Сама ідэя конкурсу “Чалавек года” мне не вельмі падабаецца. Але паколькі такі конкурс ужо існуе і нават стаў традыцыйным, я прапаную кандыдатуру, якая адпавядае не толькі намінацыі “Чалавек года”, але і “Ганаровы грамадзянін горада”.
Ён ніколі не займаў высокіх пасад, не шукаў “цёплага” месца, не вылучаў сябе і не падкрэсліваў сваёй значнасці. Баюся, што і за маю прапанову пакрыўдзіцца, але вельмі хочацца, каб ведалі пра яго людзі. Гэты чалавек – Мікалай Міхайлавіч Дударчык.
З першага дня свайго знаёмства з ім (больш дваццаці год) не перастаю здзіўляцца яго працавітасці і працаздольнасці, умельству і гаспадарлівасці, жыццёвай мудрасці і выключнаму пачуццю гумару. Усё жыццё ён самааддана працаваў і, як спецыяліст, карыстаўся высокім аўтарытэтам. І сёння (у свае гады!) ён працягвае працаваць і прыносіць карысць грамадству. У гэтага чалавека ніколі ў жыцці не было вольнага часу. Ён быў першым сярод таленавітых салістаў знакамітага хору “Світанак”, а зараз незаменны ў хоры ветэранаў. У гады адраджэння веры Мікалай Міхайлавіч – у першых радах актывістаў і дагэтуль спявае ў царкоўным хоры.
Сам пабудаваў дом, пасадзіў сад, выхаваў цудоўных дзяцей, дапамагае расціць унукаў. Усё, за што бярэцца Дударчык, робіцца грунтоўна, з адказнасцю і высокім прафесіяналізмам. У яго можна атрымаць кансультацыю, як у нашых умовах вырасціць вінаград і правільна даглядаць пчол, як прыгатаваць віно і нават шампанскае. Ён можа зрабіць прыгожую мэблю і, знявечанымі на станках пальцамі, па-заліхвацку сыграць на балалайцы. Нядаўна, падчас правядзення семінару ў нашай гімназіі, былы настаўнік здзівіў прысутных не толькі як спявак і музыка, але і высокім майстэрствам выканання беларускіх народных танцаў. Столькі талентаў – і ні адзін не застаўся занядбаным, усё гарманічна развіта і запатрабавана! Старасць яго дома не застане!..
Вось такі чалавек Мікалай Міхайлавіч Дударчык. Як і многія землякі, жыве проста і сціпла, адкрыты перад Богам і людзьмі, з любоўю да бацькаўшчыны, да роднай мовы, да нашай культуры. Пра такіх не крычаць газеты, але без іх не было б строю і суладдзя ў жыцці. Гэта сапраўдныя дыяменты, у нечым самадастатковыя, можа таму і не патрабуюць для сябе належнай аправы. Зіхацяць, як расінкі на траве, а мы ў жыццёвай мітусні прабягаем і не заўважаем іх неназойлівага, але такога натуральнага і дзейснага прыкладу працалюбства, інтэлігентнасці, жыццёвага аптымізму, высокай духоўнасці, веры і сумлення.
Мікалай ІВАНЕНКА, намеснік дырэктара гімназіі № 2


