Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Загадчыца Карпавіцкай бібліятэкі Таццяна Курылава

У бібліятэкараў высакародная місія. У тых, хто жыве і працуе ў аддаленых населеных пунктах, важная ўдвайне – ім наканавана рабіць жыццё людзей, часам пакутуючых ад адзіноты, святлейшым, напаўняць яго цікавым і нязведаным. Вось і загадчыца Карпавіцкай бібліятэкі Таццяна Курылава адна з тых, хто на працягу многіх гадоў нясе вяскоўцам святло.

– У нашым населеным пункце пражывае прыкладна дзве сотні чалавек, гэта калі лічыць і пастаянных жыхароў, і дачнікаў, – расказвае Таццяна Уладзіміраўна. – Чытаюць людзі актыўна, асабліва тыя, хто выйшаў на пенсію і мае болей вольнага часу. Дэтэктывы, жаночыя раманы, гістарычныя творы – маіх чытачоў цікавіць самая розная літаратура. Знаходзім для кожнага тое, што па душы.
Таццяна Курылава – адна з лепшых бібліятэкараў раёна. І такая творчая натура!
– Карціны такія прыгожыя робіць то з лісцейка засушанага, то з галінак, – расказвае пра бібліятэкара загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦБС Ганна Герко. – У мінулым годзе яе работы былі адзначаны дыпломам на рэспубліканскім конкурсе. А гэта азначае, што яны дастойныя. Таццяна Уладзіміраўна прыйшла да нас працаваць з сельскагаспадарчай прафесіяй. Усё, памятаю, перажывала, каб хаця спраўляцца з работай. Атрымала затым вышэйшую адукацыю, і ўжо даўно сама можа вучыць іншых, як трэба працаваць з людзьмі.
Я пачала свой аповед пра Курылаву-прафесіянала, хоць задумвала матэрыял пра іншае – пра яе актыўную грамадскую работу, неабыякавасць, жаданне бачыць сваю вёску прыгожай, дагледжанай, а яе людзей – шчаслівымі. А пасля падумала, што ў жыцці маёй гераіні прафесійнае і грамадскае так пераплялося, што, бадай, і не разабрацца, што з чаго вынікае. А пачалося ўсё, мне думаецца, з дзяцінства, ад працавітых бацькоў, ад мамы, якая таксама любіла людзей, першай адгукалася на людскія просьбы аб дапамозе. Жанчына-агонь – так звычайна называюць такіх, хто ўсюды паспявае, усё ўмее, кожнаму дапаможа… Вось і ў той трагічны дзень 1999-га бацькі Таццяны Уладзіміраўны ехалі на працу. Аўтамабільная аварыя… І жыццё поўнай сіл і планаў 62-гадовай жанчыны абарвалася. Яшчэ і сёння, праз столькі гадоў пасля трагедыі, Таццяна Уладзіміраўна не можа спакойна прыгадваць мінулае.
– А першыя чатыры гады не ведаю, як перажыла, – дзеліцца яна. – Невыносна цяжка. І толькі праца стала для мяне лякарствам, дапамагла неяк суцішыць той боль…
Гэта была другая вялікая бяда, якая выпала на лёс Таццяны Уладзіміраўны. А першай стала чарнобыльская навала, якая сарвала з ужо абжытага месца маладую сям’ю Курылавых, перанесла на Вілейшчыну, дзе ў вёсцы Вязынь і нарадзілася Таццяна.
– Мы з мужам пасля заканчэння тэхнікума працавалі ў зоне, якая пасля аварыі на атамнай электрастанцыі падпала пад адсяленне. Жылі ў вёсцы, мелі гаспадарку, сынок старэйшы там нарадзіўся. А пасля – Чарнобыль… Яшчэ тры гады пражылі там, а ўжо з 1989 года тут, у Карпавічах.
Маладую сям’ю на Вілейшчыне прынялі добра, прадаставілі работу па спецыяльнасці, ацанілі працавітасць прыезджых. А перасяленцы і сапраўды не цураліся ніякай працы: і кароў ды іншую жыўнасць трымалі на падворку, і агароды ды «соткі» мелі, як і іншыя людзі. А галоўнае, адзначылі вяскоўцы, што нераўнадушныя Курылавы, неабыякавыя, ім усё хочацца, каб не толькі іх падворак быў дагледжаны і ўпрыгожаны кветкамі, але і іншыя.
Калі дванаццаць гадоў таму вяскоўцы даверылі Таццяне стаць старастам населенага пункта, яна крыху сумелася. Думалася жанчыне, што з гэтымі абавязкамі справіцца толькі той, хто нарадзіўся ў гэтай вёсцы, ведае кожнага чалавека. А тут – такі давер ёй, прыезджай. Але ж давер’е апраўдваць трэба – і яна згадзілася.
– Напачатку пабывала ці не ў кожнай хаце, – расказвае жанчына. – То з перапісам, то з пагаспадарчай кнігай, а то з віншаваннямі юбіляраў. Цяпер ужо добра ведаю, нібыта і нарадзілася тут. У Карпавічах надзвычайна добрыя і працавітыя людзі, з якімі лёгка і проста. Душа радуецца, калі бачыш, як шчыруюць на сваіх сялібах: то нешта ўзводзяць, то фарбуюць, то рамантуюць. А жанчынкі так любяць кветкі! Улетку вёска проста патанае ва ўсіх колерах вясёлкі. Прыгожыя кветнікі, сучасныя газоны ў Святланы Баран, Алены Бекіш, Жанны Шарамет, Ларысы Андрушкевіч, Марыі Косак, Наталлі Глускай, Алены Якубовіч, Леакадзіі Серко. Не адстаюць ад іх, маладзейшых, і нашы пенсіянеркі-руплівіцы. А гэта былы дырэктар школы Ніна Кірылаўна Юшко, Валянціна Андрэеўна Пінчук, Зінаіда Пракопаўна Кажура, Галіна Іосіфаўна Курац, Тамара Вікенцьеўна Сімончык і многія іншыя. Добрыя ў нас людзі, вельмі добрыя і адказныя.
Слухала Таццяну Уладзіміраўну і яшчэ раз упэўнівалася, што добраму чалавеку ўсюды добра. Для такіх, як яна сама, жыць – не значыць плыць па цячэнні, кіруючыся прынцыпам «будзь што будзе», а штодзённая стваральная праца. На сваім рабочым месцы, на ўласным падворку, у сваёй роднай вёсцы.
Нераўнадушны стараста, здаецца, бачыць усё: і непафарбаваны плот, і непатрэбныя каменні на дарозе, і непрыбранае смецце, і неабкошаны падворак. Калі трэба, без лішніх слоў бярэцца за справу сама, прызнаецца, што ніколі не палохалася працы (былі гады, што ў мясцовай гаспадарцы яна, бібліятэкар, працавала па 120 дзён!) І гэта ніколі не было перашкодай у асноўнай працы, у Таццяны Уладзіміраўны хапала часу і падрыхтаваць свята, і наведацца з віншаваннямі да юбіляра, і выехаць у іншую вёску разам з мясцовай уладай ды сацыяльнымі работнікамі на сустрэчу з насельніцтвам у дом сацыяльных паслуг… Калі ёсць аднадумцы, калі адчуваеш падтрымку улады, то зрабіць можна многае.
– Шкада, што не ўсё, – прызнаецца Таццяна Уладзіміраўна. – Ёсць нямала праблем, якія хвалююць людзей. На мой погляд, роля старасты якраз у тым і заключаецца, каб данесці да мясцовай улады пытанні, што хвалююць людзей, і адстойваць людскія інтарэсы. Вось, дапусцім, пакуль што ў нас шмат нараканняў на якасць мабільнай сувязі – трэба іншы раз на лесвіцу залезці, каб «злавіць» сігнал. Ёсць праблемы з каналізацыяй – і гэта пытанне даўно хвалюе людзей. Не лепшай якасці і дарогі. Вось, напрыклад, вуліца Лугавая такая прыгожая, падворкі дагледжаныя, а дарога вельмі разбітая. Душа баліць, калі ўсё гэта бачыш… А хочацца ж, каб і нам, і нашым дзецям, і ўнукам, што прыязджаюць з гарадоў, у роднай вёсцы было добра.
Такія яны, штодзённыя клопаты старасты. Не заўсёды бачныя раўнадушнаму, аднак абавязкова адзначаныя і ацэненыя неабыякавым.
– Вось так і жывём, – падвяла вынік нашай гутаркі Таццяна Уладзіміраўна. – Не-не ды і задаю сабе іншы раз пытанне: а што добрае я зрабіла ў апошні час? Адказваючы на яго, нібыта справаздачу трымаю сама перад сабой і людзьмі. Вось і сёлета, акрамя ўсяго іншага, зроблена добрая справа – з двух бакоў нашай вёскі ўстаноўлены і асвечаны крыжы. Агульнымі нашымі намаганнямі. А гэта – нібыта абярэг ад усяго дрэннага. Прайшла па вёсцы, пагутарыла з людзьмі, сабралі грошы, устанавілі, пафарбавалі. Каб і прыязджалі да нас, і ад’язджалі з Карпавіч з дабрынёй.
Нашы мудрыя продкі даўно заўважылі, што не месца ўпрыгожвае чалавека, а наадварот. Хіба паспрачаешся з гэтым?
Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадастаўлена раённай бібліятэкай

Нашы мудрыя продкі даўно заўважылі, што не месца ўпрыгожвае чалавека, а наадварот. Хіба паспрачаешся з гэтым?

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries