Фотаздымкі на экране змяняюцца адзін за другім, пераносячы прысутных у далёкія-далёкія часы. Невялічкая вёсачка Вязынка, што паміж Мінскам і Маладзечнам. Звычайная сялянская хата, свіран, сад, а крыху далей – сажалка. Тут у сям’і збяднелага шляхціца нарадзіўся Янка Купала. Наступныя здымкі відэарада знаёмяць з іншымі значымымі вехамі ў жыцці беларускага песняра: сустрэча з Уладзіславай Станкевіч, якая пазней стала яго жонкай, выхад у свет першага верша, зборнікі Купалы, знаёмства з Горкім, Вільня і «Наша ніва», смерць у гасцініцы «Масква» пры нявызначаных абставінах… І на працягу ўсяго жыцця – творы, яго дзеці, якія і сёння вабяць, кранаюць, хвалююць, вучаць…
У зале школы мастацтваў прайшло гэта запамінальнае мерапрыемства – прэзентацыя да юбілею Купалы, падрыхтаваная аддзелам бібліятэчнага маркетынга раённай бібліятэкі. Вядучыя праграмы Ганна Герко і Таццяна Камінская разам з прысутнымі перагарнулі найбольш яркія старонкі жыцця паэта, яшчэ раз прачыталі яго творы. І тыя, якія добра знаёмыя ўсім яшчэ са школы, і іншыя, якія ведаюць хіба што прыхільнікі творчасці вялікага паэта. Думаецца, у зале ў гэты дзень былі менавіта такія людзі.
Бальзамам для душы стаў урывачак з купалаўскай камедыі «Паўлінка», у якім удала выступілі загадчыцы Іжскай і Ерхаўскай сельскіх бібліятэк Таццяна Смаленская і Жанна Андрыеўская (на здымку). Іх прыпеўкі і гэрц-полька выклікалі вясёлы смех і бурныя апладысменты.
А затым слова ўзялі паэты. Добра вядомыя на Вілейшчыне і не толькі Мікола Кутас і Уладзімір Цанунін, малады, толькі пачынаючы Андрэй Баўтрукевіч. Прызнаюся шчыра: слухала выступаючых затаіўшы дыханне, бо творчасць гэтых людзей лічу адметнасцю, з’явай у паэтычным жыцці не толькі нашага раёна. Упэўнена, што і пясняр высока ацаніў бы іх.
«Малюся я небу, зямлі і прастору, магутнаму Богу – ўсясвету малюся, ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору за родны народ Беларусі» – гэтымі цудоўнымі радкамі купалаўскай «Малітвы», пакладзенымі на музыку і цудоўна выкананымі вілейскай спявачкай Наталляй Блізнюк, мерапрыемства закончылася. Засталіся пасля яго светлыя ўражанні і адчуванне таго, што Купала нас бачыў і чуў.
Ірына БУДЗЬКО. Фота аўтара
Ён мовы беларускае алмаз граніў замілавана і рупліва…
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов




