Першы летні дзень звычайна праходзіць для хлопчыкаў і дзяўчынак шумна і весела: ладзяцца разнастайныя праграмы і конкурсы, святочныя канцэрты і захапляльныя гульні.
Cёлета па вядомай прычыне 1 чэрвеня, у Дзень абароны дзяцей, не было масавых мерапрыемстваў, але гэта не значыць, што нашы дзеці засталіся без падарункаў і прыемных уражанняў.
Думаецца, толькі светлым і добрым запомніцца першы дзень чэрвеня хлопчыкам і дзяўчынкам, якія ў гэты час знаходзіліся на лячэнні ў педыятрычным аддзяленні бальніцы. Да іх з віншаваннямі і падарункамі прыйшлі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вілейскага райвыканкама Жанна Старадуб і старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Святлана Лях. Было многа цёплых слоў падтрымкі і пажаданняў усяго найлепшага. Нядоўгай, але надзвычай цёплай была гэта сустрэча, якая паказала, што добрыя традыцыі, якія ёсць у раёне, не перарываюцца і не перарвуцца.
У гэты дзень Святлана Лях і Жанна Старадуб таксама перадалі навучэнцам Вілейскай школы-інтэрната і двух каледжаў – Вілейскага дзяржаўнага і Ільянскага аграрнага – гель для апрацоўкі рук. Сёння, калі ўсе мы павінны ведаць і захоўваць меры прафілактыкі інфекцыйнага захворвання, гэты невялічкі падарунак, думаецца, вельмі спатрэбіцца кожнаму навучэнцу.
Ірына БУДЗЬКО/Фота прадстаўлена раённай арганізацыяй Чырвонага Крыжа