На днях адзначыць сваё 91-годдзе жыхарка Іжаншчыны, дачка свайго краю, якому прысвяціла ўсё сваё жыццё, – Ніна Іванаўна Лосева.
Іжаншчына… Адзін з прыгажэйшых куточкаў Вілейшчыны, адметнай рысай якога з’яўляюцца незвычайнае прыроднае хараство, мноства буслянак (аблюбавалі гордыя птушкі гэтыя мясціны!) і добрыя людзі, пра якіх можна расказваць і расказваць. На старонках нашай газеты мы не раз пісалі пра іжанцаў, іх клопаты і радасці, адносіны да працы і значэнне яе, працы, для нашага грамадства. Сёння хочацца расказаць пра яшчэ адну жыхарку Іжаншчыны – былую настаўніцу Ніну Іванаўну Лосеву, якая хутка адзначыць сваё 91годдзе. Дзень нараджэння настаўніцы практычна супадае з пачаткам навучальнага года, і гэта, як мне здаецца, знамянальна. Напярэдадні дня нараджэння Ніны Іванаўны я пагутарыла з яе былымі калегамі і вучаніцай. І перада мной раскрыўся яшчэ адзін лёс сапраўднай Настаўніцы, дачкі свайго краю, бацькаўшчыны, якой Ніна Іванаўна прысвяціла ўсё сваё жыццё.
Ішоў 1928 год. У сям’і жыхароў Іжы Івана Сямёнавіча і Ганны Іосіфаўны Шорцаў нарадзілася дачушка Ніна. Як і ўсе вясковыя дзеці, дзяўчынка рана спазнала нялёгкую сялянскую працу, дапамагала бацькам. У вольны ж час дзеці гулялі на вуліцы. Ніне было крышку болей за чатыры гады, калі яна пазнаёмілася з крыху старэйшай за яе дзяўчынкай Ганнай, якая прыходзіла ў Іжу да радні. Толькі пазней, ужо дарослай, Ніна даведалася, што гэта была знакамітая на Вілейшчыне і не толькі паэтка Ганна Новік. Ужо тады, у дзяцінстве, было ў ёй штосьці такое, што прыцягвала да сябе і цікавіла. Можа, і гэта знаёмства паўплывала на фарміраванне характару Ніны…
Паколькі Іжа была ў той час пад Польшчай, вучыліся дзеці ў польскай школе. Вось і Ніна ў сямігадовым узросце села за парту. Яе, як і іншых дзяцей, вучылі тады два чалавекі, да якіх вучні звярталіся проста: «пан кіроўнік» і «пан учыцель». Дзяўчынка закончыла трэці клас, калі прыйшлі саветы. Вучоба прадоўжылася, але па-іншаму – на рускай і беларускай мовах. Ніна закончыла чацвёрты клас, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая перарвала вучобу. Самым страшным для іжанцаў стаў 1944-ты, калі азвярэлыя фашысты, адступаючы пад націскам нашай арміі, хапалі ўсё, што маглі, а чаго не паспявалі, тое палілі. І занялася полымем вялікая вёска Іжа, а неўзабаве на месцы многіх дамоў засталіся пяпялішчы. А бацькоўская хата Ніны, якая стаяла крыху воддаль, нейкім цудам уцалела…
У верасні 1944-га Ніна зноў пайшла ў школу. Цяпер ужо заняткі праходзілі ў хатах жыхароў суседняй вёскі Каралеўцы, бо будынак школы згарэў. Сямігодку дзяўчына закончыла ў 1946 годзе і паступіла ў Лідскае педвучылішча, пасля заканчэння якога атрымала размеркаванне ў Васілішкаўскі раён на Гродзеншчыну. Тут ў вёсцы Якубовічы Ніна стала працаваць настаўніцай пачатковых класаў. Маладая настаўніца ўсім сэрцам любіла дзяцей, і яны адказвалі ёй тым жа. У Якубовічах дзяўчына сустрэла і сваё каханне – Івана Лосева. Неўзабаве маладыя пажаніліся. Там жа, на Гродзеншчыне, у сям’і Лосевых нарадзілася першая дачушка.
Ладзіліся справы ў школе, усё добра было і ў сям’і, але Ніну Іванаўну нібыта магнітам цягнула ў Іжу, на сваю маленькую радзіму, у дом, дзе жылі яшчэ яе бабуля з дзядулем і які ўцалеў у ваеннае ліхалецце. Там жыла і мама, і дачцэ яшчэ больш хацелася дамоў. Яе мара ажыццявілася. Прыехаўшы на радзіму, настаўніца ідзе працаваць у мясцовую школу, якая ў гэты час стала дзесяцігодкай. Да гэтага часу ўжо быў узведзены драўляны будынак школы, дзе вучыліся першыя выпускнікі Ніны Іванаўны, якія выйшлі ў самастойнае жыццё ў 1954 годзе. З таго часу і да сёння настаўніца Лосева нікуды не выязджала з роднай вёсачкі і не здраджвала сваёй прафесіі. «Настаўніца пачатковых класаў» – так запісана ў яе дыпломе, які яна атрымала ў свой час пасля заканчэння Мінскага педінстытута, дзе вучылася завочна. Да выхаду на заслужаны адпачынак працавала яна ў роднай школе і ўвесь гэты час жыла і жыве ў бацькоўскім доме, у якім 91 год назад нарадзілася. І сёння ў сваім паважаным узросце Ніна Іванаўна жыве клопатамі аб сваім родным краі – Іжаншчыне, неабыякава ўспрымаючы ўсе навіны і падзеі. Такі вось цікавы чалавек няпростага, выпрабаванага многімі складанасцямі лёсу.
Такі вось атрымаўся аповед пра цікавага чалавека і сапраўдную настаўніцу, жыццё і адданасць працы якой могуць быць прыкладам для тых маладых, хто толькі пачынае «сеяць разумнае, добрае, вечнае».
Падрыхтавала Ірына БУДЗЬКО