. У маі сюды была накіравана магутная тэхніка, а 25 мая былі пакладзены першыя кубаметры грунту. Неабходна было высечы лясы, якія займалі больш за палову плошчы будучага вадасховішча, перанесці ці пабудаваць нанава каля 500 жылых дамоў, многія саўгасныя і калгасныя пабудовы, выбраць і вывезці сотні тысяч кубаметраў грунту. Работы па пракладванні канала вяліся адначасова з двух бакоў насустрач адзін аднаму.
У сакавіку 1969 года на базе будаўнічага ўчастка было створана першае будаўнічае ўпраўленне, а ў пачатку 1971 года – самастойнае ўпраўленне механізацыі №5. На долю калектываў гэтых двух падраздзяленняў трэста “Віліямінскводбуд” і прыпадае ўвесь той вялізны аб’ём работ, якія быў выкананы ў зоне галаўнога гідравузла.
Галаўны гідравузел – гэта цэлы комплекс гідратэхнічных збудаванняў: паводкавы вадаскід, які рэгулюе ўзровень вады ў вадасховішчы; плаціна і тры агараджальныя дамбы, “апранутыя” ў жалезабетон; дзве дрэнажныя помпавыя станцыі, якія ахоўваюць урадлівыя тарфянікі ад размывання; нагорныя каналы; падыходны ўчастак магістральнага канала і, нарэшце, само вадасховішча.
На былой пустэчы была створана магутная вытворчая база будоўлі з чыгункай, бетонным заводам, майстэрнямі, пляцоўкамі, памяшканнямі пад склады, лесапільным цэхам і іншымі аб’ектамі. А на паўночнай ускраіне Вілейкі вырас жылы мікрараён імя Касманаўтаў, дзе і зараз жывуць сем’і рабочых, якім давялося ўнесці частку свайго жыцця і працы ў магутную будоўлю XX стагоддзя.
Нараджэнне Вілейскага вадасховішча прымяркоўваюць да часу перакрыцця Віліі. Гэта падзея адбылася ва ўрачыстай абстаноўцы 8 верасня 1973 года.
Гэтага дня з нецярплівасцю чакалі ўсе… І вось, нарэшце, гэты знамянальны дзень настаў! Ён выдаўся на дзіва сонечны, ціхі і цёплы. З самай раніцы да месца гіганцкага вадаскіду, упрыгожанага сцягамі і лозунгамі, сталі прыбываць аўтобусы і легкавыя машыны з людзьмі. Па прасёлачных дарогах ішлі па-святочнаму апранутыя жыхары навакольных вёсак. Прыехалі госці з Мінска, Маладзечна, Мядзела і іншых гарадоў і суседніх раёнаў, каб стаць відавочцамі гістарычнай падзеі – перакрыцця старадаўняга рэчышча Віліі.
На галаўны гідравузел прыбылі кандыдат у члены Палітбюро ЦК КПСС, першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі Пётр Міронавіч Машэраў, старшыня Савета Міністраў БССР Ціхан Якаўлевіч Кісялёў, сакратар ЦК КПБ Уладзімір Фёдаравіч Міцкевіч, першы сакратар Мінскага абкама партыі Іван Яўцеевіч Палякоў.
На дне вялізнай жалезабетоннай чашы водапрыёмнага басейна перад імправізаванай трыбунай сабраліся некалькі тысяч людзей, якія трымалі ў руках партрэты кіраўнікоў Камуністычнай партыі і Савецкай дзяржавы, транспаранты і букеты кветак.
Урачысты мітынг адкрыў першы сакратар Вілейскага райкама партыі Віталь Аляксандравіч Рудакоўскі. Прагучалі дзяржаўныя гімны СССР і БССР. Ад імя Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі і ўрада рэспублікі міністр меліярацыі і воднай гаспадаркі БССР У. І. Паўлючук горача павіншаваў будаўнікоў галоўнага гідравузла з працоўнымі поспехамі, указаў на вялікае народнагаспадарчае значэнне Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Ад імя калектыву першага будаўнічага ўпраўлення “Віліямінскводбуд”, які ўзводзіў галаўны гідравузел, на мітынгу выступіў кіраўнік брыгады цесляроў камуніст Я.П. Сільвановіч, ад імя пятага ўпраўлення механізацыі – лепшы бульдазерыст камуніст І.І. Жыхараў, ад імя генеральнага заказчыка – Мінскага гарвыканкама – намеснік старшыні І.Р. Шкрэбнеў.
Піянеры і камсамольцы Вілейшчыны ўручылі будаўнікам кветкі.
І вось самы хвалюючы момант. З каманднага пункта падаецца сігнал аб пачатку перакрыцця ракі. Усе бягуць да берага, да таго месца, дзе з абодвух бакоў узвышаюцца горы загадзя падрыхтаванага грунту, дзе на старце выстраіліся магутныя бульдозеры, упрыгожаныя лозунгамі і сцягамі. Нібы гром, загрукаталі маторы, здрыганулася зямля і ў ваду пасыпаліся тоны пяску, суглінку, камення.
Штурм Віліі пачаўся адначасова з двух берагоў ракі. За штурваламі стальных волатаў – перадавыя механізатары-бульдазерысты: І.І. Жыхараў, В.І. Венцлаўскас, М.С. Сташэўскі, А.І. Бабарыка, П.Ф. Глінскі і іншыя. Усяго пятнаццаць хвілін спатрэбілася для таго, каб цалкам закрыць праран. І Вілія, шукаючы выйсця, хлынула да падножжа вадаскіду. Ды так хутка, што многія былі адрэзаны вадой на невялікім астраўку. Давялося перапраўляцца па пантонных трубах.
Не прайшло і паўгадзіны, як вада ў абход пайшла праз донныя галерэі і трапіла на другі бок вадаскіду ў спецыяльна пракапаны канал – даўжынёй семсот метраў, які быў злучаны са старажытным рэчышчам Віліі. Але донныя галерэі маглі прапусціць толькі палову вады і, на вачах прысутных, рака пачала павольна выходзіць з берагоў, напаўняючы падрыхтаваную для затаплення пойму.
Ужо на другі дзень вада затапіла найбольш нізінныя месцы будучага вадасховішча. А праз некаторы час Вілейскае мора разальецца ўдоўжкі амаль на 30 кіламетраў, найбольшая шырыня – 3 км, даўжыня берагавой лініі – 137 км, найбольшая глыбіня – 13 метраў. Плошча Вілейскага вадасховішча – 64,6 кв. км, і сярод усіх вадаёмаў Беларусі, як прыродных, так і штучных, яно займае другое месца пасля возера Нарач.
Дзень 8 верасня 1973 года ўвайшоў у гісторыю як дзень нараджэння самага буйнога ў Беларусі штучнага вадасховішча, якое па прыкладу Мінскага з поўным правам можна называць Вілейскім морам.
Вольга КОЛАСАВА,
старшы навуковы супрацоўнік
ДУ” Вілейскі краязнаўчы музей”.
Фота з фондаў Вілейскага
краязнаўчага музея

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 144 queries