Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

За парадак і справядлівасць

Чым цікавая журналісцкая праца, дык гэта тым, што літаральна кожны дзень пазнаеш нешта новае, знаёмішся з людзьмі. Вось і сустрэча са старастам вёскі Баранцы Асіпавіцкага сельсавета Наталляй Мароз запомніцца. Прызнацца, раней я гэтую жанчыну асабіста не ведала, яе ў ліку лепшых вясковых старастаў адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч. Значыць, падумалася, чалавек на сваім месцы.
Няпросты лёс ў Наталлі Мікалаеўны, і гэта, напэўна, адбілася на характары жанчыны, зрабіўшы яе моцнай, прынцыповай, нават недзе суровай.

– Жыццё ўсяму навучыла, – пачала расказваць жанчына. – Нарадзілася ў мнагадзетнай сялянскай сям’і ў Баранцах. Мне было сем год, калі пры родах памерла мама. Нас, дзяцей, засталося васьмёра, і самай маленькай – усяго каля сутак. Гэта была чорная паласа ў маім жыцці.
У дом да ўдаўца праз пэўны час прыйшла новая жонка, ад якой дзеці не адчувалі асаблівай ласкі. Малых адправілі па інтэрнатах, самую малодшую – у дом малюткі. Так і жылі. Пазней жыццё ўсё ж прывяло Наталлю ў бацькоўскі дом, дзе нарадзіліся і гадаваліся яе дзеці – сын і дачка. Няпростым была і жаночая доля Наталлі, з першым мужам, бацькам дзяцей, не склалася. Праўда, праз некаторы час у яе жыцці з’явіўся Георгій Мароз, які стаў яе спадарожнікам і замяніў дзецям бацьку. Тры гады назад мужа не стала, і гэта боль для ўсёй сям’і.
– Я дваццаць гадоў адпрацавала ў воінскай часці, – расказвае пра сябе Наталля Мікалаеўна. – Цяпер там жа працуе сын, а дачка – правадніком у сталіцы. Я хоць і выйшла не так даўно на пенсію, але не сяджу без справы: маю немалую гаспадарку, а яшчэ і падпрацоўваю. У ягадна-грыбны сезон мы з дачкой, як кажуць, не вылазілі з лесу. Добрая, скажу вам, справа: і грошай зарабілі мільёнаў з дзесяць і лішнюю вагу скінула… Як бы там ні было, а ўлетку на вёсцы можна зарабіць, толькі не лянуйся.
Некалькі гадоў таму вяскоўцы даверылі Наталлі Мікалаеўне быць старастам. І яна актыўна ўзялася за справу. Цяпер, расказала, практычна ўсе жыхары заключылі дагаворы на вываз смецця. Калі хто і сумняваўся, стараста змагла ўсё папулярна растлумачыць.
– Калі дзе непарадкі, спуску не даю, – кажа жанчына. – Не жадаюць выпраўляць – пакідаю прадпісанні. А як жа іначай? У вёсцы нашай у асноўным дачнікі жывуць, не заўсёды ў іх баліць душа за агульнае. Неяк арганізавала добраўпарадкаванне могільніка, дык зусім нямногія адгукнуліся: нехта нямоглы, а іншы і не захацеў. Нічога, мы і малой сілай зрабілі добрую справу. Агульную, важную для ўсіх.
Люблю парадак і справядлівасць. Так ахарактарызавала сябе Наталля Мароз. І дадала: а такіх далёка не ўсе разумеюць і любяць. Ды гэта, падумалася, толькі спачатку – тое, што робіцца ад душы і на карысць усім, людзі абавязкова ацэняць.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 25 queries